Міндоўгава карона
- Подробности
-
Опубликовано 21.08.2014 10:32
-
Автор: Млын на сямі колах. Беларускія народныя легенды и паданні. Мінск "Юнацтва", 1998"
Над Новагародкам раскінулася зорная асенняя ноч. Горад спіць, і толькі, курчачыся ад холаду, ходзяць па замкавых сценах вартавыя. Вось сышліся двое з іх, пачалі перашэптвацца. Ноч такая бясконцая, і так пуста ды самотна, калі пад нагамі тваімі спіць горад, а над табою — толькі высокае чорнае неба. Воі - вартавыя знарок намячаюць сабе шлях так, каб час ад часу сустракацца. Два - тры словы — і яны зноў разыходзяцца.
— Гэй, сябра! Я цябе бачу ўпершыню. Скуль ты ўзяўся?
—Я—літовец. Я тут не так даўно. Прыйшоў з тых месцаў, дзе нарадзіўся наш кароль Міндоўг. Я — яго зямляк. А ты?
— Я—Шэраш, тутэйшы, беларусец. Служу Міндоўгу ўжо амаль
цэлы сонцазварот. Але мне не падабаецца тут, і хутка я вярнуся да родных мясцін. Калі ты не супраць, будзем расказваць смешныя гісторыі — так хутчэй ноч бяжыць.
Вочы ў тутэйшага хітра блішчаць. Ён ужо ўбачыў, як, ухмыльнуўшыся, раптам ганарліва выцягнуўся яго субяседнік. Калі б не трэба было разыходзіцца, напэўна, Міндоўгаў зямляк сказаў бы штосьці з пагардай пра тутэйшых. Такіх, як ён, шмат з'явілася з тых часоў, калі князь Міндоўг стаў уладаром беларускага горада Новагародка. I асабліва пасля таго, калі стаў ён называць сябе каралём. Пры наступнай сустрэчы вой-сусед сапраўды пачынае расказваць нейкі жарт пра дурнога тутэйшага, які ўлез з возам у дрыгву і
ніяк не мог зразумець, чаму зямля засмоктвае яго дабро.
Што ж, калі яны сыдуцца ў наступны раз і час прыйдзе расказваць Шэрашу, ён адпомсціць самаўпэўненаму суседу.
Ён раскажа яму пра Міндоўгаву карону.
* * *
З каронай было так. Калі аказалася, што ў Новагародку і Літве няма майстра, які б мог зрабіць яе для самалюбівага і ганарлівага Міндоўга, ён вырашыў дамовіцца аб гэтай важнай справе з кракаўскімі ювелірамі. Тыя згадзіліся за вялікую плату. "Калі Міндоўг хоча быць каралём, няхай і плоціць па-каралеўску", — меркавалі яны.
Карона атрымалася сапраўды цудоўная. Высокая, уся разная, бы абкружаны гатычнымі шпілямі сабор Дзевы Марыі ў Кракаве.
З усіх бакоў, быццам разынкі са святочнага пірага, вытыр
каліся з кароны каштоўныя каменні ўсіх колераў вясёлкі. Вянчаў жа карону велічэзны шліфаваны алмаз. Кракаўскія майстры самі былі вельмі задаволены сваёй работай. Яны напісалі Міндоўгу, што карона гатова, але каштуе яна значна даражэй таго, аб чым было дагаворана, і таму яны патрабуюць даплаты. Чалавек, які прывёз пісьмо, доўга з захапленнем апісваў князю, як выглядае яго карона. I, мабыць, Міндоўг застаўся задаволены, таму што ён адразу ж сабраў неабходную даплату і накіраваў лепшых сваіх людзей у Кракаў па каралеўскі галаўны ўбор. Тады ж быў назначаны дзень каранацыі, і ва ўсе бакі дзяржавы Міндоўга раз'ехаліся ганцы, абвяшчаючы людзям пра Міндоўгаву волю...
* * *
Познім вечарам у Кракаве ў дом ювеліра пастукаліся двое нявядомых. На адным з іх быў манаскі капюшон, які закрываў увесь твар чалавека.
—Пакажы нам карону, якую ты зрабіў для новагародскага князя, — папрасіў ён майстра.
— Панове, я нікому не абавязаны падпарадкоўвацца, акрамя
майго круля. А вас дык я зусім не ведаю. Чалавек у манаскім адзенні прыўзняў капюшон, і ювелір, імгненна замаўчаўшы, апусціўся перад ім на адно калена.
— Ну, а цяпер ты мне пакажаш Міндоўгаву карону? — спытаў
кароль польскі, бо гэта быў менавіта ён. I залатых спраў майстар павёў нечаканых гасцей у дом і паказаў цудоўную сваю работу.
Доўга глядзеў на яе кароль, а потым, нічога не сказаўшы, пайшоў. I толькі на вуліцы ён шапнуў свайму спадарожніку:
— Ну вось, дачакаліся. Цяпер у гэтых выскачак - новагародцаў будзе свой круль. Ці разумееш ты, як гэта небяспечна для няшчаснай Польшчы, якую і без гэтага раз'ядаюць усобіцы. Крулю з Новагародка будзе лёгка пераманіць да сябе частку маіх васалаў.
— Усё так, мой пан. Але што можна тут зрабіць?
— Слухай жа: карона гэтая не павінна дайсці да Міндоўга!
— Мы мусім затрымаць яе ў Кракаве?
— Ні ў якім разе! Я не хачу, каб узнікла вайна! Але карона можа згубіцца ў дарозе.
— А вось гэта — думка, — узбадзёрыўся субяседнік караля.
— Па якому шляху павязуць новагародцы карону з Кракава? Праз пушчу? Ці не ў гэтых мясцінах гойсаюць дабучынскія галаварэзы?
— Дабучынскія? — зацікавіўся польскі кароль.
— Так. За пушчай, амаль на граніцы Літвы з Польшчай, ёсць
мястэчка Дабучын. Яно з усіх бакоў абкружана лясамі, і лясы таксама завуцца Дабучынскімі, бо прыносяць тамтэйшым людзям шмат добрай здабычы, і не толькі зверам ды раслінай. Праз гэтыя лясы праходзіць шлях з Польшчы ў Літву, і многія вандроўнікі становяцца ахвярамі мясцовых разбойнікаў. Дабучынскія галаварэзы іншы раз з'яўляюцца і ў нашых землях. Дарэчы, беластоцкі ваявода даставіў
нядаўна ў Кракаў траіх. Яны зараз у турме, іх павінны павесіць. Але мы маглі б адпусціць аднаго з іх.
У той жа вечар малады вершнік, хударлявы, з глыбокім шрамам
на левай шчацэ, выехаў з кракаўскай брамы і, прагна глынуўшы свежага паветра, сцебануў каня...
* * *
— А ты не жартуеш? — грозна спытаў атаман.
— Навошта? — засмяяўся яму ў адказ малады разбойнік.
Хто цябе ведае, аб чым ты дамовіўся з ляхамі? Можа,
там будзе засада на нас?
— А раней ты мне верыў, Шпак.
— Верыў, так, верыў. Але вось ты — жывы і тут. А двое сяброў нашых, што былі з табою, разгойдваюцца ў пяньковых каралях.
— Ну, хопіць! — успыхнуў малады разбойнік. Ты пакрыўдзіў мяне,Шпак. Я больш з табой не застануся. Лічы, што гэта будзе мая апошняя справа. Я першы выйду на шлях і спыню Міндоўгавых людзей, каб вы мне паверылі. Але за гэта я патрабую сваю частку здабычы вялікі алмаз з кароны.
— Хай будзе так! адказаў агаман...
* * *
У Новагародку Міндоўг чакаў сваёй кароны. Усе тэрміны прайшлі, наступіў дзень, назначаны для каранацыі, а кароны ўсё няма. Новагародак нецярпліва шумеў, Міндоўг нерваваўся. Тады і прынеслі Міндоўгу чорную вестку: яго людзі забіты разбойнікамі ў змрочных Дабучынскіх лясах. Карона знікла. У гневе Міндоўг разбіў любімы кубак, разламаў цяжкай паліцай некалькі лаў і загадаў пакараць
бізунамі весніка. Але адмовіцца ад каранацыі было ўжо нельга. I Міндоўг каранаваўся... медным абручом, які спехам выплавіў для яго з цяжкага падсвечніка спалоханы меднік...
* * *
Шэраш з хітрай усмешкай расказвае суседу, які кіслы быў твар вялікага Міндоўга ў хвіліну, калі на яго галаву святар апускаў нязграбнае меднае ўпрыгожанне, і як нямногія з тых, хто ведаў гісторыю з каронай, у гэты момант з цяжкасцю стрымлівалі ўсмешку. Яго аповед разлічаны правільна: ганарлівы сусед не вытрымлівае і
крычыць:
— Гэта—хлусня! Вам, тутэйшым, проста зайздросна, у вас былі
князі, але нікол і не было свайго караля! А вялікі Міндоўг...
—З'яўляецца звычайным князем,— спакойна працягвае Шэраш.
У вас таксама няма караля, бо нашы разбойнікі пазбавілі яго кароны. Без кароны што за кароль? Сусед чырванее, потым бляднее і, раптам развярнуўшыся, хутка ідзе прэч ад свайго субяседніка. Становіцца халадней. Асенні мароз моцна пакусвае рукі і твар. Асабліва Шэраш адчувае яго ў тым месцы, дзе шчаку яго перасякае шрам—памятка аб былых подзвігах. Ён праводзіць пальцамі па шчацэ і раптам зноў успамінае пра нядаўнюю размову. Ціха смеючыся, Шэраш штосьці дастае з маленькага скуранога кашаля на поясе. Месячнае святло падае на рэч, што трымае Шэраш на далоні. У месячных промнях незвычайна і таямніча зіхаціць вялікі алмаз з кароны Міндоўга.