Возера Купальнае (Верхнядзвінскі р-н)

chort i muzhykДаўным-даўно дзяды нашыя ды, відаць, і прадзеды, дакладна б сказаць не маглі, бо не памяталі, дзе і калі ўсё гэта чыста адбылося. Захацелася аднаму чалавеку (звалі яго Саўка) знайсці цудадзейную кветку папаратніку. Пачуў ён пра яе ад свайго дзеда і адразу ж загарэўся: «Вось я гэтую кветку і знайду».

Дзеда вельмі ўстрывожыла самаўпэўненасць унука. I ён вырашыў перасцерагчы яго, астудзіць пыл:
– Пачакай, унучак... Не спяшайся... Заклятая тая кветка нячысцікам. Чортам яна зачаравана. Ад яго тады станеш залежаць. Чорт вельмі яе пільнуе. Чалавеку можа нават пад ногі падсунуць той куст папаратніку, каб лягчэй было адшукаць. Узамен за гэтую кветку ён патрабуе душу. Душа – самае дарагое, што ёсць у чалавека. Яна яму ад нараджэння Богам дадзена. Развітваецца з ёю сумленны чалавек толькі тады, калі памірае.
– А раней?
– Раней нельга ні ў якім разе, бо тады яна ніколі не знойдзе супакаення на небе, куды павінна адлятаць пасля пахавання свайго гаспадара.
Саўка па-ранейшаму працягваў дапытвацца:
– А як яе лепей адшукаць?
– Для гэтага чакаюць купальскай ночы і кіруюць на пошукі, туды, дзе расце вялікі, адвечны папаратнік. 3 году ў год ён прарастае на тым самым месцы. Сам зелянее, а кветачка, нібы свечка якая, гарыць заклікальным агнём. Яе здалёку відаць.
– Я ўжо чуў, што шукаць яе – справа небяспечная, але мяне цікавіць, што ж прыносіць кветка свайму гаспадару?
– Ой, Саўка, багацці незлічоныя, здольнасць жыць не адно чалавечае жыццё, а некалькі, прадбачыць людскія лёсы, разумець гаворку дрэў і траў, птушак і камянёў.
Час ішоў. Рос хлапчынка. Дзеда ўжо не даймаў, Саўку не давала спакою адна думка: «Як бы добра было ўзбагаціцца. Галоўнае, што працаваць не трэба, а багацце само стане ў рукі плыць».
Так стары і памёр, не даведаўшыся нічога пра праўдзівы намер унука. Толькі калі канаў, дык паспеў яшчэ пару разоў павучальна прамовіць: «Глядзі... Не дражні нячысціка... Не жартуй з ім...»
Не стала дзеда, а Саўка ўсё лазіў па наваколлі ды ў людзей распытваў: «Тут у вас ніхто папараць-кветку не знайшоў?» У адказ толькі сустракаў недаўменныя позіркі і чуў пагрозы.
Не адзін раз спрабаваў Саўка ў купальскую ноч адшукаць заклікальную кветку, але яму не шанцавала. Прыспеў чарговы тэрмін адшукання. Ужо трэба было збірацца ў лес. Прысеў тады Саўка за стол у хаціне і пра сябе прамовіў: «Запрадаў бы таму чорту душу, каб толькі ён мне дапамог».
– Што ты сказаў? – пытанне прагучала так неспадзявана, што гаспадар ажно ўздрыгануўся ад нечаканасці. Зірнуў Саўка, а прама перад ім стаіць чорт і весела гэтак хвастом пакручвае.
– Што ж, дапамагу. Узамен мне сваю душу аддасі. А яшчэ паперу ўласнай крывёю падпішы.
Так яны і паразумеліся. Знайшоў Саўка папараць-кветку адразу ж за сваімі будынкамі. Узрадаваўся, нібы малое дзіця, засмяяўся, і першае, чаго пажадаў сквапнік, было: «Хачу багацця!» Толькі паспеў сказаць, а ўжо нешта зазвінела-заляскацела навокал, і ў двор да Саўкі рачулкай пацяклі залатыя манеты, іншыя каштоўнасці і ўпрыгожанні. Радаваўся гаспадар, адно бегаў туды-сюды ды прымаўляў: «Яшчэ! Яшчэ!»
Зноў загрукацела нешта, закалацілася ўсё навокал, і з неба пасыпаўся... залаты дождж. Золата ляжала паўсюдна на падворку густым-густым слоем. Але Саўку ўсё было мала. Подбегам кінуўся да сваіх будынін і давай іх расчыняць, каб паболей улезла.
Паспрабаваў было пералічваць, ды сам сябе перабіў: «Тут жа мне на гады лічыць хопіць!..»
Ашаломлена азірнуўся і ляпнуў сябе рукамі па сцегняках: «Трэба сачыць, каб іншыя не ўкралі. Вось што зараз самае галоўнае. Давай думаць, як жа лепей усё прыхаваць, а ў галаву нічога не лезе. Вядома ж,. ад такога нечаканага багацця розум засціўся. «Як бы мне гэта агораць?..»
Задае пытанні і сам жа на іх адказвае, бо ж нікога паблізу няма. Ламае галаву і ўсё роўна нічога вырашыць не можа.
Потым неяк усё ж дадумаўся і выгукнуў:
– Хоць ты пад зямлю схавай... О, Божа, што ж гэта?..
Толькі так прамовіў, як усё імгненна правалілася скрозь зямлю, а на тым месцы разлілося возера. Нельга было ні ў якім разе, запрадаўшы душу, згадваць Бога. Возера назвалі Купальным, бо ўсё адбылося ў купальскую ноч.

Крыніца - http://vlib.by/pridvinie/

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить