Кукса Мiхаiл Мiхайлавiч

  • Печать

КУКСА МІХАІЛ МІХАЙЛАВІЧ (нар. 04.09.1954 г., в. Бурцічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.), патомны бондар з в. Зарыца пад Гродна.

Штуршок да бондарства Міхаіл атрымаў ад бацькі (а той ад свайго бацькі Емельяна), які працаваў на Мажэйкаўскім абознаколавым заводзе і ўмеў рабіць не толькі драўляныя колы, але і хатні посуд. Пры заводзе была бондарская школа, у якой Міхаіл атрымаў дакумент аб заканчэнні курса навучэння. Пасля Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (1976) М. Кукса адпрацаваў у эксперыментальнай гаспадарцы "Усход" Шчучынскага раёна, а з 1976 па 1995 г. працаваў на гродзенскім заводзе аўтаагрэгатаў, дзе дайшоў да пасады галоўнага канструктара па тэхналагічнай аснастцы, зрабіў 35 рацыяналізатарскіх прапаноў і 1 вынаходніцтва, быў узнагароджаны ганаровым званнем "Лепшы рацыяналізатар БССР", "Лепшы канструктар 1983 года".

Несумненна, што канструктарскія і рацыяналізатарскія ўменні дапамагаюць бондару Куксе. Недоўгі час ён узначальваў прадпрыемства па выпуску дзіцячых забавак, якія сам жа і канструктаваў. Але, як гаворыць Міхаіл: "Бондар жыў ва мне заўсёды", таму ён усё ж прыйшоў да бондарства. Першы свой выраб – кадачку для засолкі агуркоў – спаліў, бо яна пацякла і толькі праз пяць гадоў, у 2000 г., вырашыў зноў заняцца бондарствам, рамяслом, якім займаўся дзед і бацька. Творы Куксы можна падзяліць на звычайныя – бочкі, колы, салонкі, вёдры, дзежкі, кубельцы, цэбры, бойкі, куфлі, і ўнікальныя, эксклюзіўныя – драўляны басейн з падагрэвам, разлічаны на 5 тон вады, карэта-бар, бочка-карчма (дыяметр 3 м, даўжыня 4 м), якая стаіць у гродзенскім гарадскім парку адпачынка імя Жылібера. Кукса лічыць, што сёння драўляныя вырабы павінны не толькі адказваць спажывецкім патрэбам, але і дызайнерскім, быць упрыгожваннем. Удзельнік штогадовых святаў дажынак Беларусі і выставаў: Паляшскага народнага кірмаша (2004), абласной філіі майстроў народнай творчасці (2005), Нацыянальнай выставы народнага мастацтва "Жывыя крыніцы" (2006), на якой узнагароджаны дыпломам ІІ ступені.

Апошнія гады стаў далучацца ў вольны ад працы час да бондарства сын Ілля. Першы яго выраб (куфаль) ужо заняў месца на хатняй выставе бацькі. А той задумаў арганізаваць школу бандарства, каб перадаць вучням свае веды: напрыклад, што бочка для салення агуркоў робіцца з дуба, а для квашэння капусты – з асіны, посуд для захоўвання мёду – з ліпы, а для круп, цукру і мукі падыдзе і з клёну. З навучэння дзяцей, на яго думку, будуць працягвацца традыцыі далей і не перарвецца сувязь пакаленняў. М. Кукса марыць стварыць музей бондарнага мастацтва Панёмання, бо сёння зробленае ягонымі рукамі захоўваецца ў адным з пакояў асабістага дома. І будынак музея будзе пабудаваны ім з бочкі вялікіх памераў. "Спыняецца чалавек на выставе побач з маімі бочкамі, бярэ ў рукі адну, другую – і на вачах ператвараецца ў дзіця са шчырай і непасрэднай усмешкай, – гаворыць М. Кукса, – і пакуль ёсць такія людзі, я сваё рамяство не пакіну". З лютага 2005 г. Кукса –сябра Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці, з 2006 г. – Беларускага саюза майстроў народнай творчасці ў галіне бондарства. У 2006 г. узнагароджаны дыпломам за плённую працу па захаванню і развіццю традыцыйных рамёстваў і ўдзел у абласной выставе "Адкуль нашы карані". У 2008 г. атрымаў прэмію гродзенскага аблвыканкама імя А. І. Дубко за творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. У 2012 г. узнагароджаны дыплом ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

В. В. Швед