Беларусь. Европа, которую Вы не видели

ЛУНА – ВЁСКА НАДНЁМАНСКІХ ЛЕГЕНДАЎ

Луна размясцілася над Нёманам, дзе ўліваецца ў яго імклівая рачулка Лунянка. Нашы продкі выбіралі месца для жылля так, каб яно было цяжка даступным для ворага, давала магчымасць забяспечыць сябе ежай і адзеннем, мела карысць ад гандлёвых зносін. Так і выбралі луняне сабе месца на выспе пасярод балот, акружаных пушчай, на беразе прыгажуні-ракі. Кажуць, ад літоўскай назвы балота "Lunas", а магчыма, ад назвы птушкі Лунь і атрымала населішча назву Луна.

Першы пісьмовы запіс пра Луну захаваўся з нагоды падарунка караля Польшчы Вялікага князя Вялікага княўства Літоўскага Жыгімонта Старога ў 1513 г. князю Канстанціну Крошынскаму, які страціў свае ўладанні пад Смаленскам, захопленым маскоўскім войскам. Падарунак быў часовы – "да поўнага вызвалення бацькаўшчыны ад маскоўцаў".

К. Крошынскі на падараваных землях пабудаваў палац – так узнікла прадмесце Луны Воля. К. Крошынскі не меў сыноў і запісаў каралеўскі падарунак свайму зяцю Янухне Багдановічу Сапегу. З таго часу Сапегі валодаюць Воляй аж да пачатку XIX ст. Сярод уладальнікаў былі такія знакамітыя прадстаўнікі роду Сапегаў, як канцлер Вялікага княўства Літоўскага Аляксандр Міхал (1730-1793), сын Казіміра Лявон, унук канцлера, аўтара Статута ВкЛ Льва Сапегі, які заснаваў новую рэзідэнцыю Сапегаў у Дзярэчыне, 50 км. ад Луны. І легендарны 22-гадовы генерал Францішак Аляксандр, удзельнік збройнага чыну Тадэвуша Касцюшкі, вандроўнік і беларускі Казанова, збіральнік незлічоных каштоўнасцяў Дзярэчынскага палаца, бацька будучага паўстанца Яўстаха Каэтана. Калі за ўдзел у вызвольным паўстанні супраць расійскіх захопнікаў былі канфіскаваны ўладанні Сапегаў, то спіс вывезеных з Дзярэчына багаццяў складаў 124 лісты. У часы Сапегаў Нёман кішэў ад розных тыпаў плавучых сродкаў, якія забяспечвалі гандаль Вялікага княства з Эўропай. У мястэчка Луна і луненцаў лёс склаўся трагічна. Луненцы мужна змагаліся за сваё шчасце і свабоду. Яны удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве, змагаліся з маскоўскім "патопам" 1654–1667 гг., баранілі свае дамы і ад шведаў і ад расіейцаў у гады Паўночнай вайны, змагаліся за незалежнасць касінерамі ў войску Тадэвуша Касцюшкі, ваявалі на баку і Напалеона і расійцаў у вайне 1812 г., у паўстаннях 1830–31, 1863 гадоў, у Першай сусветнай вайне, грамадзянскай вайне, вайне бальшавіцка-польскай, і, апошняй, Другой сусветнай 1939–45 гг. У гэтай вайне найбольш пацярпела яўрэйскае насельніцтва Луны. 2 лістапада 1941 г. з 12 да 18 гадзін усе яўрэі Луна былі абавязаны перасяліца ў гета, агароджанае калючым дротам. 1 Лістапада 1942 г. былі выкліканы сяляне з Луны і навакольных вёсак з вазамі. Усіх яўрэяў, 1549 чалавек, пасадзілі на вазы і вывезлі ў транзітны лагер Калбасіна, адкуль была адна дарога – на смерць. Усе яны загінулі , а ў Луна засталіся іх дамы, сінагогі, крамы... Да гэтай пары многія будынкі выкарыстоўваюцца луненцамі як кватэры, крамы, адміністрацыйныя будынкі... На месцы сінагогі пабудаваны клуб.
Сучаснае Луна называецца аграгарадком. Насельніцтва занята пераважна сельскай гаспадаркай або выязджае на працу у суседнія мястэчкі.
Мясцовасці
Помслівая каралева ў апеку маладажонам
Бона Сфорца, каралева Польская і Вялікая княгіня Літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнулася ўзмацніць уладу караля і Вялікага князя эканамічным шляхам, усяк павялічвала зямельную ўласнасць Ягелонаў. У выніку пажалаванняў, дараванняў і купляў займела шматлікія воласці, вярнула многія захопленыя феадаламі землі, у тым ліку Гродзенскае староства.
Намеснік каралевы Боны Ежы Заляпуха па яе загаду заснаваў на рацэ Лунянцы у 1531 г. месца Луна, дзе пазней, у 1546 г., Бона Сфорца фундавала драўляны касцёл. Наведваючы свае ўладанні, каралева "часцяком ў гэты касцёльчык заходзіла". Дзякуючы ёй, сталі нашыя продкі карыстацца да гэтага невядомымі ім відэльцамі.
Да сённяшняга дня ля касцёльнай агароджы ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта быў закладзены Бонай у падмурак касцёла. І цяпер маладыя пары, якія бяруць шлюб без дазволу бацькоў, прыходзяць да гэтага камня, каб папрасіць каралеву не помсціць ім, як яна гэта зрабіла сваёй нявестцы каралеве Барбары Радзівіл.
Пасля пажару апошні кароль Польшчы і Вялікі князь ВкЛ Аўгуст Панятоўскі фундаваў тут у 1744 г. новы касцёл, мураваны ў строгіх формах класіцызму, які быў перабудаваны і набыў сучасны неакласічны выгляд у 1895 г. на сродкі князя Друцкага-Любецкага.
"Ёсць блізка касцёльчык невялікі, ладна збудаваны і густоўна упрыгожаны, каторы кожную раніцу, поўдзень і вечар найцудоўней звоніць на Анёла Панскага. Не магу перадаць, якое дзіўнае ўражанне пакідае мне гэты дзіўны звон. Штосьці як бы заклікае да вышыні, як бы рассыпаюцца ў паветры музычныя гукі. Упершыню мне прыйшла думка, які прыгожым і глыбокім ёсць касцёльны звычай, нагадваць тым, хто жыве, пра тых, хто адышлі," – так напісала Эліза Ажэшка пра свае ўражанні ад Луненскага касцёла Святой Ганны.
"Рыцар з брыліянтавай душой"
Недалёка ад таго месца, дзе рака Свіслач ўпадае ў Нёман, знаходзіцца вёска Міневічы. Тут, у Міневіцкім, побач з шляхецкім засценкам Багатыровічы, займалася "выбіраннем жмені зярнят з бочкі маку", вывучала жыццё народу Эліза Ажэшка. Менавіта тут яна стварыла свой галоўны раман "Над Нёмнам", а ўладальнік Міневіч Ян Каменскі стаў героем рамана Андрэем Карчыньскім.
Ян Каменскі падчас паўстання 1863 г. стаў цывільным кіраўніком Луненскай акругі. Э. Ажэшка назвала яго ў сваім рамане "рыцарам з брыліянтавай душой". У 1862 г. ён звярнуўся да людзей: "Маці Бацькаўшчына прыгаворана на смерць, як жа дзецям яе не плакаць... Паверце ў міласэрнасць Божую, большую за грахі народу, малю братоў сваіх у поўным з'яднанні выйсьці на адно поле, поле бітвы пад штандарам са знакамі Арла, Пагоні і Міхала Анёла, да адной мэты, якой ёсць вызваленне Бацькаўшчыны".
Двор у Міневічах стаў месцам сустрэч, складам і кузняй зброі для паўстанцаў. Асноўнай зброяй паўстанцаў былі асаджаныя строма косы. Таму паўстанцаў называлі касінерамі.
Пасля паразы паўстання Мураўёў-вешальнік выкарыстаў дадзеныя яму царом надзвычайныя паўнамоцтвы адносна дзяржаўных службовых і выдаў Яну Каменскаму смяротны прысуд, пазней заменены на пажыццёвую катаргу. Ян Каменскі не загінуў. Ён 20 гадоў адбыў у ссылцы ў Сібіры, дзе атрымаў мянушку "кіргізскі кароль" за абарону мясцовага насельніцтва перад чыноўнікамі і непачцівымі купцамі. У 1887 г., дзякуючы Маніфесту цара Аляксандра III, ён змог вярнуцца на Бацькаўшчыну, каб пражыць там яшчэ 8 гадоў і быць пахаваным на парафіяльных могілках у Луне.
Стары млын
А было гэта так. Сустрэліся каля Луны Нёман і Лунянка. Закахаўся магутны Нёман у зграбненькую, танюсенькую, пяшчотную і гаварлівую Лунянку. Але стары сівы Нёман толькі напалохаў маладзенькую Лунянку сваімі заляцанкамі зусім. І вырашыла яна, як большасьць дзяўчат, схітраваць.
Лунянка паабяцала сустрэчу на раніцу наступнага дня. Калі ж Нёман паснуў, яна хуценька пабегла да мора. Ёй так хацелася ўбачыць мора і караблі з пунсовымі ветразямі. Прачнуўся раніцай Нёман і убачыў толькі след жартаўніцы. І кінуўся ён за ею следам, пакінуўшы старое русла. Так і даляцеў да мора, дзе прцягвае шукаць каханую ў марскіх хвалях.
Калісьці стаяў на гэтым месцы вадзяны млын. Млынар быў добрым у сваёй справе. Нідзе так тонка не маглі змалоць зерне. Толькі з гэтай мукі атрымліваўся найсмачнейшы хлеб. А ўсё таму, што малолі муку чароўныя жорны. Даведаўся пра гэта пан і засвярбела яму займець такія жорны. Паслаў ён свіх парабкаў у самую цёмную ноч, каб скрасці жорны. Можа і ўдалося б пану чорная справа, але убачыў певень, як крадуць жорны. Зранку, калі млынар яшчэ спаў, певень закрычаў на ўсё мястэчка: "Ку-ка-рэ-ку! Пан жорны скраў!" Загадаў пан злавіць пеўня і кінуць у студню. А певень усю ваду выпіў і зноў крычаць. Загадаў пан кінуць крыкуна ў печ. А той агонь вадою заліў. Загадаў пан няўгодніка засмажыць, каб яго з'есці. Дык певень у жываце пана далей крычаў. І вымушаны быў пан аддаць млынару жорны.
Кіркут-яўрэйскія могілкі
У Луне яўрэі пражылі не меней за 336 гадоў (ад часу першага дакументальнага ўспаміну ў 1606 г. да 1 лістапада 1942 г.). Успаміны луненскіх жыхароў пра сваіх суседзяў-яўрэяў прасягнуты павагай да іх працавітасці, узаемнай падтрымкі, адукаванасці і вядзення хатняй гаспадаркі.
2 Лістапада з 12 да 18 гадзін усе яўрэі (а Луна было яўрэйскім мястэчкам) былі абавязаны перасяліцца ў гета, мець пры сабе толькі тое, што можна было давезці на тачцы, дзіцячым возіку ці вынесці на сабе. Луненскае гета, агароджанае калючым дротам з уваходам праз адну браму, пачыналася ад дамка Хэлены Дамброўскай да дома Куніцкай, уздоўж вуліцы Ваўпянскай за мастком праз Лунянку пераходзіла на другі бок вуліцы і на Волю. Уся гэта тэрыторыя была абнесена калючым дротам і ахоўвалася. Вартаваць прылеглыя вуліцы прымушалі мясцовае насельніцтва, за што некаторыя панеслі адказнасць пасля вайны. Кажуць, колькі дзён быў у варце, столькі атрымаў гадоў зняволення. Многія дамы у Луне згарэлі у першы дзень вайны, і яўрэі прапаноўвалі пагарэльцам займаць іхнія дамы і жыць там.
Можа яны спадзяваліся, што яшчэ вернуцца ў свае дамы... 1 Лістапада 1942 г. з навакольных весак у Луне былі сабраны сяляне з вазамі. Усё яўрэйскае насельніцтва Луна – 1549 чалавек – было дэпартавана ў межах "Акцыі Райнхард" у Траблінку і Аўшвіц і там забіта.
Аповяды з жыцця яўрэйскай абшчыны
· Моцная засуха паставіла пад пагрозу ўвесь ураджай. Усім кагалам народ звярнуўся да святара:
– Рабін, зрабі так, каб пайшоў дождж, бо спякота ўсё знішчыць.
– Не, не зраблю.
– Чаму?
– Бо вы не верыце!
– Верым, толькі зрабі, верым!
– Не, не верыце! Каб верылі, то прыйшлі б з парасонамі.
· Як тут не ўзгадаць верш Ф. Багушэвіча "Падарожныя жыды", калі двое беларусаў, што падвозілі яўрэяў, не захацелі адзін аднаму саступіць дарогу на вузкім мосце і распачалі з-за гэтага бойку:
"І можа б, так насмерць пабілі,
Дык хітра ж і жыдкі зрабілі:
Той перасеў таму на воз, а той туды.
І так запхалі абодва без бяды;
І мужыкам так стала бліжэй да дому,
І крыўды ніякой нікому.
Пазналіся жыдкі, пагергаталі,
Дык мужыкі і біцца перасталі,
А што, каб так і мы зрабілі,
А можа бы і нас не білі?"
Магіла Яна і Цэцыліі

Непадалёк ад таго месца, дзе рака Свіслач упадае ў Нёман, размясцілася вёска Багатыровічы. Тут знаходзіцца легендарная магіла Яна і Цэцыліі, пра якую таксама распавядае Э. Ажэшка ў сваім рамане "Над Нёмнам". А было гэта так...
У тыя далёкія часы, калі ліцвіны прынялі хрысціянства, у самы гушчар Гродзенскай пушчы, прыйшла маладая пара і стала жыць, выбраўшы найпрыгажэйшае месца. Праз 100 гадоў разыйшоўся па пушчы слых, што Ян і Цэцылія (так называлі сябе прышэльцы) збудавалі найпрыгажэйшы дом, збожжа засяваюць, дзяцей і ўнукаў гадуюць. Ажно да караля Жыгімонта Аўгуста і яго прыгажуні-жонкі Барбары Радзівіл дайшлі гэтыя чуткі. Кароль так зацікавіўся, што задумаў ўсё ўбачыць сваімі вачамі. І ўбачыў ўсё так, як казалі.
І надаў кароль усяму роду Яна і Цэцыліі прозвішча Багатыровічы за іх багатырскі чын, а шляхецкі герб ім – галава зубра на залатым полі. Калі Ян і Цэцылія памерлі, то пахавалі іх на пагорку, дзе роў аддзяляе яго ад вёскі. Узносіцца над магілаю драўляны крыж з выявай Хрыста. А на двух камянях незразумелыя знакі і дата 1549.

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить