Скураны абутак
- Подробности
-
Опубликовано 18.11.2013 20:55
-
Автор: http://ethno-tour.grsu.by/
Выраб скуранога абутку (поршні (пасталы), чаравічкі) – да пач. 20 ст. самы пашыраны занятак рамеснікаў Гродзеншчыны.
Поршні ад сучаснага абутку адрозніваюцца адсутнасцю цвёрдых дэталяў (падэшвы, задніка, абцаса), патрабавалі ручной работы, спецыяльных інструментаў, шавецкія калодкі не выкарыстоўваліся. Рабілі ў тэхніцы «вываратка» – з 4- вугольнага кавалка скуры сшываўся верх абутку і выварочваўся наадварот. Па баках праразалі дзіркі, у якія працягвалі скураны раменчык і замацоўвалі на назе. Вядомыя з дагістарычных часоў і выкарыстоўваліся ў вясковага насельніцтва да пачатку 20 ст. пад назвамі «пасталы», «хадакі», «поршні». На Гродзеншчыне «поршні» былі вельмі простымі, без дэкаратыўнага аздаблення, у адрозненні ад іншых рэгіёнаў Беларусі. Карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва, таму да сённяшняга часу захаваўся нават зварот адзін да аднаго «Шавялі паршнёй», што значыць ідзі хутчэй.
Чаравічкі – вядомыя з 11 ст., кроілі з 2–3-х кавалкаў скуры, сшывалі патайным швом і прышывалі да падэшвы «вываратным» спосабам. Важнай аперацыяй лічыўся раскрой скуры. Старажытныя майстры карысталіся выкрайкамі. Самай складанай была выкрайка верху. Рамяство было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. – і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак.
Традыцыя ручнога пашыву «поршняў» і чаравічкаў адноўлена ў Гродзенскім раёне ў 2002 г. рамеснікам Кімкетавым Рамзанам Даўлентавічам. Абутак майстра не мае аналагаў на тэрыторыі Гродзеншчыны і ўяўляе сабой аўтэнтычную з'яву традыцыйнага рамяства па скуры. Майстар зберагае і паўтарае старажытную тэхналогію пашыву «поршняў» і чаравічкаў – «вываратка». Абутак карыстаецца попытам сярод індывідуальных заказчыкаў і прафесійных калектываў Гродзеншчыны і Беларусі: лялечны і драматычны тэатры Гродна, народныя танцавальныя группы Беларусі: «Харошкі», «Белыя Росы» і інш.
Майстар мае асабістую майстэрню, спецыяльнае абсталяванне, дзе можа праводзіць для турыстаў майстар-класы па азнаямленню са старажытнымі і аўтэнтычнымі традыцыямі пашыву абутку. Турысты могуць непасрэдна пазнаёміцца з працэсам пашыву старажытнага абутку, «поршняў» па папярэдняй дамоўленасці па тэл. 8-0152524691, а таксама набыць прадукцыю майстра ў якасці сувеніра непасрэдна ў майстэрні.
C. У. Словік