Вольга Міхайлава

Майстар Міхайлава Вольга (Гродна) больш як 10 гадоў працуе над стварэннем цікавых калекцый жаночых скураных сумачак у старажытнай тэхніцы абплёткі.

Тэхніка абплёткі – абавязковы элемент вырабаў мастачкі. Злучаючы дэталі сумкі ў патрэбную форму, перферыруе краі сумак і абплятае вузкімі скуранымі стужкамі. Пры вырабе прадуцыі Вольга не выкарыстоўвае швейнай машыны і ўсё робіць уручную. Варыянты сумак, зробленыя ў падобнай тэхніцы, сустракаюцца вельмі рэдка і з'яўляюцца надзейнымі, даўгавечнымі ў выкарыстанні.

У дэкоры сумак Вольга Міхайлава выкарыстоўвае драўляныя бусінкі, ракушкі, металічную фарнітуру. Увогуле мастачка любіць эксперыментаваць з формаю сумак, іх дэкаратыўным аздабленнем. Але ўсе яны маюць плаўнасць і гарманічнасць ліній, пластычную выразнасць профілю, адпавядаюць больш фальклорнаму накірунку.

У калекцыі Вольгі мноства самых розных скураных сумачак, але мастачка больш за ўсё любіць вырабляць сярэдніх і невялікіх памераў з доўгай ручкай праз плячо. Вельмі важнае адрозненне скураных вырабаў мастачкі заключаецца ў тым, што яе сумачкі ў сучасных умовах з'яўляюцца вельмі арыгінальным аксессуарам жаночага адзення, падыходзяць пад усе стылі.

Мастачка актыўна прымае ўдзел у ярмарках, гарадскіх выставах, а таксама з'яўляецца сябрам майстроў народных рамёстваў г. Гродна. Некалькі гадоў вяла курсы «Вырабы са скуры» з дзяцьмі і дарослымі. Вырабы Вольгі карыстаюцца попытам як сярод гродзенцаў, так і сярод турыстаў горада. Прадукцыя мастачкі можа быць выкарыстана як сувенір ці падарунак з Гродзеншчыны. Яе дзейнасць і вырабы могуць стаць аб'ектам турыстычнага маршрута «Традыцыйныя рамёствы Гродзеншчыны», падчас якога Вольга з задавальненнем правядзе майстар-клас па дэкаратыўнай апрацоўцы скуры і вырабу жаночых сумачак, а таксама іншых жаночых аксесуараў.

С. У. Словік