Адкуль паходзіць назва в. Расна, Сенненскі р-н

  • Печать

RasnaБыў у аднаго пана, які некалі валодаў тутэйшай зямлёй, верны аканом. Звалі яго Пётра.
Hixто не крыўдзіўся на гэтага чалавека, бо ён быў дужа спагадлівы. Заплача ўдава, запросіцца:

– Не гані сёння мяне пане аканом, далёка ад хаціны на працу, бо нешта мае дзеткі замаркоціліся. Дык я да ix пад час полудня збегаю, праведаю, каб чаго благога не здарылася.
– Аканом адказвае ей:
– Добра, i дамой на пару гадзін раней за астатніх падавайся. Я табе дазваляю, а калі-небудзь, як усе жывыя-здаровыя будуць, адпрацуеш. Так i жыў аканом з людзьмі. Зайздросцілі сяляне з іншых вёсак. Памешчык таксама быўзадаволены аканомам. Ніколі не лаяўся на Пётру, не абзываў яго ды не кідаўся рознымі словамі. А калі што трэба было, то звычайна гукаў:
– Аканом, хадзі-ка пасядзім крыху ды пагамонім. Сядуць i, нібы роўныя, гавораць. Потым разыходзяцца.
А аднаго разу пан ужо да таго расчуліўся, што прамовіў:
– Я цябе, Пётра, ніколі са службы не праганю. Нават калі ты ўжо не здужаеш запраўляць маімі справамі, то ўсё роўна застанешся ў мяне. Стану тваім дзецям ды ўнукам плаціць за шчырую службу.
– Дзякую пане, - пакланіўся нізка аканом, але сам падумаў зусім пра іншае.
– Што ты, яшчэ нешта хацеў сказаць?
– Ёсць такая прымаўка ў народзе: "Панская ласка, жончына праўда, сынава жальба – усё толькі да парога".
Гаспадар хутка забыўся на тую гаворку, але Пётра не. Украў ён аднаго разу ў памешчыка гусака i прынёс дамоў. За ўсю сваю працяглую службу ўсяго раз такое i зрабіў. Дазнаўся пра гэта пан i кажа:
– Павешу цябе за гусака!
– Вось, пане, i праўда ваша. Вы ж абяцалі, што ніколі голас на мяне не ўзвысіце, да глыбокай старасці карміць будзеце, а зараз пагражаеце павесіць.
– I павешу, як ты не выкручвайся.
– Бачыш, пане, а мы яшчэ спрачаліся. Ці ж не праўда, што панская ласка толькі да парога?
– Твая праўда, аканом, ты выйграў. Што тая кветка росная-росна, якая на сонца трапляе, так і чалавек заўсёды ад людзей залежыць. Але я ж сваё слова ўсё ж стрымаю: дам табе надзел добрай зямлі i там будуйся. Хто яго ведае, як яно потым станецца...
Даў памешчык Пётру зямлі, i той пабудаваў свой падворак, а хутар назвау Росна, бо вельмі яму запалі ў душу словы пра тую кветку. Значна пазней назву гэту перайначылі i сталі называць вёску - Расна.

ЛІТАРАТУРА
1. Азёры Беларусі ў легендах і паданнях / склад., запіс, апрац. А.М. Ненадаўца. - Мн., 2003. – 327 с. – (Мой родны кут).
2. Вiцебшчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў i паданняў / склад., запiс, апрац. А.М. Ненадаўца. – Мн., 2000. – 478 с. – ( Мой родны кут).
3. Жукоўская, Л. А вада – як срэбра / Л. Жукоўская // Голас Сенненшчыны. – 2003. – 9 верас. – С. 3.
Легенда пра калодзежы ў в. Расна.
4. Лазоўская, Б. Чортаў камень / Б. Лазоўская // Рэспубліка. – 2004. – 27 кастр. – С. 5.
5. Лазюк, А. Незвычайнае ў звычайным / А. Лазюк // Голас Сенненшчыны. – 2000. – 14 лістап., 28 лістап.
Легенды і паданні пра камяні.


КРЫНІЦА - http://vlib.by/
Малюнак - http://catalogr.ucoz.ru/