ЖЫВАЯ ВАДА

  • Печать

Калі ў вёсцы Сасіны стаяла яшчэ старая царква, каля яе біла крыніца
з жывой вадою. Прыходзілі сюды людзі хворыя і кульгавыя, мыліся жывою вадою i адыходзілі здаровымі. Слава аб цудоўнай крыніцы ішла далёка па свеце. Усё больш і больш прыходзіла з розных краёў людзей няшчасных на лячэнне. Аднойчы прыйшла аднекуль да крыніцы знатная пані з хворым сабакам. Яна без дазволу выкупала сабаку ў жывой вадзе.

– Што ты робіш? – абурыліся хворыя і калекі. – Ці ж можна купаць у цудоўнай крыніцы нячыстае стварэнне?
– Мой сабака чысцейшы ад вас, паганых, – фанабэрыста адказала пані. Ніхто з людзей не пасмеў пярэчыць знатнай пані. І як толькі панскі сабака вылез з вады, на вачах у людзей берагі крыніцы сышліся, жывая вада знікла. Стогн жалю пракаціўся па натоўпе... Пані, прадчуваючы нядобрае, праз момант знікла. Людзі кінуліся ратаваць цудоўную крыніцу. Адкопвалі яе чым хто мог. Капалі і рыдлёўкамі, і рукамі. Капалі многа і доўга. Але не маглі трапіць на яе след. Зямля ўсюды была сухая. Пасмутнеўшыя, разбрыліся па сваіх хатах.
Праз нейкі час на месцы цудадзейнай крыніцы зноў паявілася вада. Але яна ўжо не біла халодным струменем, а кропля за кропляй сачылася, быццам слёзы. Людзі зноў кінуліся да крыніцы. Кропля да кроплі збіралі ваду і шукалі ў ёй ратунку ад сваіх няшчасцяў і хвароб. Але вада больш не лячыла. Kaлi знікла крыніца з жывою вадою, на вёску пасыпаліся няшчасце за няшчасцем. Ноччу ўвосень невядома ад чаго згарэла старая царква. Людзі ўміралі як мухі, і не было каму хаваць пакойнікаў. Людзі ва ўсім абвінавачвалі фанабэрыстую знатную пані з сабакам. Не шукалі яны збавення ў крыніцы.
Сцежкі да яе хутка зараслі травой і карчамі, а людзі пачалі забываць месца, дзе некалі біла жывая вада. Крыніца ж не дала забыць аб сабе. Нават тады збожжа на палях жоўкне ад няўмольнай засухі, на месцы крыніцы заўсёд кропля за кропляй сочыцца вада, быццам слёзы па загубленым шчасці.