Казка пра Рубу, Віцебскі р-н

unuchkaУ нас тут гісторыя была, як у вядомай казцы, якую ўсе, мабыць, чулі.
Жылі-былі дзед з бабай, і была ў іх унучка, Сцепанідка. Раней былі і дачка, і зяць. Але спачатку зяця на нейкай вайне забілі, а потым і дачка нечакана памерла – вось і засталася малая на руках у старых людзей. Гаспадары шкадавалі ўнучку, заступаліся ўсюды, сачылі, каб ніхто яе не пакрыўдзіў, усялякай працы навучалі. I гэта, як потым аказалася, дапамагло ёй выжыць.

Мінула не так ужо і многа часу – захварэла бабуля, якая ва ўнучцы душы не чула. Трапіла пад халодны восеньскі дожджык, застудзілася, і ўсё – з ляжанкі болей не ўстала. Гарэла ўся, трызніла. Як ні стараліся ёй дапамагчы, каго толькі да яе ні клікалі – лягчэй не станавілася. Гаспадар зусім рукі апусціў, не ведаў, бедалага, што рабіць.
Але тут надзея з'явілася. Старой нібыта лягчэй стала. Яна пачала пазнаваць людзей, гаманіла з імі, нават жартаваць спрабавала. Стары лягчэй уздыхнуў, ды дарма ён спадзяваўся. Вечарам пачуў, як жонка ўнучцы казала:
– Шкада, што памру скора, мая ты галубка, ой як шкада... Спадзявалася, што дажыву да твайго вяселля, дачакаюся. Ды не, не атрымліваецца ў мяне... Не сёння-заўтра адыду...
– Не трэба, бабулька, не трэба, міленькая, як жа я застануся? – пярэчыла ёй Сцепанідка.
– Ты жыві, радуйся. Жыццё – яно прыгожае, ласкавае, калі ўсё добра складзецца. А калі не пойдзе, то тут ужо як ні пніся, а не перайначыш...
– Бабулька, родненькая, пажыві яшчэ...
– Каб жа гэта, каханенькая, ад мяне залежала, дык я з табой і не разлучалася б... Усё зверху наканавана, хочаш не хочаш – збірайся... А ты не плач. Ты лепей добра запомні тое, што я табе зараз скажу.
– Навошта мне яшчэ нешта запамінаць?
– Трэба, абавязкова трэба...
– Не будзе цябе, бабулька, і жыццё мне не мілым стане, радасці я ў ім не знайду.
– Знойдзеш. Але запомні наступнае: калі табе вельмі блага ды дрэнна зробіцца і падасца, што ты ўжо сама выйсця не бачыш, то ты да мяне, да маёй памяці звярніся. Я абавязкова прыйду на дапамогу, абавязкова падкажу...
– Як гэта? 3 таго свету ніхто не прыходзіць і не вяртаецца.
– Вяртаюцца. Я да цябе, родненькая, у сне прыйду і ўсё падкажу. Толькі ты не забудзься. Калі што – адразу звяртайся. Гэта некалі мяне мая бабуля навучыла.
– I што, ты звярталася?
– А то як жа...
– А яна дапамагала?
– Так, і не адзін раз.
Пагаманілі яны так паміж сабою, а да раніцы гаспадыня і памерла. Яна нібыта прадчувала, што смерць ужо за яе ўчапілася, таму і спяшалася навучыць Сцепанідку, каб тая не засталася ў жыцці сам-насам з цяжкасцямі.
Пахавалі бабулю, а дзед пахадзіў-пахадзіў і задумаў зноў жаніцца. Суседзі яго адгаворвалі, сябры таксама, а ён упёрся, нікога не паслухаў. Узяў ён сабе жанчыну з дачкой, якую тая вельмі шкадавала. Як даведалася, што ў дзеда ўнучка ёсць, то яшчэ да таго, як у чужую хату перабралася, умову паставіла:
– Глядзі, стары, жыць з табой доўга не буду, калі Сцепаніду з хаты не прагоніш. Так і ведай. Даю табе тэрміну адзін месяц, за гэты час каб справіўся з ёю.
Гаспадар пагадзіўся. Можа, падумаў, што жартуе жанчына, а можа, што пажыве ў яго, паглядзіць, як усё добра, і перастане да дзяўчынкі чапляцца. Так падумаў і забыўся на той тэрмін.
Як прыйшла тая жанчына ў дзедаву хаціну, то не стала Сцепанідзе ніякага жыцця, толькі і чуваць было:
– Ці ўсю работу парабіла, што я табе давала? Ідзі ў лес ды прыцягні вязанку дроў! Ідзі і не спрачайся, а то прызвычаілася... Нічога не робіш, толькі агрызаешся. Во звалілася ліха лянівае на маю галаву...
Сцепанідка ад такіх праклёнаў і сама гатова была сысці з хаты, толькі каб яе не лаялі, не папракалі, не папікалі тым, што яна нечый хлеб дарма есць.
Аднаго вечара жанчына падступіла да старога і кажа:
– Дзед, заўтра тэрмін канчаецца.
– Які тэрмін?
– Як які? Калі я ў тваю хату перабіралася, якую ўмову ставіла? Прыгадаў?
– Прыгадаў...
– Дык вось, каб заўтра і духу яе ў хаце не было!
Прыспела раніца, дзед і кажа ўнучцы:
– Паедзем па дровы...
Тая моўчкі апранулася і выйшла ў двор. Не пыталася, не пярэчыла. Справа ў тым, што ўвечары яна не спала і ўсё чула. Узяла толькі невялічкую сякерку, апранулася ў тое, што мела, ды есці ўхапіла добры кус хлеба. Ведала, што назад ужо ніколі не вернецца.
Лес адразу за іхнімі агародамі пачынаўся. Паехалі. Стары вясёлы такі, усё розныя гісторыі распавядаў, смяяўся, быццам штосьці каштоўнае знайшоў і нарадавацца не мог. Сцепанідка ж, наадварот, маўчала ўвесь час і толькі адзін раз запыталася:
– Дзеду, а табе бабуля не сніцца?
– Не, – бомнуў той і заціх, зразумеў, што ягоныя словы нё даходзяць да ўнучкі, бо яна пра нешта зусім іншае думае.
Спыніў стары каня і гаворыць:
– Тут секчы будзем.
– Ты і сячы, а я пайду. Няма ў мяне болей дзеда.
I пайшла. А куды ж ты ў глухім лесе пойдзеш? Хадзіла-хадзіла, стамілася і звалілася пад елку Спіць, і сніцца ёй, быццам бабуля пільна-пільна на яе глядзіць і кажа: «Унучка, ты ідзі па зарубінах... Па зарубінах кіруй...»
Прахапілася дзяўчына, паглядзела – а на елцы і сапраўды зарубіну відаць, нехта пакінуў. Яна па іх пайшла і выйшла да лесарубаў. Тыя, хлопцы маладыя, пакінулі яе ў сябе. Стала ім Сцепанідка есці варыць, вопратку зашываць. Праз некаторы час адзін з лесарубаў ажаніўся з ёю. А мясціну тую, дзе яны жыць сталі, пачалі называць Заруба. Потым, з цягам часу, засталося толькі Руба.

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить