Гродзенскае скураное вытворчае аб'яднанне

Адрас: г. Гродна, зав. Перамогі, 10.
Аддзел маркетынга,
Філіповіч Людміла Мікалаеўна,
тэл. 375152 731761;
+375292 802206

 

Гарбарства, рымарства, кушнерства – старажытныя традыцыі на тэрыторыі Гродзеншчыны, якія ўжо больш за 200 гадоў працягвае Гродзенскае скураное вытворчае аб'яднанне. Гарбарства – рамяство па вырабу скур для пашыву абутку і іншых рэчаў для штодзённага ўжытку.Сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы (быкоў, цялят, кароў-ялавак, авечак, коз), зрэдку коней, свіней. Традыцыйная тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстку ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне і апрацоўку. Усе аперацыі праводзіліся ўручную. Мачылі скуры ў рацэ або ў чанах (драўляных бочках), потым апрацоўвалі водным растворам попелу і вапны. Са скур ачышчалі шэрсць і мяздру. Атрыманы паўфабрыкат – галлё – абяззольвалі, каб скура не была ломкай, цвёрдай. Апрацоўка скур уключала фарбаванне, пакрыццё тлушчам ("жыроўка"), глянцаванне (лашчэнне), струганне, мяцце.

У 19 ст. на Беларусі для фарбавання юхты ў чорны колер ужывалі жалезны купарвас, брызэль, чорны сандал, саф'ян, і інш. У якасці тлушчу выкарыстоўвалі бярозавы дзёгаць, алей, ялавічны тлушч. Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці – сысунка), саф'ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура), лайка (з авечых скур). Юхт і апойку выраблялі белага, шэрага і чорнага колераў, саф'ян – часцей каляровы (чырвоны, жоўты, зялёны, чорны). Гарбарства было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. – і ў вёсках. У канцы 19 – пачатку 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працавалі гаспадар з 2–4 рабочымі або членамі сям'і. Пашырана было амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Найважнейшымі цэнтрамі гарбарства былі землі Панёмання: гарады Гродна, Мір, Ліда, Ашмяны, Смаргонь.

На сённяшні дзень з вышэйпералічаных прадпрыемстваў па перапрацоўцы скур на землях Панёмання дзейнічае толькі прадпрыемства ў Гродна. Вытокі заснавання прадпрыемства адносяцца да 2-й паловы 18 ст. Гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз, распачаўшы эканамічныя рэформы, заснаваў у Гродна сярод шматлікіх мануфактур і гарбарную. Ужо ў 1777 г. гродзенскі прамысловы цэнтр налічваў больш 15 прадпрыемстваў, сярод буйнейшых было скураное, на якім у той час працавала 50 работнікаў. Мануфактура мела не толькі машыны (станкі), але таксама інструменты, абсталяванне. Але ўжо у 1806 г. у Гродна дзейнічала толькі тры мануфактуры, у тым ліку і гарбарная, працягваючы сваё функцыянаванне да 1860 г., пасля чаго стала ўладаннем адразу некалькіх гаспадароў. У гарбарнай вытворчасці Гродна да сярэдзіны 19 ст. было каля 25 прафесій. Скура і замша карысталіся попытам на ўнутраным і на знешнім рынку, вывозіліся ў Польшчу і Заходнюю Еўропу. Да пачатку Другой Сусветнай вайны завод знаходзіўся ў прыватным уладанні, у 1939 г. – нацыяналізаваны, у пасляваенны перыяд – пераарганізаваны ў дзяржаўнае прадпрыемства. Сучаснае аб'яднанне па вырабу скур у Гродна мае тры структуры: завод па вытворчасці хромавых скураных тавараў, жорсткіх скур, а таксама завод першаснай апрацоўкі скураной сыравіны.

Такім чынам, можна сказаць, што на працягу больш як 230 гадоў ў Гродна складалася вытворчая прафесійная школа майстроў-гарбароў, замацоўваліся старажытныя традыцыі. На сучасным этапе завод вырабляе хромавыя скуры для верхняй часткі абутку, пальчатак, рукавіц, скуры галантарэйныя, вокладкі для кнігаў, скуры юфтавыя для вырабу рабочага абутку, дублены паўфабрыкат «Wet-Blu» і інш. Тэхналагічны працэс апрацоўкі скур захоўвае свае асноўныя традыцыйныя аперацыі. Каля 70 % прадукцыі завода экспартуецца ў Расію. Завод забяспечвае скураю Гродзенскую пальчаткавую і абутковую фабрыкі. У турыстычна-экскурсійным аспекце вытворчае аб'яднанне мае добры патэнцыял, так як у будучым там плануецца праводзіць масавыя экскурсіі, дзе наведвальнікі змогуць назіраць працэс першаснай апрацоўкі скуры, яе фарбаванне і іншыя аперацыі.

С. У. Словік