Панфілава Ларыса Віктараўна
- Подробности
-
Опубликовано 18.11.2013 17:54
-
Автор: http://ethno-tour.grsu.by/
Панфілава Ларыса Віктараўна (нар. 6.10.1949, г. Барысаў Мінскай вобл.), майстар керамікі, вытворца цацак гліняных і свістуляк у Гродне. З дзяцінства захаплялася маляваннем і музыкай.
Вучылася ў Барысаўскай музычнай школе, Гродзенскім музыкальна-педагагічным вучылішчы, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. Луначарскага. Тры гады працавала ў Астравецкай музычнай школе выкладчыкам па класу баяна і акардэона, а потым да пенсіі – у педагагічным каледжы. Пад уражаннем ад керамічнага пано В. П. Станіна пайшла займацца ў студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ВА "Азот" (настаўнік Г. К. Мазураў).
Засвоіла пляценне з саломкі, бяросты, каранёў, лазы, але сэрца аддала кераміцы, якой вучылася ў Л. С. Міхалёвай – вырабу цацак-свістуляк і керамічных пано фальклорнай тэматыкі. Любоў і адданасць музыцы перанесла на дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Свістулькі Панфілавай адрозніваюцца асобым аўтарскім стылям: яны заўсёды ўсміхаюцца, часта з музычнымі інструментамі ў руках. Керамічныя пано ўяўляюць сабой партрэты і жанравыя сцэнкі (напрыклад, на тэму рэабілітацыя). Удзельніца "Славянскага базару ў Віцебску" (1999 г.), гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў – выстаў, кірмашоў, святаў. Дыпламант другога рэспубліканскага конкурса "Ганчарны круг-2004", кірмаша народных творцаў "Казюкі" у Гродне (2007 г.), міжнароднага фестываля "Паланез-2007" у Слоніме. Узнагароджана Граматай аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама (2007).
В. В. Швед