ПРЫНЁМАНСКІМІ ШЛЯХАМІ Я. КАРСКАГА
- Подробности
-
Опубликовано 14.06.2013 18:24
-
Автор: АЛЕСЬ КРОЙ, ВІТАЛЬ КАРНЯЛЮК, ІВАН БУДНІК
Шаноўныя сябры, мы прапануем Вам прайсці шляхам вялікага вучонага Яўхіма Карскага, які больш 100 гадоў назад вандраваў па гэтых мясцінах, ствараючы этнаграфічную карту беларусаў. Падчас нашага падарожжа Вы пачуеце пра багатую, але забытую гістарычную спадчыну гэтых мясцін, убачыце атракцыйныя турыстычныя аб'екты, будзеце зачараваны ляснымі і воднымі краявідамі, пазнаёміцеся з цікавымі людзьмі, зможаце паспрабаваць беларускія стравы, набыць сувеніры і проста добра адпачыць.
Дадзены маршрут працягласцю больш за 130 км. праходзіць па тэрыторыі Гродзенскага, Бераставіцкага і Мастоўскага раёнаў Гродзенскай вобласці і ўяўляе сабой цікавасць для навукова-пазнавальнага, этнічнага і актыўнага турызму.
Дадзены маршрут працягласцю больш за 130 км. праходзіць па тэрыторыі Гродзенскага, Бераставіцкага і Мастоўскага раёнаў Гродзенскай вобласці і ўяўляе сабой цікавасць для навукова-пазнавальнага, этнічнага і актыўнага турызму.
Ён ахоплівае 7 населеных пунктаў Гродзеншчыны, звязаных з жыццём і дзейнасцю акадэміка Я. Карскага: Лаша – Луцкаўляны – Гудзевічы – Абухава – Коматава – Мігова – Гродна – Каробчыцы.
Яўхіма Карскага па праву можна назваць прадаўжальнікам асветніцкай дзейнасці Францыска Скарыны – усходнеславянскага першадрукара XVI ст. У сваёй фундаментальнай трохтомнай працы "Беларусы" Я. Карскі на падставе глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвекавой культуры беларусаў упершыню навукова абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа.
Вядомы філолаг, этнограф, палеограф і фалькларыст Я. Карскі нарадзіўся ў 1861 г. ў в. Лаша недалёка Гродна. За свае вялікія навуковыя заслугі Я. Карскі атрымаў званне акадэміка Пецярбурскай і Чэшскай Акадэмій навук, ён з'яўляўся правадзейным членам Інстытута беларускай культуры і быў старшынёй камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Падчас шматлікіх экспедыцый па Гродзеншчыне акадэмік Карскі аб'ехаў больш сотні мястэчак і вёсак, вывучаючы асаблівасці беларускай мовы і межы яе распаўсюджання. Працуючы ў Варшаўскім універсітэце, ён праводзіў лета разам з сям'ёй найчасцей у наднёманскім краі (Мігова, Панямунь), дзе ён адпачываў і працаваў.
На малой радзіме Карскага ў в. Лаша захаваўся будынак, дзе быў адчынены першы музей Я. Карскага. У гімназіі №1 у Гродне працуе новы музей Я. Карскага. Гімназія носіць імя славутага земляка. Штогод лепшыя вучні гімназіі атрымоўваюць стыпендыі імя Я. Карскага. У Гродне іменем Я. Карскага названы вуліца і абласная бібліятэка. У 1990 г. урад Беларусі ўстанавіў 8 стыпендый імя Я. Карскага. У гродзенскім універсітэце праводзяцца міжнародныя Карскія чытанні, куды прыязджаюць вучоныя з розных краін.
Мясцовасці
На малой радзіме акадэміка (Лаша)
Малая радзіма Карскага – вёска Лаша, што знаходзіцца ў 7 км. ад шашы Гродна – Ваўкавыск і размясцілася над рэчкай Лашанкай. У вёсцы яшчэ адчуваецца дух Карскіх, захаваліся месцы і памяць, звязаныя з іх жыццём.
Вёска ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1539 г., яна была валасным сялом, дзе ў XVI ст. існавала царква св. Міколы, якая пазней стала уніяцкай, а ў 1839 г. зноў ператворана ў праваслаўную. У XVI – XVII ст. Лаша ўваходзіла ў склад каралеўскай эканоміі, пасля падзелу Рэчы Паспалітай адыйшла Расіі. У пачатку ХІХ ст. у Лашы з'явілася сям'я Карскіх з прыбыццём сюды Вікенція Карскага. Ён паходіў з дробнай шляхты і пачаў тут служыць у мясцовай царкве. З гэтай сям'і выйшла некалькі пакаленняў дзячкоў. У сярэдзіне ХІХ ст. пры царкве працавала прыхадская вучэльня, куды ў 1857 г. на пасаду настаўніка быў прысланы 17-гадовы Фёдар Мікалаевіч Навіцкі. Тут ён сышоўся з сям'ёй мясцовага дзячка Ануфрыя Вікенцьевіча Карскага і ажаніўся з яга дачкой Марыяй. У 1861 г. у іх нарадзіўся сын Яўхім, які стаў знакамітым вучоным. Фёдар Мікалаевіч Навіцкі з сям'ёй у 1868 г. пераехаў у вёску Ятра Навагрудскага ўезда, дзе таксама працаваў настаўнікам. Сям'я Навіцкіх была вялікая і складалася з 8 чалавек, таму пазней Яўхіму прышлося самому зарабляць грошы на вучобу.
Лаша – старадаўняя беларуская вёска з адметнай беларускай культурай, мовай, традыцыямі, якія вывучаў і запісваў Іван Ануфрыевіч Карскі, дзядзька Яўхіма. Сям'я Карскіх аказала значны ўплыў на станаўленне малога Яўхіма, які пазней узяў гэтае прозвішча. Іван Карскі атрымаў духоўную адукацыю і спачатку працаваў настаўнікам, а потым на працягу 47 гадоў служыў дзячком у розных цэрквах Гродзенскай губерні. Ён паўсюль збіраў фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы і адсылаў іх вядомаму этнографу П.В. Шэйну.
На лашанскіх могілках у 1880 г. ён паставіў помнік сваім суродзічам, які захаваўся да нашых дзён. Побач стаіць і помнік самому Івану Ануфрыевічу Карскаму.
У Лашы 1902 г. быў узведзены новы будынак школы, дзе працавала двухкласнае народнае вучылішча. У савецкі час у ім працавала няпоўная сярэдняя школа і насіла імя акадэміка Я.Ф. Карскага, на будынку яе ўстаноўлена ў яго гонар мемарыяльная дошка. У 1964 г. краязнаўцам А.П. Цыхуном у ёй быў створаны музей акадэміка Я.Ф. Карскага, напісаны пра яго краязнаўча-біяграфічны нарыс. Нязменным кіраўніком музея была настаўніца Якімовіч Н.У., якая жыве ў Лашы. У 1991 г. школа была закрыта з-за скарачэння колькасці вучняў, а пасля закрыты і музей.
Луцкаўляны
У вёсцы Луцкаўляны з гонарам ушаноўваюць імя акадэміка Я.Ф. Карскага як свайго земляка, які зрабіў надзвычай вялікі ўклад у навуку. Вёска размясцілася каля шашы Гродна – Вялікая Бераставіца ў 30 км ад Гродна.
У цэнтры Луцкаўлянаў знаходзяцца культурна-асветныя ўстановы: сярэдняя школа, дом культуры, мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей. У ім экспануюцца матэрыялы пра акадэміка Я.Ф. Карскага, яго асабістыя рэчы; пададзены звесткі і матэрыялы пра вядомага краязнаўца і даследчыка творчага шляху акадэміка – А.П. Цыхуна; абсталяваны экспазіцыі пра славутых землякоў.
Цяпер Луцкаўляны – цэнтральная сядзіба сельскагаспадарчага кааператыва, які носіць імя першага і шматгадовага яго старшыні Пятра Дзеншчыкова. З пісьмовых крыніцаў яна вядома з 1784 г. як невялікае паселішча, якое адносілася да маёнтка Ляхнова. З тых часоў вёска значна вырасла і змянілася. Сучасныя Луцкаўляны – буйны населены пункт у раёне, дзе працуюць дом культуры і бібліятэка, пошта, два магазіны, адкрыта спецыялізаваная крама "Луцкаўлянскі хлеб".
Недалёка ад цэнтра вёскі на беразе невялікай рэчкі Індурка стаіць стары вадзяны млын, які цяпер працуе на электрычнасці (па аўторках і суботах). А ў 5 км. ад Луцкаўлян на рацэ Свіслач у пасляваенныя гады (у 1953 г.) была пабудавана першая на Гродзеншчыне электрастанцыя, якая пазней была закрыта, а нядаўна зноў адноўлена.
Гудзевічы
Вёска Гудзевічы з'яўляецца своеасаблівым духоўным цэнтрам у рэгіёне, дзе як бы ўвасоблены думкі Я.Ф. Карскага пра беларускую нацыянальную самабытнасць, дзе ўсё па-беларуску, на беларускай мове, па беларускіх звычаях і традыцыях.
Вёска слаўная на ўсю Беларусь сваім багатым літаратурна-этнаграфічным музеем, заснаваным у 1965 г. у мясцовай сярэдняй школе настаўнікам беларускай мовы Алесем Мікалаевічам Белакозам.
Спачатку музей працаваў на грамадскіх пачатках, а з 1990 г. стаў дзяржаўным. Ён размяшчаецца ён у двух будынках, адзін з якіх – старая сялянская хата XVIII ст. з прадметамі хатняй гаспадаркі сялян, пакрытая саламяным дахам, якая сама з'яўляецца этнаграфічным помнікам.
Музей змяшчае звыш 12 тыс. экспанатаў, размешчаных у васьмі экспазіцыях. Экспанаты расказваюць пра пісьменнікаў, вучоных, дзеячоў культуры Гродзеншчыны і Беларусі, тут выстаўлены іх кнігі і асабістыя рэчы, а таксама прылады працы сялян, прадметы народнага побыту, старадаўнія адзенне і ўборы, вырабы з лёну, саломкі, лазы, дрэва, гліны, экспануюцца творы мастацтва, спосабы народнага лячэння травамі і зёлкамі. Кожны наведнік музея атрымоўвае кавалачак крэменю для ачышчэння вады і ўмацавання здароўя. У музеі ў якасці сувеніраў можна набыць тканыя паясы або закладкі.
Экскурсіі праводзіць як стваральнік музея Заслужаны настаўнік Беларусі А.М. Белакоз, так і падрыхтаваныя ім экскурсаводы – работнікі музея.
У вёсцы традыцыйна ладзяцца беларускія народныя святы (каляды, вялікдзень, провады зімы, дажынкі).
Абухава, дзе "гоманасна"
Вёска Абухава знаходзіцца недалёка ад Мігова, дзе любіў адпачываць Я.Ф. Карскі. Ён неаднаразова бываў у гэтай вёсцы і вывучаў тут мову, гаворку і побыт яе жыхароў. Тут занатаваў ён уразіўшае яго слова "гоманасна". Упершыню Абухава ўзгадваецца ў 1559 годзе... Сёння гэта цэнтр сельскага Савета Гродзенскага раёна ў некалькіх сотнях метраў ад аўтамагістралі М-6 Гродна-Мінск.
У 1599 г. Абухава была каралеўскай вёскай Котрынскай воласці Гродзенскай эканоміі, у якой пражывала 78 гаспадароў, а разам 600-800 чалавек праваслаўнага веравызнання. Яны мелі 244 валы,149 коней, а ў каралеўскую казну плацілі 4,5 тысяч літоўскіх грошай, што сведчыць пра высокі ўзровень дабрабыту. Мінскі гісторык Андрэй Янушкевіч, родам з Абухава, падае іншую лічбу: плацілі абухаўцы ў каралеўскі скарб 43 з паловай капы грошай, а гэта 2610 літоўскіх грошай. Нават на гэтыя грошы, можна было цэлы год трымаць на забеспячэнні 400 жаўнераў. У ваколіцах Мігова ў XVI ст. вёска Абухава была самая вялікая, яна была цэнтрам войтаўства ў якое ўваходзілі вёскі Пужычы, Плавы, Сіўкава (тады Гарадзіслаў), Завадзічы. Паходжанне назвы Абухава верагодна ад беларускай мянушкі"Абух", які магчыма быў пратапластам баярскіх радоў Абуховічаў.
Насупраць Абухава, у Абуховічах, магчыма жылі баяры, якія неслі ваенную службу, перавозілі каралеўскую пошту, а таму вызваляліся ад падаткаў і мелі прыватную зямлю.
Сёння Абухава – цэнтр шырока вядомага ў Беларусі сельгаскааператыва "Абухава", у якім інтэнсіўна працуе гаспадарка, вядзецца шырокае жыллёвае будаўніцтва і добраўпарадкаванне.
Недалёка, на захад ад вёскі, знаходзіцца самы буйны ў Гродзенскай вобласці грамадзянскі аэрапорт "Абухава". Пабудаваны ў 1984 г. пасля закрыцця аэрапорта каля вадасховішча "Юбілейнае". На прылеглай тэрыторыі планавалася гасцініца, рэстаран і іншая інфраструктура аэрапорта. Праз нейкі час пабудавалі вялізны гмах. Але запатрабаванасць аэрапорта зменшылася ў 90-я гг. у некалькі разоў, і гэты недароблены будынак гасцінічнага комплекса стаіць незапатрабаваным. Некалькі гадоў аэрапорт за адносна невялікі кошт праводзіў абзорныя экскурсіі на абсталяваным самалёце па навакольных мясцінах. Але з-за недахопу ахвотнікаў і высокага сабекошту палётаў паветраныя экскурсіі пакуль адменены. Пры наяўнасці пастаянных экскурсантаў кіраўніцтва аэрапорта "Абухава" гатова сваё рашэнне перагледзяць.
Паселішча, старэйшае за Рым (Коматава)
Коматава з яго царквой Святога Спаса на беразе Нёмана з'яўлялася духоўным цэнтрам акругі ад XVI ст. Нёман у час паводак падмываў яе, драўляныя сцены падгнілі і ў ХІХ ст. на той час уніяцкую царкву перанеслі на новыя могілкі. А Новую царкву пабудавалі ў 1847 г. Пасля рэканструкцыі 1865 г. свае аблічча яна захавала да сёння. Больш як 100 гадоў назад Я.Ф. Карскі, як веруючы чалавек, адпачываючы ў суседнім Мігове, пастаянна наведваў царкву са сваёй сям'ёй.
Вёска Коматава – адно з найстарэйшых паселішчаў на Гродзеншчыне, старэйшае нават за Рым. Упершыню археалагічныя раскопкі ў гэтых мясцінах праводзліся напрыканцы ХІХ ст. Аказалася, што там, дзе Нёман прарываў ўзвышша, былі самыя старажытныя стаянкі людзей на Гродзеншчыне. Першыя паселішчы на Панямонні, на думку розных вучоных, узніклі 11-13 тыс. гадоў назад. Вядома, што да ліцвінаў-беларусаў у гэтых месцах жылі нашыя далёкія балцкія продкі – яцвягі і інш. У Іпацьеўскім летапісу ёсць яцвяжскія правадыры – Комат, Шурпа. Калі Комат мог быць "вінаваты" у тым, што ўзнікла такая назва паселішча, то прозвішча Шурпа ў наш час меў вядомы паэт з суседняй Саволеўкі.
На тэрыторыі Коматаўскай царквы ў асноўным пахаваны землеўласнікі маёнтка Мігова і іх родныя, святары і іх родныя.
У сувязі з будаўніцтвам на Нёмане ГЭС і затапленнем вадой прылягаючых да рэчышча ракі берагоў было праведзена даследаванне гэтых тэрыторый. І вось з пачатку даследаванняў з 2003 г. чарга дайшла да Коматаўскага могільніка.
Там, дзе ў XVI ст. стаяла царква Святога Спаса, знаходзяцца познесярэднявечныя могілкі, на раскопках якіх працуюць выкладчыкі-археолагі і студэнты Мінска, Гродна і звычайныя валанцёры. Археолагі знайшлі тут больш за трыста камянёў-помнікаў. Могільнік хрысціянскі, бо дзесяткі камянёў пазначаны шасціканцовымі крыжамі візантыйскага тыпу з папярэчкамі. На "маладых" валунах выбіты даты пахавання XVIII – XIX ст. Падчас раскопаў знойдзена шмат новых матэрыялаў па сярэднявечнаму перыяду. Гэта кераміка, манеты XVI ст. часоў Жыгімонта Аўгуста, пусьенэ, а таксама шкілеты, якія пасля даследаванняў будуць перазахаваны па хрысціянскіх абрадах. Сённяшнія коматаўскія могілкі знаходзяцца яшчэ на больш высокім узвышшы.
Вядомыя асобы
Амельяновіч Іосіф – коматаўскі святар, які 27.03.1944 г. падчас акружэння Коматава нямецкімі аўтаматчыкамі змог пераканаць іх, што жыхары Коматава не вінаваты ў нападзе на немцаў на хутары Мар'янаўка. Гэтым ён выратаваў жыхароў вёскі ад растрэлу, а ўдзячныя жыхары добрым словам успамінаюць і шануюць былога святара. У памяць пра гэта дзячок Барыс Уткін напісаў Коматаўскую ікону Божай Маці. Амельяновіч Іосіф застаўся святаром і пры саветах.
Паходзіў з Коматава і Будзіловіч Антон Сямёнавіч (1846 – 1908 гг.), вядомы славіст, член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі навук. А. Будзіловіч і Я. Карскі нарадзіліся па абодва бакі Нёмана, у межах 10-15 км. былі іх малыя радзімы. Яны былі вельмі вядомымі і паважанымі навукоўцамі-славістамі. Першы амаль забыўся пра сваю радзіму, хоць некалі і пачынаў з краязнаўчага артыкула пра Камянецкую вежу, другі не толькі часта падарожнічаў па родных мясцінах, але стварыў фундаментальныя працы для свайго народа. Такія блізкія геаграфічна і такія розныя ў адносінах да ўласнай культуры асобы.
Насупраць Коматава ў ХІХ стзнаходзіўся завод паравых караблёў.
Багаты землеўласнік О'Бріён-дэ-Лясі (Дэляс) меў завод па будаўніцтву караблёў ў в. Горны і у г. Пінску. Тут ў 1887 г. быў пабудаваны гандлёва-пасажырскі паравы карабель "Дзевайціс", моц рухавіка яго складала 88 конскіх сіл. Паравыя караблі пасля пабудовы ішлі на Піншчыну і Віслу. З супрацьлеглага боку Нёмана і з самога Коматава яшчэ можна заўважыць выкладзеныя на востраве-дамбе камяні, занесеныя пяском і парослыя хмызняком.
Масты. Дарога ад сучасных могілак некалі вяла проста на мост праз Нёман на вёскі Пескі і Віцькі. Тут быў інтэнсіўны стратэгічны пераход праз Нёман, бо пры пераадоленні Нёмана з правага берага адкрывалася выйсце на Скідзельскі тракт, з левага – на Індурскі. Масты будаваліся ў ваенных мэтах. На апошніх картах в. Пескі няма, а Віцькі сталі Віткамі...
...Пасля пабудовы ГЭС на Нёмане утворыцца і вялікае вадасховішча, а з ім і новыя магчымасці для актыўнага воднага турызма.
Мігова
У 18 км. ад Гродна і двух кіламетрах ад Коматава ніжэй па Нёмане размясцілася вёска Мігова, якую ўпадабаў для адпачынку Я. Карскі. Будучы рэктарам Варшаўскага універсітэта ён прыязджаў адпачыць, працаваць, адсюль выбіраўся ў розныя вандроўкі па ваколіцах, рабіў запісы, слухаючы мясцовую беларускую мову, працуючы над "Беларусамі". Звычайна Я. Карскі здымаў дачу ў маёнтку Мігова.
Упершыню Мігова ўзгадваецца ў 1558 г. у "Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі". Гэта вёска адносілася да Саволеўскага войтаўства Каралеўскага двара Котра. Гэты двор разам з 10 іншымі дварамі забяспечвалі харчаваннем Каралеўскі двор у Гродне, што належыў Вялікаму князю Літоўскаму.
У геаграфічным слоўніку Польскага каралеўства (6 том, Варшава,1885 г.) гаворыцца пра землеўласніка Мігова Аляксандра Абуховіча і падаецца інфармацыя пра два іншыя Мігова на тэрыторыі паўночнай Польшчы.Назвы падаюцца і як нямецкага паходжання ад слова "Müggau". Сярод звестак пра жыхароў Мігова XVI ст. у "Пісцовай кнізе" ёсць прозвішча (?) Міговіч Аляксей. Можа яго продкі былі першыя пасяленцы ў гэтай вёсцы? У кароткім тапанімістычным слоўніку Беларусі Вадзіма Жучкевіча знаходзім блізкае слова Мігоўшчына, паселішча ў Крупскім раёне, назва ад прозвішча Мігун. Характэрна таксама, як і у Абухава, так і ў суседніх вёсках амаль 90% прозвішчаў з самым старажытным канчаткам на "іч", якія найбольш характэрныя для беларусаў, палякаў, сербаў і харватаў.
У XVI ст. жыхары Мігова мелі 15 валокаў зямлі сярэдняга грунта і былі на цяглай службе. У XVII ст. падчас "Невядомай вайны" 1648–1667 г. з Расіяй навакольныя вёскі моцна пацярпелі. Насельніцтва Гарадзенскага павету скарацілася на 34%. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай напрыканцы XVIII ст. нашыя землі апынуліся пад Расіяй. Мігова ўваходзіла ў Гарадзенскі павет Літоўскай губерні. Коматаўская царква была ўжо уніяцкай, імёны мігоўцаў у значнай ступені сталі мяшанымі, праваслаўна-каталіцкімі. У 60-я гг. ХІХ ст. былыя жыхары вёсак маёнтка Мігова – Пескі і Віцькі моцна пацярпелі з-за дзікунскага казацкага набегу, у тым ліку жанчыны і дзеці. Для сувязі з супрацьлеглым берагам Нёмана мігоўцы тады мелі свой паром праз Нёман. За асобную плату мігоўцы трымалі паромшчыка з вольных сялян, які перавозіў людзей і грузы на другі бок Нёмана. Такім чынам сяляне гандлявалі ў Скідзелі і на пароме праз Нёман ездзілі ў Індуру. У маёнтку ў розны час было 4-5 корчмаў, дзе мясцовыя сяляне, калі не былі заняты прыцай, бавілі свой час. Падчас Першай сусветнай вайны шмат мігоўцаў вымушаны былі пайсці ў бежанства на тэрыторыю Расіі. З-за голада і хвароб шмат хто і не вярнуўся. Быў спалены гаспадарскі маёнтак "Шлегеліхі", засталася толькі частка адрыны. Былі спалены дачы, што здаваліся ў арэнду (у тым ліку і Карскіх) на землях маёнтка Мігова.
Сёння ад маёнтка Мігова засталася толькі скамечаная памяць. Вёска Александрова, што славілася на ўсю акругу платагонамі, мае людзей пенсійнага ўзросту, а ў Мігова засталося жыць 3–4 чалавекі з тутэйшых, астатнія – "дачнікі" з горада і аматары бахуса.
Гімназія №1, Гродна
У 1990 г. у Гродне была адчынена першая школа-гімназія №30, якая носіць імя Я. Карскага. На той час першы школьны музей Я. Карскага ў Лашы ўжо быў зачынены, а частка экспанатаў і кніг падораных К.Крапівой была расцягнута. Са згоды дырэктара школы-гімназіі №30 Р.І. Можджар настаўнікамі і вучнямі, пры падрымцы А.П. Цыхуна 4 лютага 1995 г. новы музей Я. Карскага быў урачыста адчынены.
Значная частка захаваных экспанатаў лашанскага музея была перанесена ў школу-гімназію №30. Частка экспанатаў захоўваецца ў музеі Луцкаўлян, частку атрымала абласная бібліятэка імя Я. Карскага. Пазней, у маі 2006 г., пры падтрымцы "Гроднаэнерга" было адрамантавана іншае памяшканне і новая пашыраная экспазіцыя была таксама ўрачыста адкрыта ў музеі гімназіі №1.
... Гімназія №1 (Школа-гімназія № 30) з пачатку сваёй дзейнасці звязала адукацыйны працэс з імем і спадчынай акадэміка Я. Карскага. Стварэнне музея стала пачаткам новых творчых спраў у гімназіі. На базе музея арганізавана дзейнасць школьных экскурсаводаў, дзе настаўнікі Т.І. Еўтух, А.М. Зянько (яны маюць свае карані ў в. Лаша), пазней В.Р. Карнялюк, І.Ф. Прытульчык творча займаліся падрыхтоўкай гімназістаў для правядзення экскурсій і пашырэння іх кругагляду.
Важным накірункам працы музея сталі творчыя "Дэкады Я.Ф. Карскага", якія штогод ўжо традыцыйна ладзяцца ў студзені: літаратурна-музычныя вечарыны, экскурсіі, інтэлектуальная віктарына "Горад святога Губерта" і нават пастаноўка ў сценах музея тэатральнага дзеяння пра Я. Карскага.
Таксама ўжо стала традыцыяй на дэкаду Я. Карскага ганаровае ўзнагароджанне лепшых адзінаццацікласнікаў стыпендыяй імя Я. Карскага. За больш чым дзесяць гадоў лаўрэатамі стыпендыі сталі сотні вучняў гімназіі.
Музей Я. Карскага гэта і места сустрэч з цікавымі людзьмі, якія з'яўляюцца сябрамі музея і гімназіі: А.Г. Майсяёнак, П.У. Сцяцко, М.І. Канюшкевіч, А.П. Госцеў і інш.
У розны час таксама дапамагалі музею А.У. Мілінкевіч, Юрась Мацко -стварыў у падарунак музею прыгожую жырандоль, "Гроднаэнерга" і інш., тут пабывалі дзесяткі вядомых літаратараў, паэтаў, кампазітараў і сотні звычайных беларусаў, якія цікавяцца беларускай культурнай спадчынай.
Працягваецца традыцыя ліставання з роднымі Я. Карскага, распачатая яшчэ А.П. Цыхуном. Пасля смерці ўнучкі акадэміка Т.С. Карскай, сёння падрымліваецца сувязь з праўнукам акадэміка А.А. Карскім. У 2010 годзе ён ўжо двойчы пабываў у музеі і гімназіі, рабіў даклады ў гродзенскім універсітэце і ў бібліятэцы імя Я. Карскага ў Каралеўскім замку да 180-годдзя яе заснавання. Пабываў на радзіме сваго прадзеда ў Лашы, наведаў царкву і могілкі сваёй радні.
Пасля адкрыцця новай экспазіцыі музея ў 2006 г. галоўнымі раздзеламі сталі-"Гісторыя музея","Кабінет вучонага","Апанас Цыхун-педагог,паэт, грамадзянін", "Этнаграфічны куток". Новым накірункам дзейнасці музея стала калекцыя рукапісаў дзеячаў беларускай культуры...і новыя даследаванні месцаў, звязаных з жыццём і творчай дзейнасцю Я. Карскага.
Музей Я. Карскага знаходзіцца ў Лесапарку Румлёва, які з'яўляецца помнікам прыроды і помнікам садова-паркавага мастацтва мясцовага прызначэння. Назва лесапарка паходзіць ад шляхецкага роду Румеляў. Раней гэтыя землі належалі роду Радзівілаў і масону Ігнаці Ляхніцкаму. Прыкладна каля 200 гадоў назад (клёнавай алеі каля 200 год) і быў закладзены гэты парк.
Былы выкладчык гімназіі №1,паэт Фёдар Чычкан напісаў верш "Румлёўскі парк"які пачынаецца словамі...
Калі самотны я і боль шчымлівы
У сэрца ўносяць тлумы галавы,
Іду сюды,дзе розум мітуслівы
Губляе ў сценах дрэў свае правы...
Каробчыцы
Працуючы рэктарам універсітэта ў Варшаве Я. Карскі па чыгунцы заўсёды праязджаў па землях фальварка Каробчыцы ў сталіцу імперыі, ці наадварот едучы са сталіцы. У 1899 г. непадалёку, у Кузніцы, ён збіраў фальклорныя і лінгвістычныя матэрыялы беларускіх гаворак. Вёска Каробчыцы вядома з XVI ст. Раней мела назву Растаўляны. Сяляне мелі 44 валокі зямлі, але грунт быў дрэнны. Зафіксаваны былі першыя прозвішчы (?) XVI ст.: Макоўчыч, Васілевіч, Грышкевіч, Дамасевіч, Кропка...
Апошні быў мясцовым войтам. Растаўляне Кропка і Якім Хведзьковіч мелі па дзве валокі зямлі, астатнія гаспадары – па адной. У 1539 г. таксама упершыню згадваеца мячэць, якая, верагодна знаходзілася на ўваходзе ў вёску з боку Гродна, з левага боку ад шашы. У 1784 г. вёска належала Гродзенскай эканоміі і адносілася да Гродзенскай парафіі. На ўездзе ў вёску збоку Гродна ў сасновым барку захаваліся татарскія могілкі XV – XVII стст., якія, нажаль, разбураюцца і не ўзяты пад ахову.
...У ХІХ ст. пасля паўстання К. Каліноўскага маёнтак Каўбасіна з фальваркам Каробчыцы належалі да розных гападароў, пазней землеўласніцай стала Марыя Маслоўская, якая за 40 гадоў гаспадарання зрабіла маёнтак Каўбасіна і Фальварак Каробчыцы даходнымі...
Яшчэ да Першай сусветнай вайны муж Маслоўскай здаў у арэнду Вацлаву Марцынкоўскаму частку маёнтка. Але дамова часткова перастала дзейнічаць у сувязі з ваеннымі падзеямі ў часы Першай сусветнай вайны 1914–1918, а потым і савецка- польскай у 1920 г. Пятага мая 1921 г. польскія ўлады зрабілі рэвізію маёнтка, а паколькі землеўласніца не вярнулася пасля вайны з Расіі і маёнтак быў вельмі запушчаны, то 12 мая 1921 г. улады прынялі рашэнне забраць Каўбасіна і фальварак Каробчыцы ў дзяржаўную ўласнасць. У 1924 г. муж Маслоўскай прад'явіў свае правы на гэтыя землі, але польскія улады запатрабавалі такую колькасць папер, што за тры гады ён так і не змог адстаяць права на валоданне маёнткам і фальваркам. Галоўнай прычынай было тое, што частка зямель маёнтка і фальварка была аддадзена ў 1920–22 г. былым польскім вайскоўцам (асаднікам). Таму землямі ў Каўбасіне (295 га) і Каробчыцах (343 га) у розны час валодалі некалькі ўласнікаў, у тым ліку і Францысканскі касцёл. Пазней, у 1939 г., прыйшлі першыя Саветы і землі праз нейкі час у асаднікаў і іншых гаспадароў былі таксама забраныя ў дзяржаўную ўласнасць.
На пачатку 80-х гг. мінулага стагоддзя ў Каробчыцах можна было паглядзець старажытныя жыдоўскія могілкі адразу пры ўездзе і рэшткі старога вадзянога млына, якія канчаткова былі знішчаны падчас будаўніцтва запруды на р. Ласасянка ў канцы вёскі. Непадалёк, каля дачных надзелаў, стаіць металічны крыж, як напамін пра савецка-польскую вайну 1920 г.
У 90-я гг. ХХ ст. шмат земляў у Каробчыцах было аддадзена пад катэджнае будаўніцтва, у тым ліку і на месцы былога ваеннага стрэльбішча. Каля р. Ласасянка выкуплена ці ўзята ў арэнду частка тэрыторыі разам з рэчкай. У Каробчыцах Гарадзенскі мясакамбінат пабудаваў агратурытычны комплекс Гарадзенскі маёнтак "Каробчыцы".
Тут пабудавала базу адпачынку і Гродзенская жыллёва-камунальная гаспадарка.
Сёння праз Каробчыцы праходзіць галоўная аўтатранспартная магістраль з Гродна на захад праз беларускі памежны пераход Брузгі. Непадалёку захаваліся невялікія лясныя масівы, стары Гродзенскі грамадзянскі аэрапорт, вадасховішча "Юбілейнае", дзе ў летні перыяд можна цудоўна адпачыць, катаючыся на катамаранах ці лодках і паглядзець трэніроўкі парашутыстаў. Знізу дамбы можна атрымаць бясплатны водны масаж. Ёсць платныя і бясплатныя вадаёмы для лоўлі рыбы. Каля "Юбілейкі" захаваўся вадзяны млын.