Скураны пераплёт

  • Печать

Скураны пераплёт кніг – аздабленне рукапісных і друкаваных кнігаў, якое служыла для замацавання лістоў, засцярагала іх ад забруджвання, а таксама выступала ў якасці мастацкага афармлення.

Скураны пераплёт узнік са з'яўленнем пергаментных кніг у форме кодэкса (збрашураваных паміж сабой сшыткаў) і значна ўдасканаліўся за час выкарыстання паперы і з развіццём кнігадрукавання.

Скураным пераплётам займаліся майстры пры буйных адукацыйна-кнігапісных цэнтрах Гродзеншчыны. Сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы (найчасцей быкоў, цялят, кароў-ялавак, зрэдку – авечак, коз). Вядома аб існаванні пераплётнай справы ў Ваўкавыскім манастыры 12 ст. на Гродзеншчыне, дзе было пераплецена «Ваўкавыскае евангелле». Пазней пераплётная справа перамясцілася ў прыватныя друкарні найбольш уплывовых магнатаў, напрыклад, Радзівілаў у Любчы, дзе быў пераплецены «Навагрудскі пралог». Арыстакратыя замаўляла для сваіх уласных кнігазбораў скураныя пераплёты высокай мастацкай каштоўнасці. У сярэдневякоўі быў пашыраны від крышкі пераплёта – дошкі (пазней картон), абцянутай якаснай скурай, найчасцей бурага колеру. На скураным пераплёце часта рабілі цісненні, у тым ліку золатам, аздаблялі каштоўнымі камянямі, жэмчугам. Дэкарыравалі чаканкай, гравіроўкай, чарненнем. Штампы для ціснення выраблялі златары. Такі пераплёт выконваў не толькі ўтылітарную функцыю, але і дэкаратыўную.

Пачынаючы з 90-х гадоў 20 ст. у Гродне традыцыю кнігапераплёту аднавілі майстры дэкаратыўнай апрацоўкі скуры Анатоль Зельбер, Таццяна і Ігар Пярвухіны. Пераплёт выконваецца ад пачатку да канца выключна рукамі майстроў, таму праца можа заняць некалькі месяцаў. Часцей за ўсё выкарыстоўваюць цэльны кавалак скуры, што надае кнізе высокую эксплуатацыйную якасць і калекцыйную каштоўнасць. Скураны пераплёт упрыгожваецца скуранымі аплікацыямі ці інкрустацыяй з прымяненнем іншых каштоўных матэрыялаў. Найчасцей майстры дэкарыруюць кнігі метадам ціснення з прымяненнем розных тэхнік – «сляпое» без фарбаў, рэльефнае, паглыбленае каляровае.

Кнігі ў скураным пераплёце карыстаюцца папулярнасцю сярод наведвальнікаў і жыхароў Гродна, асабліва актыўна выкарыстоўваюцца ў бізнесе. Кнігі, пераплецяныя гродзенскімі майстрамі, унікальныя і непаўторныя, таму могуць разглядацца як помнік кніжнага мастацтва свайго часу на Гродзеншчыне.

Найчасцей скураны пераплёт кніг Таццяны і Ігара Пярвухіных, Анатоля Зельберга можна знайсці ў прыватных калекцыях. Майстры з задавальненнем выконваюць індывідуальныя заказы па папярэдняй дамоўленнасці, праводзяць майстар-класы, актыўна выстаўляюць сваю прадукцыю на рэспубліканскіх, міжнародных і рэгіянальных выставах, святах і фестывалях.

С. У. Словік