ВЁСКА МОРА
- Подробности
-
Опубликовано 25.06.2013 17:50
-
Автор: ЛЕГЕНДЫ, ПАДАННІ, АПОВЕСЦІ ВАКОЛІЦ БЕЛАВЕЖСКАЙ ПУШЧЫ, пад. рэд. Н. Герасімюк, Гайнаўка 2006
Даўным-даўно ўвесну і ўвосень паблізу вёскі, якая не мела назвы,
на навакольных лугах разлівалася вялікая паводка. Шматлікія чароды
водных птушак, розныя віды гусей і качак затрымліваліся тут на адпачынак і жыраванне.
Аднойчы хлопец з тае вёскі знайшоў дзіўную птушку. Ніколі яшчэ не ба-
чыў падобнай. Была яна даволі вялікая. На лапах паміж пальцамі была плеўка для плавання, зусім як у качкі, але гэта, напэўна, была не качка. Птушка мела вузкую, вострую дзюбу. Ногі ў яе раслі амаль ля самага хваста, таму зусім не надаваліся да хаджэння. Птушка толькі і магла, што адпіхацца нагамі і сунуцца чэравам па зямлі. Апрача дзівоснага выгляду, рабіла ўражанне моцнай і здаровай, аднак па нейкай прычыне не магла ўзняцца ў неба.
Знаходка так зацікавіла хлопца, што ён вырашыў паказаць яе старцу, які жыў у вёсцы. Стары дакладна агледзеў птушку, пагладзіў у роздуме сівую доўгую бараду і сказаў, што знoйдзены крылаты цуд – гэта марская птушка, і таму ўзляцець можа толькі з вады. Параіў хлопцу занесці птушку на разліў, што цягнуўся за вёскай, і пусціць на ваду. Хлопец так і зрабіў. Якое ж было яго здзіўленне, калі птушка пасля доўгага „разбегу" па вадзе ўзнялася ў паветра і адляцела.
Вестка аб марскіх птушках, што наведваюць навакольныя разлівы, разнеслася далёка навокал, і хутка вёску пачалі называць Мора.
Так кажа легенда. Але тыя птушкі існуюць на самай справе і называюцца гагарамі. Звычайна яны не гняздзяцца ў нашай ваколіцы. Найчасцей можна іх сустрэць у час пералётаў на пабярэжжы і вельмі рэдка ў глыбіні кантыненту.
Добавить комментарий