Возера Лісічанскае (Верхнядзвінскі р-н)

  • Печать

lisaЖыў некалі на адным з блізкіх да нашай вёскі хутароў паляўнічы. Такі ўжо быў заядлы, такі спрактыкаваны, што ва ўсёй мясцовасці лепшага за яго знайсці нельга было. Да драбніц ведаў норавы звяроў і птушак. Калі яму неабходна было некага высачыць, мядзведзя ці дзіка, напрыклад, то ён мог не спаць па дзве-тры ночы запар, не прысядаць, не адпачываць, але свайго абавязкова дабіваўся. Пра яго менавіта так і гаманілі сяляне: «Калі гэты Уладак (так звалі паляўнічага) спіць? Яшчэ толькі трэція пеўні праспявалі, а ён ужо да лесу пашыбаваў».

Пагамоняць вяскоўцы пра Уладака і да сваіх спраў вяртаюцца. Адзін аднаму пераказваюць апошнія навіны, мяркуюць, які ўраджай надарыцца на наступнае лета.
Стаіць глыбокая восень на дварэ. Хутка зіма белаю коўдраю ўсё навокал накрые, засне-застыне прырода, стоіцца да вясны. Усё, здаецца, жыць перастане. Але ж на самай справе далёка не так. Жыццё ўсё роўна працягваецца. Яго трэба ўмець заўважаць: пастаяць, прыслухацца, прыглядзецца добра, каб потым нешта чуйна ўлавіць ці ўбачыць.
Ідзе Уладак ля пушчы. Ніяк не можа зразумець, куды ўчарашні дзік, паранены ім, мог схавацца. Надта далёка ён адбегчыся не мог, бо крыві шмат страціў. Ісці хутка і не асцерагаючыся тут не выпадае – паранены звер надзвычай небяспечны і можа ў любы момант накінуцца. Просіць паляўнічы сабаку: «Шукай, Лёкай, шукай...»
Той далёка не адыходзіць. Пару крокаў якіх адбяжыцца і спыняецца як укапаны. Сабака нібы разумее, але не забрэша, не віскне ад радасці, бо навучаны і прызвычаены да палявання. Лёкай стаяў і глядзеў у адну кропку. Таропіўся на невялікі лясок, дакладней, не лясок, а так, пару дрэў. Калі б сабака мог гаварыць, то, безумоўна, усё праяснілася б, а так толькі дрыжэў. Паляўнічы ведаў, што гэта ў яго не ад страху – ад хвалявання.
«Зараз мы азірнемся... Паглядзім з другога боку... Вецер, здаецца, дзьме нам у твар, як і трэба... Дзік нас не чуе... Падысці можам да яго зусім блізка... Адно толькі каб не пачуў... Трэба, каб мы звера пасвілі, а не ён нас», – ледзьве чутна шаптаў сам сабе Уладак і рабіў звыклую, за доўгія гады палявання завучаную амаль на памяць справу.
– Ты, Лёкай, стой тут...
Сабака не кранаўся з месца, нібы разумеў, што сказаў чалавек. Паляўнічы адыходзіўся ўбок, каб выбраць зручнейшую пазіцыю. Нарэшце злажыўся, ускінуў стрэльбу і голасна ўжо, не баючыся нешта парушыць, загадаў Лёкаю рухацца наперад.
Сабака, не спяшаючыся, падаўся наперад, заліваючыся галасістым брэхам. Маўляў, уставай, ведаю, што ты тут стаіўся. Уставай ды ўцякай, а я буду цябе даганяць. Такая мая адвечная справа.
Дзік моцна рохкнуў і падаўся ў бок лесу. Добра было відаць, што ён суне заднія ногі. Да выратавальнай пушчы заставалася ўжо зусім недалёка, калі нешта грымнула, і звер, так і не зразумеўшы, чаму гэта ён упаў, забіўся ў сутаргах.
Уладак стрымліваў сабаку, але той ірваўся наперад, да здабычы.
– Цяпер ён ад нас ужо нікуды не ўцячэ... Нікуды... Пабач толькі якую мы з табою гару мяса завалілі... Нашыя хатнія ўзрадуюцца... На ўсю зіму хопіць, і табе перападзе, бо заслужыў... Малайчына...
Пасля такіх слоў, Лёкай, нібы кот, пачаў церціся аб гаспадарову нагу.
Падышлі бліжэй. Ужо дзік не торгаецца. Дайшоў. Уладак на ўсялякі выпадак паштурхаў звера нагою і яшчэ раз падзівіўся, што такая туша вырасла. Трэба было за павозкай кіраваць ды суседзяў прасіць, каб дапамаглі пагрузіць, бо сам, канешне ж, ніякай рады тут не дасць.
На наступны дзень уся вёска гаманіла пра ўдачлівага паляўнічага, што яму вельмі пашанцавала. Бо руплівы гэты чалавек Уладак. Не сядзеў склаўшы рукі, не чакаў удачы, а сам яе шукаў. Вось і знайшоў сабе ды родным узнагароду. Цяпер жонка з дзецьмі ўсю зіму з мясам будуць. Ён яшчэ і суседзям шмат даў, што яму дапамаглі дзіка прывезці.
Калі чужыя людзі гэтак спагадліва ды хораша гаварылі пра Уладака, дык пра ягоную жонку такога згадваць не даводзілася. Зараз яна свайго мужа гатова была на руках насіць, бо чаго ўжо там хаваць, даволі часта жанчына крычала на Уладака: «Зноў качаргу на плечы ды ў лес?! Дома табе работы нестае!..» Адным словам, добрая была гамаза.
На гэты ж раз усё было наадварот. Жонка ажно свяцілася з радасці і не ведала, як дагадзіць мужу.
Ведала жанчына, што цяпер зімою голад ім не пагражае. Ды чаго ўжо дарма нагадваць і нагаворваць на чалавека, калі пастаянна дзічыну прыносіць. Не надаралася буйнога звера заваліць, дык зайцоў заўсёды ўпалёўваў.
Вось і зараз пасля такога поспеху іншы б заваліўся і на самай справе адпачываць, а гэты ж не. Стаў зноў збірацца, бо на днях лісу бачыў. I дзе нара – ведае. Вырашыў, што жонцы каўнер добры будзе.
Пайшоў Уладак на паляванне, не захацеў проста так сядзець у хаце. I на гэты раз усё ж такі высачыў лісу і ўдарыў па ёй са стрэльбы, але не забіў, а толькі падраніў. Амаль цэлы дзень хадзіў за знясіленым зверам. Быў бы побач Лёкай, і ўсё б скончылася за пару хвілін, але той дурань уплёўся ганяць зайцоў. Відаць, некуды далёка адбегся, бо не вярнуўся на крык. Ішоў паляўнічы, не выпускаючы лісу з поля зроку, а тая ўсё марудней і марудней пасоўвалася наперад. «Зараз, – думае чалавек, – я цябе заб'ю». Толькі падумаў так, як ліса кінулася ў цёмнае-цёмнае возера і ўтапілася. Не захацела, відаць, трапляцца Уладаку ў рукі.
Ад таго выпадку і пачалі называць гэтае возера Лісічанскім.

Крыніца - http://vlib.by/

Малюнка - фінская мастачка Villasukka