СТАРЫ КОРНІН – ІКОНА БОЖАЙ МАЦІ
- Подробности
-
Опубликовано 25.06.2013 17:57
-
Автор: ЛЕГЕНДЫ, ПАДАННІ, АПОВЕСЦІ ВАКОЛІЦ БЕЛАВЕЖСКАЙ ПУШЧЫ, пад. рэд. Н. Герасімюк, Гайнаўка 2006
Заснавальнікам Старога Корніна быў каралеўскі дваранін Астафій (Яўстафій) Халецкі. Пачаткі сягаюць y 1570 г. У 1631 была пабудавана царква св. Ганны, што дало пачатак прыходу.
Ікона аб'явілася ў месцы, дзе расла таполя, і біла невялічкая крынічка.
Як расказваюць, у канцы XIX стагоддзя зрэзалі старую таполю, а на яе месцы вырасла другая. У раcшчэплены пень уваткнулі малады парастак, галінку з яе самой, спалучаючы такім чынам былое і сучаснасць, творачы працяг гісторыі. Тая галінка, з якой вырасла прыгожая таполя, і цяпер знаходзіцца на святым месцы, у некалькіх кроках ад царквы св. Архангела Міхаіла.
Менавіта на гэтым дрэве пастухі некалі ўбачылі незвычайнае святло, выяву. Паводле „Кнігі цудаў...", апрацаванай і выдадзенай праф. Антонам Мірановічам, па меркаваннях тагачаснага святара Яна Сімановіча, можна зрабіць выснову, што ікона Божай Маці знаходзілася на галоўным каменным алтары царквы. Расказваюць, што аднойчы на алтары перад іконай пакінулі запаленую
свечку, якая сталa прычынай пажару, падчас якога алтар часткова згарэў, але ікона засталася некранутай - толькі крыху закапцілася.
У час моравога паветра (чумы) ікона свяцілася незвычайным святлом, аздараўляючы хворых і пакутуючых. У 1709 годзе слуга Амяльян Коцікаў ішоў з плебаніі „да ветру"... „у нядзелю бачыў святло ў царкве, другі раз у аўторак уначы, пасля, у чацвер, яшчэ большае святло бачыў прападобны айцец, які прыйшоў у царкву, бачыў святло прамяністае ад зямлі ажно да царкоўнага купалa і постаць нейкай Пані, якая хутка знікла..." Гэтае здарэнне прывяло да таго, што царква ў Старым Корніне стала аб'ектам шматлікіх паломніцтваў у дні епархіяльных святаў св. Ганны і св. Архангела Міхаіла.
Калі верыць рэестру цудаў, паломнікі наведвалі цудоўную ікону ўвесь
год. Сярод іх былі вернікі розных рэлігій. Міласць Божай Маці сыходзіла на іх падчас малітваў.
Найбольш выздараўленняў было ад рэўматызму, хвароб вачэй, болю галавы, гастрытаў, каўтуноў. Як кажуць людзі, яшчэ ў міжваенны час у царкве было шмат ключак і кіёў, іх пакідалі хворыя пасля выздараўлення. Пасля кожнага рамонту святыні кастылёў станaвiлася штораз менш, але адна пара кайданоў, як сімвал вызвалення
і выздараўлення, засталася вісець на бэльцы пад хорамі. Вісіць яна там і сёння. Ікона Божай Маці падчас І сусветнай вайны (падчас „бежанства") павандравала разам з людзьмі і назад ужо не вярнулася.
У царкве ў Старым Корніне ад векапoмных часоў знаходзіцца ікона св. Ганны, якую жыхары называюць Прадаўжальніцай Корнінскай Іконы Божай Маці.