Возера Максімава (Верхнядзвінскі р-н)

  • Печать

backa Жыў-быў бацька-гаспадар. I ў яго было трое сыноў Працавітая сям'я. Не такая шматлікая, як іншыя, але за кошт працавітасці пастаянна памнажалі свой дабрабыт і багацце. Усяго ў іх ставала. Нічога пазычаць не хадзілі, на дапамогу людзей не клікалі, колькі б там ні садзілі ці ні сеялі. Як возьмуцца варочаць, то што мядзведзі тыя. Перакусіць ці адпачыць і то без ахвоты асаблівай садзіліся, шкада было час дарма траціць. Паглядзяць на неба, заўважаць там хмару ці аблачынку і скажуць адзін аднаму: «Вось калі гэтая хмара сюды насунецца, то тады і палуднаваць будзем, а не, то і пачакаем, вытрымаем да вечара, тады ўжо дома і папалуднаем, і павячэраем. Смачней будзе, затое работы колькі агораем...

Ідуць пасля працы дамоў, а песня гучназвонкая іх пераганяе, наперадзе ляціць:
Дай жа мне, Божа, шчасліву гадзіну,
Каб я забачыў харошу дзяўчыну.
Ні тужыў, ні нудзіў свайго сэрданька...
Пачуюць людзі песню і прыпыняцца на хвіліну-другую, ад працы адрываючыся, каб паслухаць.
– Вось Максіму добра. 3 такой сілай пастаянна на працу выходзіць.
– Яны за дзень гору звернуць, не тое што нейкі надзел выкасяць.
– Напакутаваўся Максім з імі таксама. Адзін траіх хлопцаў на ногі паставіў ды і гаспадарку пры гэтым не закінуў.
Пастаяць людзі, пагамоняць паміж сабою ды па хатах разыходзяцца, бо захапляйся не захапляйся, а шчасце гэтае ў другой сям'і. Хочаш зайздросціць, дык зайздросць, будзь ласкавы, па-добраму, а з чорным намерам тут рабіць няма чаго. Далёка так не працягнеш, хутка цябе, зайздросніка-сквапніка, нячыстая сіла ў свае кіпцюры ўбярэ. Трапіць у іх лёгка, але затое вырвацца – немагчыма.
Надта добра жыў селянін са сваімі сынамі. Зайздросцілі, як мы адзначалі, іншыя. Бо ж не сакрэт, што ў кожнй сям'і любое здараецца. Былі і такія, дзе лаянкі ды бойкі толькі ноччу на непрацяглы час заціхалі. Для такіх людзей няма ні божых святаў, ні будзённых заняткаў, ім на ўсё напляваць, толькі б пасварыцца ды чубы адзін аднаму выдраць. А ў гэтай сям'і ніхто ніколі крыкаў, лаянак не чуў, ніхто не бачыў, каб яны біліся паміж сабою ці нейкім падобным чынам разбіраліся.
Але надышоў неўзабаве чорны час і для братоў. Справа ў тым, што бацьку праз нейкі месяц павінна было споўніцца семдзесят гадоў і яго трэба было весці да тае жахлівае яміны. Адчуваў і стары, як цяжка ў сыноў на сэрцы ў сувязі з гэтым, і шкадаваў іх. Разумеў добра, як гэта роднага бацьку, паводле традыцыі, гопнуць даўбешкай па галаве, а потым, яшчэ цёплага, закапаць-прысыпаць халоднай зямлёй.
– Чаго, хлопцы, прыцішыліся? Такое надвор'ё стаіць!.. Вось, хлопчыкі, скончым снапы вазіць, да вечара яшчэ гадзін колькі застанецца... Паспеем выскачыць з невадам на рэчку ды рыбкі наловім. Юшку тады зварым, пасядзім у сябе на падворку, пагамонім, што лепей можна прыдумаць. Вось, бачыце, весялей на свет трэба глядзець. Не ўсё гэтак дрэнна, як вы думаеце.
Пасля згадак пра рыбалку вочы ў сыноў і сапраўды загарэліся, бо надта ж любілі ў вадзе боўтацца, за рыбкай цікаваць. Тут яны таксама майстры непераўзыйдзеныя былі. На хвіліну-другую забываліся пра ўсё і супакойваліся душою.
Вось нарэшце надышоў і апошні вечар. 3 раніцы трэба было кіраваць ім да вялікай ямы. Памыўся бацька, у чыстую бялізну пераапрануўся і паклікаў да сябе сыноў. Увайшлі тыя і яшчэ з парога заплакалі, бо не маглі слёзы стрымаць. Стары хацеў паказаць, што ён трымаецца і лічыць, што ўсё так і мае быць, але і ў самога вочы затуманіліся слязьмі – гаварыць не давалі. Так колькі часу доўжылася: сыны стаялі і плакалі, а гаспадар хаты за сталом сядзеў і таксама слязьмі заліваўся. Потым усё ж неяк селі, і бацька пачаў сваю апошнюю прамову: «Ну, сыночкі, куды я пайду раніцай, вы і самі добра ведаеце, і не будзем лепей пра гэта лішні раз узгадваць, каб не хвалявацца. Давайце спакойна пагамонім. Калі мяне пахаваеце, то не спрачайцеся паміж сабою, не лайцеся, каб з вас не смяяліся. Хай лепей зайздросцяць, як па-ранейшаму. Зямлю не дзяліце на надзелы. Гаспадарку вядзіце разам. Сейце, жніце ўчас, асабліва не спяшайцеся. Зямлі ў нас многа, то калі і пажэніцеся ды ўласныя сем'і заведзяце, усё роўна хопіць Толькі не лянуйцеся. Давайце развітаемся, ды ідзіце сабе спаць, а я пасяджу, падумаю, родных братоў прыгадаю, бацькоў, маці вашу нябожчыцу. Усё гэта засталося за плячыма. Як на тым свеце складзецца, хто яго ведае».
Абняліся сыны з бацькам і пайшлі ў гумно спаць Ідуць, слёзы выціраюць. Прыйшлі, бохнуліся на сена, а сон не ідзе. Старэйшы з братоў і гаворыць:
– Ведаеце што, браткі, вы як сабе хочаце, а я нашага бацьку не вёў бы да ямы. Нельга так. Ён жа нас з матуляй гадаваў, на руках насіў, працаваць навучыў... І за ўсё гэта старому чалавеку доўбняй у лоб, нібы якой жывёліне?.. Няўжо ён не заслужыў сабе іншай долі, іншай старасці?..
– А што ж рабіць? – азваўся другі з братоў, – каб жа неяк, можна было абысці гэты парадак. Усе ж так робяць...
– Ага, усе так робяць, – з'едліва прамовіў малодшы, – то і мы роднага татулю падвядзём да ямкі ды ў лоб даўбешкай? Дакажам, што мы не горшыя за іншых?
– Нічога, нічога, – спяшаючыся, перабіў яго самы малодшы, – тату выратуем, жывы ён застанецца. Хай лепей уласнай смерцю памрэ, чым мы яму ў гэтым дапамагаць будзем. Давайце памяркуем, дзе можна схаваць ад людскіх вачэй бацьку, каб яго ніхто не высачыў.
Шапталіся-перашэптваліся браты, але нічога канкрэтнага ў галаву не лезла. Тым часам ужо і світанак хутка займецца. На дварэ шарэць пачынаё. Тут малодшы з братоў і запрапанаваў зусім нечакана:
– Эх, рыбкі б палавіць...
– Ты што? Тут бацькаў лёс вырашаецца, а ён пра нейкую там рыбу гаворку ўсчаў! – узвіўся сярэдні.
Але малодшы працягваў далей, не звяртаючы асаблівай увагі на злосныя словы, кінутыя ў яго бок:
– Юшку зварыць... Песню заспяваць бы потым усім разам, як і раней...
Толькі тут умяшаўся старэйшы:
– Значыцца, на возеры?
– Мы ж яму на востраве хацінку агораем, замаскіруем яе, дык і самы цікаўны чалавек пры ўсім сваім жаданні не адшукае.
...Як вырашылі сыны, так і зрабілі. Стаў з тае раніцы стары Максім жыць на востраве. Хлопцы яму зрабілі хаціну, назапасілі ўсяго, самі часта наведваліся, праўда, патаемна. Пражыў ён амаль да ста гадоў.
Калі бацька памёр, то дзеці ўсім расказалі, што не забілі свайго бацьку. Тады і іншыя старых перасталі такім чынам пазбаўляць жыцця.
Возера таксама назаўсёды стала Максімавым.