Скураныя стужкі
- Подробности
-
Опубликовано 18.11.2013 19:54
-
Автор: http://ethno-tour.grsu.by/
Скураная стужка – старажытны беларускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе стужкі, якая адзявалася на лоб і з'яўлялася важнейшай часткай касцюма вясковых жанчын, шляхцянак і часткі гаражанак.
На сённяшні дзень скураныя стужкі больш вядомыя пад назвай «очелье». Такія ўпрыгожанні лічыліся выключна дзявочымі галаўнымі ўборамі i звычайна рабіліся з бяросты ці лубу, абцягваліся скурай ці тканінай. Вышыня вяночкаў дасягала да 1 да 3 см.
Падчас археалагічных даследаванняў курганоў Панямоння сустракаюцца стужкі найчасцей ca скуры ці тканіны (льняной, шаўковай, парчовай). Налобнае ўпрыгожанне магло быць вышытым ніткамі i бісерам, а ў некаторых выпадках на ix нашываліся металічныя пранізкі, бляшачкі, дадаткова дапасоўваліся скроневыя кольчыкі – «колты». Скураныя стужачкі мелі як функцыю дэкаратыўнага аздаблення касцюма жанчыны, так і выконвалі ролю абярэга ад хваробы, няшчасных выпадкаў, рознага знешняга негатыва i нават смерці, а таксама падтрымлівалі прычоску. У заходніх славян 8–9 ст. былі настолькі папулярнымі, што лічыліся спецыфічным славянскім упрыгожаннем. Ва ўсіх славян набылі асаблівую папулярнасць у 11–12 ст.
На тэрыторыі Гродзеншчыны скураныя налобныя ўпрыгожанні вядомыя ўжо з часоў жалезнага веку. На вялікі жаль, на пачатку 20 ст. скураныя «вяночкі» поўнасцю выйшлі з жаночай моды. Традыцыя насіць скураныя стужачкі была адроджана ўжо пакаленнем «хіппі» у 70-я гг. ХХ ст. і вызначала прыналежнасць да пэўнага культурна-музыкальнага асяроддзя і накірунку.
Вырабам скураных стужак на Гродзеншчыне займаецца майстар з г. Ліда Ксенія Аляксандраўна Ожыгава. Павязкі на галаву са скуры яна пляце ў выглядзе касічкі, але без разрэзаў па краях, а таксам з цэльнага куска скуры, упрыгожанага рознымі каштоўнымі камянямі. Яе вырабы карыстаюцца попытам сярод турыстаў, экскурсантаў, так як з'яўляюцца цікавым традыцыйным і недарагім сувенірам, які можна выкарыстоўваць і ў штодзённым ужытку. Падчас экскурсій у сярэдневяковы замак Ліды, рыцарскіх турніраў налобныя скураныя павязкі, а таксама аксесуары для жанчын – скураныя сумачкі, браслеты можна набыць непасрэдна толькі на галоўнай пляцоўцы замка Гедыміна ў Лідзе. Унікальнымі з'яўляюцца і скураныя званочкі, якія звоняць, таксама адзін з накірункаў дзейнасці Ксеніі.
Майстэрства Ксеніі Ожыгавай можа быць выкарыстана пры правядзенні этнаграфічных экскурсій па Гродзеншчыне, звязаных з традыцыйнымі рамёствамі і этнічным касцюмам на землях Панёмання. Сама мастачка праводзіць майстар-клас для турыстаў і экскурсантаў.
С. У. Словік