Філіял "Мікалаеўшчына"
- Подробности
-
Опубликовано 02.09.2013 11:09
-
Автор: г. Стоўбцы, Мінская вобласць
адрас: 222660 Мінская вобласць,
г. Стоўбцы, вул. Сенкевіча, д. 6
тэл. +375 1717 55 438
На радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці працуе філіял музея "Мікалаеўшчына". Гэты жывапісны куточак Панямоння аб'ядноўвае чатыры мемарыяльныя сядзібы –Смольню, Акінчыцы, Альбуць і Ласток – кожная з якіх мае сваю адметнасць, сваё непаўторнае аблічча.
Акінчыцы – мемарыяльная сядзіба. У мінулым засценак, потым вёска.Назва пайшла ад прозвішча шляхціца Акінчыца, які атрымаў у дар ад князя Радзівіла згаданы засценак. Акінчыцы – першае месца службы Міхала Міцкевіча, бацькі паэта, які тут жыў з сям'ёй з 1 красавіка 1881 года да 1 красавіка 1883 года. 3 лістапада 1882 года тут нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас.
Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на свет радзіўся
Пад глухі шум бору,
Позняю парою,
Восенню гнілою.
Якуб Колас. На раздарожжы
У 1982 годзе, да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, згодна з архіўнымі дакументамі, адноўлена сядзіба лесніка-каморніка: хата ў гладкі вугал, крытая гонтай з трыма вокнамі; гумно з аборай пад саламянай страхою; студня з жураўлём; прыгрэбнік; паркан з хваёвых плашчакоў, закладзеных у шулы. Тут жа, ля каморы, яшчэ лёгка прыкмеціць колішні шлях, які мае назву Кацярынінскага тракту. Інтэр'ер Акінчыцкай каморы адноўлены паводле ўспамінаў родзічаў песняра, мясцовых жыхароў. 30 кастрычніка 1982 года мемарыяльная сядзіба прыняла першых наведвальнікаў. Cярод экспанатаў – аналагі рэчаў, якімі карысталася сям'я Міцкевічаў, прадметы сялянскага побыту канца ХІХ ст.
Ласток, або Сухошчына – трэцяе месца жыхарства бацькоў Якуба Коласа. Сюды Міхаіл Міцкевіч перабраўся з Мікалаеўскай лясной каморы 1 лістапада 1885 года і жыў да красавіка 1890 года. Ласток размешчаны за 10 км ад Мікалаеўшчыны, за 4 км ад вёскі Сверынава, былога шляхецкага засценка.
Сярод усіх мемарыяльных сядзібаў менавіта Ласток мае на сённяшні дзень найбольшую каштоўнасць. Ён захаваў свой першапачатковы выгляд з невялікімі рэстаўрацыйнымі зменамі. Хата і гумно, пабудаваныя ў 1885 годзе, захаваліся да нашых дзён. Яны – сведкі жыцця сям'і Міцкевічаў у гэтым благаславёным куточку. Якуб Колас у аўтабіяграфіі пісаў: "Самыя раннія дзіцячыя гады мае прайшлі ў Сухошчыне, або Ластку. Гэта было глухое месца – поле, навокал лес ды адна толькі сяліба лесніка – хата, гумно, хлеў..." Паэт апісвае Ласток таксама ва ўспамінах, у паэме "Новая зямля", у вершаваным апавяданні "Грушы-сапяжанкі".
У 1997 годзе ў Ластку адкрыты 2 пакоі экспазіцыі па матывах паэмы "Сымон-музыка". Экспануюцца копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, пісьмы, дакументы, фотаздымкі, вырабы народных майстроў Стаўбцоўшчыны, творы беларускіх мастакоў.
У 1890 годзе Міхал Міцкевіч, радзівілаўскі ляснік, у чарговы раз змяніў месца жыхарства. 22 красавіка 1890
года ён прыняў Альбуцкую сядзібу, якая стала чацвёртым месцам службы. Архіўныя матэрыялы падаюць гэтую мясціну пад назвай Альбута. Незабыўныя малюнкі дзяцінства і юнацкіх гадоў (Якуб Колас жыў тут з 1890 па 1902 гг.) сталі асновай і тым падмуркам, на якім мацнеў і вырастаў талент паэта.
У Альбуці Кастусь навучыўся чытаць, адсюль хадзіў у народнае вучылішча ў вёску Мікалаеўшчына, менавіта тут ён напісаў свой першы верш. Адсюль паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды ўлетку вяртаўся з Палесся ўжо маладым настаўнікам. Альбуцкія мясціны паэт уславіў у многіх творах. У паэме "Новая зямля" Альбуць апісана як Парэчча.
Парэчча – слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора – лес, як неба – долы,
Зіхціць у кветках лугавіна...
Якуб Колас. Новая зямля
У 1990 годзе ў адноўленай хаце створана літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы "Новая зямля". Экспазіцыя знаёміць з фотаздымкамі прататыпаў герояў паэмы, рукапісамі, выданнямі паэмы розных гадоў, прадметамі побыту сялян ХІХ – ХХ стст. Як працяг да паэмы "Новая зямля" – выстаўка "Пчалярства і рыбалоўства", размешчаная ў адноўленым гумне. Тут можна бачыць рэдкія на сённяшні дзень прылады пчалярства і рыбалоўства, якімі, не выключана, мог карыстацца і дзядзька Антось.
Смольня – літаратурна-мемарыяльны комплекс, былая сядзіба Міцкевічаў (родных Якуба Коласа), якія жылі тут з 1910 г. У мемарыяльнай хаце жылі маці паэта Ганна Юр'еўна (тут яна і закончыла свой век у 1929 г.), дзядзька Антось (памёр у 1918 г.), сёстры паэта Міхаліна, Алена, Марыя, браты Уладзя, Міхась і Іосіф.
У Смольні Якуб Колас бываў некалькі разоў у 1911 – 1914 гг. (у жніўні 1912 года тут адбылася першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы), у 1940 г., пасля вайны ў 1946 – 1952 гг., тут працягвалася праца над паэмамі "Новая зямля" і "Сымон-музыка", напісаны шэраг вершаў, апавяданняў, сядзіба адлюстравана і ў трылогіі "На ростанях". Апошні раз Якуб Колас наведаў Смольню 30 красавіка 1956 года, "хадзіў асцярожна, нібы баючыся, каб не патрывожыць уяўленняў, што ўзнікалі на кожным кроку ў дарагой сэрцу мясціне..." (Максім Лужанін "Колас расказвае пра сябе").
У 1967 годзе ў Смольні быў адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Музейная плошча складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай і літаратурнай. Мемарыяльная хата, дзе доўгі час жыў брат Якуба Коласа Іосіф Міцкевіч з сям'ёй, музеефікавана да 90-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ў 1972 годзе. Інтэр'ер мемарыяльнай хаты адноўлены па ўспамінах родных паэта. Этнаграфічныя рэчы адлюстроўваюць тагачасны сялянскі побыт, тут захоўваецца дух сям'і Міцкевічаў. На сядзібе адноўлены хлеў, гумно, у пабудаваным двухпавярховым будынку змешчана літаратурная экспазіцыя, якая знаёміць з дзіцячымі і юнацкімі гадамі паэта, далейшым яго жыццёвым і творчым шляхам. Пісьмы Якуба Коласа да землякоў, фотаздымкі, каштоўныя дакументы, рэдкія выданні твораў паэта, арыгінальныя матэрыялы не пакідаюць абыякавымі тых, хто наведае гэты адметны і дарагі кожнаму беларусу куточак.
Шлях Коласа. У 1990 – 1992 гг. па ініцыятыве загадчыка аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама А. Грэкава і дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа З. Камароўскай створаны мастацка-мемарыяльны комплекс "Шлях Коласа". Драўляныя скульптуры па матывах твораў паэта тэматычна злучылі музейныя аб'екты і мясціны,звязаныя з імем Якуба Коласа.
Драўляныя скульптуры размешчаны паўз дарогу Стоўбцы – Мікалаеўшчына з адгалінаваннем у леснічоўку Альбуць. "Дарога дзядзькі Якуба", "Сцяжына новазямельцаў", кампазіцыя "Песняй вітаю я вас!", з якіх складаецца "Шлях Коласа", радуюць сэрца сваёй самабытнасцю, арыгінальнасцю, дапамагаюць жывей адчуць непаўторны свет паэзіі Якуба Коласа.
Каб пазнаць душу паэта, трэба пабываць на яго радзіме. Наведванне коласаўскіх мясцін дапаможа глыбей зразумець і асэнсаваць творчасць песняра, ва ўсёй паўнаце сфармаваць уяўленне пра Якуба Коласа як паэта і чалавека.
Фота музея
Источник - http://yakubkolas.by/ru/330/