Музей "Каменны летапіс Зямлі" Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы
- Подробности
-
Опубликовано 18.11.2013 12:22
-
Автор: Берестовицкий район, Гродненская обл.
Email: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Музей заснаваны ў 2005 г. краязнаўцам і настаўнікам Леанідам Раманавічам Калеснікам. Экспазіцыя музея – даволі рэдкі прыклад цікавай прэзентацыі геалагічнага багацця беларускіх зямель. Цераз разнастайнасць карысных выкапняў, аповяд пра асаблівасці іх знаходжання ў зямлі, пошук, здабычу і практыку выкарыстання наведвальнік музея дакранецца не толькі да ўласна геааграфічных адметнасцяў нашых зямель, але больш зразумее змест і характар гаспадарчых заняткаў насельніцтва.
Камяні і іншыя геалагічныя матэрыялы – спрадвечныя спадарожнікі людзей ў Беларусі. Вялікае мноства тапонімаў мае згадку пра камень: "Каменка", "Камянец", "Вялікая Руда", "Каменная". Экспазіцыя музея знаёміць экскурсантаў з "Мінераламі", "Горнымі пародамі", "Карыснымі выкапнямі", "Палеанталагічнымі знаходкамі". Кожна згаданая тэма – гэта новая разнастайная геалагічная і гістарычная калекцыя, дзе звесткі пра багацце зямлі спалучаюцца з матэрыяламі пра духоўнае і матэрыяльнае багацце беларуса.
Каталог музея ўключае 400 арыгінальных экспанатаў. Найбольш прывабнай з яўляецца калекцыя крэменю Беларусі, якая па якасці перасягае калекцыю геалагічнага музея БДУ. Крэмень займае асобнае месца ў жыцці жыхароў нашай краіны. Розныя феномены, звязаныя з гэтым геалагічным матэрыялам самі па сабе выглядаюць вартымі ўвагі: першабытныя крамянёвыя шахты ля с. Краснясельскі альбо рэцэпт прыгатавання крамянёвай вады, якая мае немалыя лекавыя якасці. Веды пра крэмень тлумачаць шмат у штодзённым жыцці людзей розных, асабліва старадаўніх часоў.
Экспазіцыя музея дае магчымасць даведацца пра ўсю геалагічную гісторыю беларускіх зямель і паводле яе зразумець шмат у ходзе тых ці іншых гісторычных падзей.
Наведвальнікам рознага ўзросту могуць быць прапанаваны наступныя экскурсіі: "Свет самацветаў", "Таямніцы ледавіковых эпохаў", "Гісторыя жыцця на Зямлі". Кожная з іх – вынік працяглай экскурсійнай працы з вучнямі і выдатная магчымасць даведацца значна больш пра быццам бы звычайныя камяні ля дарогі і ў полі, заўважыўшы у іх люстэрка вялікіх гістарычных пераменаў.
Гродзеншчына мае і іншыя геалагічныя экспазіцыі. Найбольшыя з іх у Музеі камянёў СШ № 18 у г. Гродна і Гудзевічскім літаратурна-краязнаўчым музеі. Згаданыя калекцыі могуць скласці маршрут вандравання з мэтаю паглыбленага знаёмства з геалогіяй Беларусі. А рэгулярная выстава-продаж "Свет самацветаў", якая ладзіцца неаднаразова на працягу года ў Гродне, можа быць падставаю для адкрыцця "падзейнага" геалагічнага тура па Гродзеншчыне.