Легенда пра Барань (Аршанскі раён)

  • Печать

BaranУ адной сям'і рос маленькі хлопчык Міканорка. Бацькі яго лашчылі і шкадавалі, ды здарылася ліха: захварэлі яны. На ўсю вёску іхнюю тады нейкая пошасць найшла, людзі, што мухі, мерлі. Так тая хвароба выкасіла вяскоўцаў, засталіся ўсяго, можа, чалавек з дзесяць у жывых, і сярод іх Міканорка. Забралі яго да сябе бабуля і дзядуля, якія жылі ў другой вёсцы.

Увагі ды ласкі ўдзялялі яму не меней за родных бацькоў, нічога для ўнука не шкадавалі. Куды самі ішлі ці ехалі, туды і Міканорку за сабой цягнулі. Калі што якое, дык дзед мовіў:
— Яму ж, небараку, дома сумна аднаму сядзець — ні пагуляцца няма з кім, ні пазабаўляцца...
А бабуля, ведама ж жанчына, дадавала:
— Ды і пакрыўдзіць незнарок хто можа, мы і не пабачым. Няхай з намі будзе, усё ж спакайней.
Вось такая залішняя перасцярога і падвяла аднойчы старых. Хацелі як лепей, а зрабілі наадварот. Паслухайце, як было.
Аднаго разу, на вялікае свята Вялікдзень, усе людзі да цэркваў збіраліся, дык і старыя паехалі, з разлікам, каб усяночную адстаяць і толькі з раніцы падавацца дамоў. Міканорку з сабой узялі, а каб хлопчык усё ж паспаў, то наклалі ў воз сена, узялі падушку, посцілку.
Прыехалі да царквы, а там народу... Пакуль месца знайшлі, пакуль коніка распрэглі, пакуль малому растлумачылі, што да чаго, то і часу нямала прайшло. Бабуля, адыходзячы, наказала:
— Глядзі ж, родненькі, захочаш спаць, дык кладзіся і спі, а мы будзем часта падыходзіць. Калі хто прычэпіцца, то не бойся, крычы. Людзей многа, яны ўмомант учэпяцца і надаюць у каршэнь злыдню.
— Ідзіце — я не баюся. Мне тут усё цікава, дык я з воза за ўсімі назіраць буду, — адказаў малы.
Старыя і пайшлі. Пастаялі нейкую гадзіну ў царкве, бабуля прыбегла глянуць на ўнука — той сядзеў на возе і дапытліва пазіраў наўкола. Яна спакойна падалася назад. Потым гэткі ж манеўр здзейсніў дзед. I на той раз усё было ў парадку. Так яны і стаялі ў царкве сярод людзей. Час ад часу выбягалі і назад вярталіся. Потым, калі Міканорка спаць лёг, то старая яго накрыла добра, перахрысціла і службу даслухваць пайшла.
Благое раніцай здарылася. Людзі натоўпам з царквы павалілі, да вазоў разыходзіцца сталі, і тут старая занепакоілася:
— Дзеду, а дзе ж гэта наш Міканорка?
— Ён жа спаў... Можа, у сена зашыўся, дык і не відаць яго, жэўжыка...
— Ды не, нешта тут не тое.
— Зараз глянем.
Падышлі да воза, зірнулі — і сапраўды, няма малога. Яны туды, яны сюды, крычаць-клікаць пачалі, у людзей дапытвацца — нідзе хлапчука не было, ніхто яго не бачыў.
Заплакала горка-горка бабуля, загаласіла:
— Не ўбераглі... Не ўбераглі хлапчынку... Бяда нам цяпер вялікая... А можа...
Ускінулася старая і кінулася назад у царкву. Уляцела, а ўжо бацюшка з дзякам яе зачыняць збіраліся. Укленчыла:
— Бацюшка, родненькі, ратуй...
— Што здарылася?
— Унучак наш прапаў... Няма нідзе, колькі ні бегалі, колькі ні гукалі...
— Можа, недзе з сябрукамі галёкае?
— Ды не, у яго сяброў тут няма, бо ён жа ў нас на хутары жыў... Бацькі ягоныя даўно памерлі, і мы малечу гадавалі...
— Пашукаць трэба лепей.
— Ды мы ўжо ўсё абшукалі, і людзі нам дапамагалі... Усе куткі, усе закавулкі абгледзелі...
Задумаўся бацюшка, не ведае, што і параіць старой жанчыне, як яе суцешыць. А тая глядзіць на яго, паратунку чакае. Потым, павагаўшыся, прамовіў:
— А можа, гэта ты Богу нашаму прынесла малога сённяшняй ноччу ў ахвяру?
Бабуля як стаяла на каленях, так ледзьве не грохнулася галавою аб падлогу. Не чакала яна такога ад служкі Усявышняга.
— Што гэта ты, бацюшка, пляцеш? Як гэта ў цябе язык на такое павярнуўся? Я ж і табе, і Богу свята верыла, а ты вунь пра што падумаў...
Плюнула старая са злосці, крутнулася і з царквы падалася. А там яе ўжо людзі з навіной чакалі. Аказалася, што нехта ўсё ж бачыў, як ля іхняга воза круціліся двое жабракоў. Ці не яны гэта зладзейства і ўчынілі...
Як пачула такое старая, дык валасы на галаве пачала рваць:
— Родненькі мой, каханенькі мой! Ды яны ж могуць цябе калекам зрабіць. Як жа мы цябе не ўсцераглі!..
Побач стаяў і плакаў стары. Так яны і паехалі, плачучы ды стогнучы, дамоў, так і жылі далей, праклінаючы злую долю, штодня звяртаючыся да неба, каб яно забрала іх з гэтай зямлі, дзе ім ужо не было болей радасці. Ды не спяшалася неба выконваць іхнія просьбы, не забірала да сябе, нібы сцвярджаючы, што прыспее яшчэ часіна і сустрэнуцца яны з унукам.
А з Міканоркам вось што здарылася. Сапраўды, у тую ноч ля царквы было многа ўсялякіх жабракоў ды калек. Яны толькі і чакалі моманту, каб выплакаць у вяскоўцаў кавалак хлеба ці якую капейчыну. Справа ў тым, што на Вялікдзень ніхто не меў права ў гэтым адмаўляць — ні багаты, ні бедны. Дык вось, двое жабракоў, мужык з жонкай, круціліся ля воза, дзе спаў хлапчынка, і ён ім нечым спадабаўся. А справа ў тым, што самі яны былі жабракамі не ад таго, што зямлі не мелі, а ад таго, што працаваць не любілі. Вось паспаць, паляжаць — гэта справа зусім іншая, а каб на ніве шчыраваць — і ў галаву не прыходзіла. Пабачылі, што ніхто на іх увагі не звяртае, схапілі соннага хлопчыка з сена і ўцякаць. Бягуць, а Міканорка і вочкі свае не расплюшчвае — спіць соладка, дый годзе.
Прачнуўся малы ў чужой хаціне і давай горка плакаць, дамоў прасіцца. Гаспадары яго ўсяляк супакойваць пачалі:
— Чаго ты, дурненькі, плачаш? У нас табе намнога лепей будзе, спакайней. Цацак табе ўсялякіх наробім, гуляцца з імі станеш...
А той сваё:
— Завязіце да бабулі, да дзядулі... Да іх хачу... Тады гаспадары, асабліва не валэндаючыся, адлупцавалі малога і прымусілі маўчаць. Забіўся Міканорка ў куточак на печы і голас падаць баяўся, каб зноў біць не сталі.
У той жабрацкай сям'і, у гаспадара, былі два старэйшыя браты, якія ў свой час па-справядліваму падзялілі на тры надзелы бацькоўскую зямлю, каб нікому не было крыўдна, і спраўна вялі свае гаспадаркі. Нельга сказаць, што яны былі багацеямі, але што заможнымі сялянамі сталі, дык гэта дакладна. Спачатку браты дапамагалі малодшаму з жонкай, але потым паглядзелі, паглядзелі і плюнулі.
— Што ж мы на іх будзем рукі рваць, а яны самі толькі палежваюць ды пасміхваюцца? Калі ім добра, то і нам няблага. Як хочуць — няхай так і жывуць. Не станем ім перашкаджаць, але і дапамагаць болей не будзем.
У іх сем'і вялікія, дружныя, працавітыя былі. Як выйдуць на любую працу, то толькі глядзі, як справа наперад пасоўваецца.
Аднаго разу глядзяць, ажно і ў малодшага брата нейкі хлапчук па падворку ходзіць. Яны кінуліся да гаспадара дапытвацца, адкуль дзіця ў хаце. Каб яшчэ немаўля, дык зразумела, а то хлопчыку ўжо на выгляд гадоў дзесяць. Жабракі праўды не сказалі, маўляў, наш, дый годзе! А калі браты добра прыціснулі, то гаспадыня задаволена прамовіла:
— А вам якая справа? Усынавілі мы сірацінку! Зразумелі?! Мы ж у вас не дапытваемся, адкуль на вашых падворках дзяцей гэтулькі. А вы аднаго ўбачылі і адразу прыляцелі!
Крутнулі галовамі браты і пайшлі з двара. Калі ўжо добра адышліся, то адзін з іх і кажа:
— Бачыў, братка, як той хлапчынка спалохана туліўся да сцяны? Што ваўчанятка якое...
— Так, відаць, не соладка яму прыйшлося за тыя пару начэй, якія тут правёў. А як яно потым будзе?..
Разам браты дайшлі да сваіх хацін, пагаманілі яшчэ крыху і разышліся. Дома таксама распавялі пра тое, што бачылі і чулі.
Ды ўсё ж Міканорку пашанцавала. Справа ў тым, што рос ён кемлівым хлопчыкам, мог да такога дадумацца, што і дарослы сваім розумам не дайшоў бы.
Неяк непрыкметна год за годам мінаў. Ён усё навучыўся рабіць — і араць, і скародзіць, і сеяць, таму з кожным годам усё болей і болей зямлі засяваў. Да таго часу гаспадар-жабрак памёр, а ягоная жонка пайшла недзе ў людзі прасіць хлеба, хоць Міканорка і казаў ёй, што ў саміх цяпер на тры сям'і хопіць. Ды не паслухалася гультайка, не хацела хлопцу ні дапамагаць, ні падпарадкоўвацца. Як пайшла, то недзе заблукала на лясных дарогах і парвалі яе там ваўкі. Пра гэта ўжо праз пару месяцаў паведамілі маладому гаспадару падарожныя, якія ці то чулі гэтую навіну, ці то на ўласныя вочы бачылі.
Вось тут зразумеў Міканор, што зусім адзін застаўся, што няма болей каго баяцца, бо, па-першае, сам за сябе пастаяць мог, а па-другое, гаспадарка да яго перайшла, і цяпер, калі яе па-разумнаму весці, то ўсяго заўсёды ставаць будзе, нават у самыя засушлівыя і неўрадлівыя гады.
Згадаў і старых дзедку ды бабульку, якія яго некалі прытулілі, не далі сканаць дзе-небудзь пад плотам ці трапіць на сняданак лясным звярам. Захацелася яму распытаць людзей, схадзіць у тую вёску, адкуль яго некалі ўкралі. А тут яшчэ адна падзея прымусіла яго на некаторы час пакінуць дахоўку і хавацца.
Здарылася вось што. Тыя два браты ягонага былога гаспадара шкадавалі яго толькі перад вяскоўцамі, калі жывыя жабракі былі, ды па-ранейшаму нічога не рабілі, і гаспадарка была ў заняпадзе. А калі ўбачылі, што Міканор гаспадарку пачаў наладжваць, а праз некаторы час яна стала лепшай за іхнія, то зайздрасць абодвух забрала. Як жа так? Зямля іхняга бацькі-нябожчыка, брата ўжо няма, а гэты хлопец-прыхадзень якое дачыненне мае да іхняй спадчыны? Болей таго, жонкі ў справу падключыліся і давай нашэптваць-падвучваць:
— Што вы з ім валэндаецеся? Заманіце ў лес ды забіце.
— Ага, забіце, — адказвалі тыя. — Ды ў яго сілы — на шасцярых хопіць і яшчэ застанецца на тое, каб магілы ўсім выкапаць...
Яно і сапраўды так. Хлапчына вымахаў, дай Бог кожнаму. Сілы меў, што сапраўдны волат-асілак.
— Баіцеся ў адкрытую забіць, дык падпаіце і ўтапіце дзе-небудзь... — не адступаліся жанчыны.
— Дык ён жа не п'е, — пачынаў першы. Другі звычайна дадаваў:
—-А калі і пачне піць, то што той конь выжлукціць. I не дурань жа ён, і нас прымусіць выпіць з ім. Зноў не на нашу карысць... Потым яшчэ на смех перад людзьмі выставіць. Ён такі...
Доўга спрачаліся паміж сабою жанчыны і мужчыны, не маглі нічога прыдумаць, але потым усё ж неяк вырашылі, што падпільнуюць на лясной дарозе і з-за куста сякерай па галаве секануць. Тут ужо ніякая сіла не дапаможа. Задаволеныя спаць палеглі, дамовіўшыся, хто з раніцы пойдуць Міканора прасіць дапамагчы бярвенні на воз сцягваць. Ён да іхняй дзялянкі пакіруе, там яны яго і перастрэнуць.
Але ў адным пралічыліся зласліўцы. Справа ў тым, што дачка сярэдняга брата закахалася ў Міканора. Вось яна падслухала гаворку бацькоў, ды яны не надта і хаваліся, размаўлялі ўголас, дачакалася, пакуль яны паснулі, выскачыла з хаціны і памкнулася да Міканоравага дворышча. Ноч была на двары, страшнавата, а ісці трэба было з добрую вярсту, ды ўсё глухім борам...
Калі дабралася да хаціны Міканора, то той яшчэ не спаў, сядзеў перад грубкай, кідаў туды трэсачкі і задуменна глядзеў на полымя, якое то гасла, то ўзгаралася з новай сілай. Побач спяваў-выводзіў сваю адвечную песню кот — верны спадарожнік гаспадара. У гэты момант і грукнула ў дзверы, хлопец ажно ўздрыгануўся.
— Каго гэта там нясе ў такі позні час? Каму гэта не спіцца?
Убачыўшы на парозе дзяўчыну, Міканор зніякавеў, ды тая пачала сама:
— Міканорка, сцеражыся...
— Чаго гэта? Каго мне баяцца? Дзе яны?
— Ды яны не тут, яны заўтра цябе чакаць будуць...
— Хто?
Тут дзяўчына і расказала яму пра ўсё. Міканор выслухаў уважліва, прызадумаўся, а потым рашуча ўстаў і прамовіў:
— Ну што ж, яны так вырашылі, то няхай па-іхняму і будзе, я не супраць!
— Ды ты што, Міканорка? — зайшлася ў роспачы дзяўчына. — Уцякаць табе трэба! Уцякаць, а не чакаць, пакуль яны цябе на той свет справадзяць!
— Я і сам не хачу на той свет! А ўцякаць — тым болей! Чаго гэта я некаму столькі працы пакіну? Я іх проста правучу, каб да скону жыцця запомнілі, як супраць сумленных людзей благое задумваць!
— Вось гэта іншая справа, — узрадавалася дзяўчына.
— Цяпер пайшлі, я цябе дамоў правяду. А за мяне не бойся, я што-небудзь прыдумаю, дзякуй, што папярэдзіла.
Раніцай, толькі сонца над лесам устала, старэйшы з братоў ужо грукацеў у аканіцу да Міканора:
— Уставай, чалавеча! Уставай, не спі гэтак доўга! Гаспадар устаў і, нібы нічога не ведае, спытаўся:
— А што здарылася?
— Ды ці не дапаможаш ты нам сёння лес вазіць? Самі не адолеем, цяжкавата...
— Дапамагу, — адразу пагадзіўся той, — чаму ж добрым суседзям не дапамагчы. Зараз па гаспадарцы парадак навяду і да вас прыбягу. Без мяне не пачынайце, чакайце, колькі часу ні прайшло б.
— Вось дзякуй, суседзе, — замітусіўся той. — Мы табе таксама адпрацуем. За намі не застанецца.
Пабег задаволены нядобразычлівец, а Міканор сабраўся і спакойна пайшоў сабе. Праўда, пайшоў не туды, дзе браты жылі, а зусім у адваротным накірунку. Вырашыў, пакуль што якое, то лепей пашукаць сваіх — дзедку ды бабульку. Ідзе паціху ды ў людзей распытвае. Так амаль да вечара самага кіраваў, і пашанцавала яму — знайшоў чалавека, які добра памятаў тую гісторыю ля царквы, калі яго ўкралі. Дык ён і расказаў Міканору, як да хутара дайсці. Хлапчына нават пераначаваць адмовіўся і, нягледзячы на стому, паджгаў туды. Недзе сярод ночы якраз і дабраўся. Глядзіць — стаіць хатка, пахіленая, старэнькая. Забілася сэрца трывожна, але заўважыў выбітую сцяжынку. Калі сцяжынка не зарасла, то жыве нехта. Пастукаўся ціхенька ў акно. I што ж вы думаеце? Жывыя абое былі — і дзед, і баба. Пазнаць Міканора не пазналі, але як ён ім пра ўсё распавёў, то ледзьве ўголас не галасілі. Сказаў хлапчына, што прыйшоў за імі, каб жыць разам, каб ніколі болей не разлучацца.
3 раніцы запрэглі коніка, паклалі самае неабходнае і паехалі. Калі ўехалі ў тыя мясціны, дзе Міканор хутар меў, то бабулька завойкала:
— Вой, борыста як! Вой, бор які! Вой, борань якая! Якія дрэвы таўшчэразныя!
Мужчыны толькі пасміхваліся, слухаючы, як дзівілася старая. Ажно наперадзе Міканор убачыў двух вяскоўцаў, якія, апусціўшы плечы, пляліся па дарозе. Ухапіў ён добры кол і за імі. Падляцеў ды як пачаў іх пярэсціць, то тыя, што зайцы ў жыце, кінуліся бегчы. Ды хіба ж чалавек сталага ўзросту ад маладога ўцячэ? Добра ім перапала. А Міканор, мала таго, што лупцуе, дык яшчэ і пакрыквае:
— Я вас адвучу людзям пагражаць! Я вас навучу мірна-ціха жыць!
Ледзьве тыя вышкрабліся ад яго. Вярнуўся хлапчына да сваіх і распавёў, з-за чаго ўсё пачалося.
Так, у размовах, і дабраліся да Міканоравай хаціны і сталі жыць-пажываць. Міканор пазней жаніўся на той самай дзяўчыне, якая яго аб небяспецы папярэдзіла. Потым дзеці ў іх пайшлі, унукі. А паселішча тое ад бабульчыных слоў так і назвалі — Борань, значыцца, што бор густы навокал. Потым, неяк незаўважна, і Барань стала.