Гародня

Святлом сваіх вокнаў ня грэюць
Дамоў непрыгожыя скрынкі.
Заснула пад снегам Гародня.
Хай сніцца ёй травеньскі дождж. Стаяць, як капліцы старыя,
Маркотныя будкі прыпынкаў.
Тралейбус пусты і халодны
Ляціць у безлюдную ноч.
У цемры сляпой і марознай
Пішчаць правады, нібы ведзьмы,
Ляжаць у маўчанні пакорным
Дарог ледзяныя крыжы.
Такімі хвілінамі можна
Любіць і ў той час ненавідзець,
Нібыта жанчыну, свой горад - 
Знаёмы і разам чужы.