Жаночыя ўпрыгожанні са скуры

Жаночыя ўпрыгожанні са скуры на тэрыторыі Гродзеншчыны вядомы яшчэ з дагістарычных часоў.

Напачатку прымітыўныя шнуркі, якія працягваліся ў дзірку пэўнага амулета з каменю ці іншага матэрыялу. З цягам часу абярэгі сталі выконваць эстэтычную функцыю і нават пачалі вызначаць прыналежнасць да той ці іншай сацыяльнай групы. Упрыгожанні рабіліся мясцовымі майстрамі і былі вонкавым паказчыкам сацыяльнага становішча: рэчы строга дзяліліся на аздобы сялянак, гараджанак і жанчын княскага паходжання. Паступова, у працэсе набыцця рамеснікамі майстэрства дэкаратыўнай апрацоўкі скуры, упрыгожанні з гэтага матэрыялу сталі неад'емным элементам традыцыйнага касцюма як жанчыны, так і мужчыны. Невялічкім і тонкім кавалкам скуры аблямоўвалі суконную і аўчынную вопратку, безрукаўкі, галаўныя ўборы, падолы спадніц, фартухоў. Жанчыны упрыгожвалі рукі бранзалетамі, шыю – каралямі, а вушы – завушнічкамі. Неабходна дадаць, што скураныя ўпрыгожанні, у асноўным, былі прыналежнасцю жанчын гарадоў і мястэчак з незаможных сямей.

На тэрыторыі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці майстачка Марыя Уладзіміраўна Дубовік, працуючы ў Цэнтры народных рамёстваў г. п. Рось, актыўна займаецца вырабам жаночых упрыгожанняў. Яна кіруе гуртком «Спадчына», дзе вучыць дзецей ад 7 да 12 гадоў дэкаратыўнай апрацоўцы скуры. Асноўным накірункам яе дзейнасці з'яўляецца выраб жаночых бранзалетаў, калье, завушнічкаў і інш. Аснова ўпрыгожанняў шматлікіх рэчаў мастачкі – скураны шнурок, які вырэзваецца рознымі спосабамі: па кругу, нарэзка па палосцы, упоперак, нарэзка ў розных напрамках, нарэзка палоскі з абодвух бакоў і выцягванне яе ў рэльефны шнурок. У час працы над браслетамі і калье мастачка выкарыстоўвае спосаб апалення скуры для надання аб'ему розным элементам упрыгожання, а таксама метад драпіроўкі скуры ў сырым стане на клеявой аснове. У выніку выраб з такой скуры набывае тую форму, якую яму хацеў надаць майстар. Бранзалеты з драпіраванай скуры маюць невялічкія ямкі, у якія ўкладаюцца каменчыкі, можа быць каляровае шкельца. Для выразнасці сваіх вырабаў М. У. Дубовік разам з дзецьмі выкарыстоўвае спалучэнне скуры рознага колеру, што надае ім загадкавасць. Абавязкова пасля завяршэння працы над упрыгожаннем, вырабы паліруюцца спецыяльным крэмам.

Цэнтр народных рамёстваў у г. п. Рось (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці, тэл. 8-0151232578) створаны спецыяльна для наведвання яго жыхарамі Ваўкавыскага раёна, экскурсантамі, турыстамі з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа ў мэтах пашырэння, папулярызацыі народных рамёстваў. Там жа знаходзіцца выстава, прысвечаная дэкаратыўнай апрацоўцы скуры, а пры жаданні можна набыць згаданыя вырабы ў якасці сувеніра.

Мастачка разам з вучнямі актыўна праводзіць майстар-класы. Наведвальнікі маюць мажлівасць не толькі назіраць працэс ператварэння кавалка скуры ў прадмет упрыгожвання, але і прыняць актыўны ўдзел і авалодаць пэўнымі навыкамі. Асаблівай папулярнасцю скураныя ўпрыгожанні карыстаюцца сярод жыхароў Ваўкавыскага раёна, іх купляюць і для асабістага выкарыстання, і ў якасці падарунка.

С. У. Словік