КАТЭРКА ЛЯ ТАКАРОЎ
- Подробности
-
Опубликовано 25.06.2013 18:31
-
Автор: ЛЕГЕНДЫ, ПАДАННІ, АПОВЕСЦІ ВАКОЛІЦ БЕЛАВЕЖСКАЙ ПУШЧЫ, пад. рэд. Н. Герасімюк, Гайнаўка 2006
Àб паходжанні царквы ў Такарах-Катэрцы расказвае легенда. У кожнай
легендзе ёсць зерне (альбо хоць зернейка) праўды. У гэтым выпадку легенду падтрымлівае царкоўная Хроніка. У 1852 годзе, у дзень св. Троіцы, жыхарка Такароў Еўфрасіння Івашчук збірала ў полі шчаўе.
Нечакана, нібы з-пад зямлі, вырасла перад ёй жаночая постаць. Была гэта незвычайная незнаёмка, вельмі прыгожая жанчына, якая строга паглядзела на Еўфрасінню. Паводле Еўфрасінні, жанчына сказала, што свята вызначана Богам для таго, каб людзі хадзілі ў царкву, маліліся, а не працавалі. Дадала, што мясцовыя жыхары будуць пакараныя за свае грахі і нявер'е, Бог пакарае іх моравым паветрам (морам). Гэтае прадказанне споўнілася – у 1853 г. выбухла эпідэмія. Жанчына таксама параіла Еўфрасінні пайсці да мясцовага святара і сказаць, каб ён разам з прыходскім людам прасіў Бога аб прабачэнні. Жанчына знікла так раптоўна, як і з'явілася.
Еўфрасіння Івашчук не сумнявалася, што гэта была Божая Маці.
Як далей кажа легенда і пацвярджае царкоўная хроніка, на месцы з'яўлення постаці святар такарскага прыходу паставіў крыж. З часам сюды сталі спантанна прыходзіць пілігрымы розных канфесій і веравызнанняў. Хворыя атрымлівалі аблягчэнне альбо нават пазбаўленне ад хвароб. Узнясенне крыжа ва ўрочышчы Катэрка, нягледзячы на шматлікія аздараўленні, не знайшло падтрымкі з боку вышэйшых духоўных улад, і крыж быў перанесены на мясцовыя могілкі. Taм, дзе стаяў крыж, з'явілася крынічка. Пілігрымы ізноў пачалі прыходзіць да цудадзейнага месца. Святары такарскай царквы, убачыўшы, што на трэці дзень св. Троіцы (і ў іншыя дні) да ўшанаванага месца прыходзіць многа наведвальнікаў, дабіваліся дазволу пабудаваць тут капліцу. У 1909 г. на трэці дзень св. Троіцы быў пакладзены вуглавы камень пад будову драўлянай царквы. А сама царква Іконы Божай Маці Ўсіх Смуткуючых Радасць была асвечана і перададзена вернікам у 1912 годзе.
Добавить комментарий