Мастацкая школа Анатоля Зельберга

  • Печать

Дэкаратыўнае пано са скуры – мастацкая карціна з выкарыстаннем пластыкі і фактуры скуры як асновы жывапісу для ўпрыгожвання інтэр'еру будынка.

Традыцыя ўпрыгожвання сцяны скуранымі рэчамі на Беларусі сягае ў ХVIIст. У вопісе Супрасльскага манастыра 1668 г. значыцца скураная размаляваная завеса. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца фрагмент цісненых скураных шпалераў з густым раслінным дывановым арнаментам з Гродзеншчыны, які датуецца канцом ХVII – пачаткам ХVIII ст. Такія работы маглі выконвацца на каралеўскіх манафактурах Антонія Тызенгаўза ў Гродна і Паставах.
Сучасны майстар з Гродна Анатоль Зельберг даволі паспяхова працуе над скуранымі дэкаратыўнымі насценнымі пано.Выкарыстоўваючы абрэзкавую тэхніку, аплікацыю, пляценне, высокарэльефнае цісненне, багацце фактуры, майстар стварае яркія, арыгінальныя і высокапрафесійныя творы. Значнае месца ў кампазіцыях А. Зельберга займаюць гарадскі пейзаж і помнікі архітэктуры Гродна. Арыгінальнасць яго творчага падыходу ў тым, што майстар выкарыстоўвае скуру як скульптурны матэрыял. Ад высокарэльефнага ціснення яна пераходзіць да аб'ёмнага, свабоднага формаўтварэння. Праз пластыку скуры, яе прыгажосць, А. Зельберг паказвае найлепшыя помнікі архітэктуры, а па сутнасці адлюстроўвае гісторыю старажытнага горада Гродна. Сам майстар мае прафесійную мастацкую адукацыю, закончыў Тэатральны інстытут – аддзяленне дэкаратыўнага жывапісу і бутафорыі.

У 1990 г. у Гродна ім была створана першая дзіцячая Студыя мастацкіх вырабаў са скуры. Сёння ў майстра шмат вучняў, якія ўжо самастойна працягваюць працу над дэкаратыўнай апрацоўкай скуры, маюць майстэрні і прадстаўляюць свае вырабы на беларускім і замежным турыстычных рынках, што зрабіла г. Гродна шырока вядомым цэнтрам скураных вырабаў і мастацкай апрацоўкі скуры. Cярод выпускнікоў студыі ёсць прызнаныя майстры – Міхаіл і Ларыса Макеі, Анастасія Гук і інш.
Анатоль Зельберг з'яўляецца заснавальнікам асабістай студыі па дэкаратыўнай апрацоўцы скуры «Master Berg». З 1991 г. кожныя два гады праводзіць персанальныя выставы, а ў 1992 г. атрымаў першую прэмію на міжнароднай ярмарцы ў Польшы. Скураное пано А. Зельберга ведаюць далёка за межамі краіны, так, ў 2007 г. майстар прадстаўляў Беларусь на першай агульнаеўрапейскай выставе сучаснага мастацтва ў Аўстрыі. Яго працы ўпрыгожваюць інтэр'еры і прыватныя калекцыі ў шматлікіх краінах свету.
Вырабы майстра з'ўляюцца важнай часткай турыстычнай інфраструктуры Гродзеншчыны, так як ўяўляюць сабой непаўторную сувернірную прадукцыю, якую можна набыць пры асабістым заказе па тэлефоне +375 152 522071 і па электронным адрасе Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. ці купіць у мастацкіх галерэях г. Гродна.

С. У. Словік