Баўфалік Іван Афанасьевіч

БАЎФАЛІК ІВАН АФАНАСЬЕВІЧ (нар. 22.01.1930 г., в. Навасёлкі Свіслачскага раёна Гродзенскай вобл.), патомны бондар – і дзед, і бацька ўмелі зрабіць бочку, дзежку, маслабойку.

Трэба падкрэсліць, што месца нараджэння майстра славілася бондарамі, як Поразава – ганчарамі. Працавацьз дрэвам пачаўяшчэ ў дзяцінстве – у 13 год зрабіў даёнку, засвойваў сямейныя традыцыі і майстэрства. Асабліва дабротна выбірае і рыхтуе матэрыял да сваіх вырабаў, бо лічыць, што парушыўшы тэхналогію і тэрміны высыхання дрэва, не зробіць даўгавечнага і надзейнага посуду, які будзе захоўваць каштоўныя якасці прадукта.

Бочкі, зробленыя І. Баўфалікам служаць 20–30 гадоў. Бочкі (50, 100 і 150 літровыя), вёдры, даёнкі, кублы, цэбры, кадушкі, бойкі, дзежкі свіслачскага майстра вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Літве. Вырабы майстра ўпрыгожваюць інтыр'ер "Беларускай хаткі" у Свіслацкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, экспаніруюцца ў Рэспубліканскім музее рэлігіі ў Гродне. Удзельнічаў у рэспубліканскіх дажынках у Мозыры, на розных выставах у рэспубліцы. Цяпер ён перадае сваю бандарную навуку моладзі.

В. В. Швед