Беларусь. Европа, которую Вы не видели

ШМАТ ТОЙ ЗГУБІЎ, ХТО Ў ДЗЯТЛАВЕ НЕ БЫЎ

Дзятлава – невялікі, прыгожы, вельмі чысты заходнебеларускі гарадок, цэнтр раёну на паўднёвым усходзе Гарадзеншчыны. Ад Дзятлава па 50 км. на поўнач да Ліды, а на поўдзень – да Слоніма. За 35 км. на ўсход асфальтаванай шашой па ўзгорках узвышша можна трапіць у першую сталіцу ВКЛ – старажытны Наваградак.

Побач з нашым гарадком, на беразе маляўнічай рэчкі Моўчадзь, у хваёвым бары, узвышаюцца гмахі сусветна вядомага санаторыя "Радон", воды якога па якасці не саступаюць грузінскаму "Цхалтуба", украінскаму "Хмельніку" і расейскай "Мацэсце".

У Дзятлаве мноства добра захаваных помнікаў архітэктуры, багаты экспанатамі гісторыка-краязнаўчы музей. Але сапраўдны гонар і слава Дзятлава – яго шматвекавая гісторыя і людзі, якія тут нарадзіліся, жылі ці наведвалі яго. У пісьмовых крыніцах Дзятлава ўпершыню згадваецца ў 1440–1450 гг. пад назвай Здзецел. У 1498 г. вялікі князь Аляксандар падараваў воласць Здзецел свайму гетману князю Канстанціну Астрожскаму з правам заснаваць мястэчка. Таму 1498 г. і лічыцца годам заснавання Дзятлава. Насамрэч паселішча на гэтым месцы існавала і раней, пра што ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісу. Першы ўладальнік Дзятлава К. Астрожскі адразу пачаў будаваць драўляна-земляную крэпасць для абароны ад набегаў татараў. Цвердзь упамінаецца ўжо ў 1500 г. У 1508 г. Астрожскі будуе тут невялікую драўляную царкву, пазней некалькі разоў цярпеўшую ад пажараў і нанова адбудаваную ў ХІХ ст. Пры Астрожскіх, якія валодалі мястэчкам амаль стагоддзе, яно значна вырасла. Па інвентары 1580 году налічвала 118 двароў, 5 вуліц, дзеіў рынак і праводзіліся кірмашы, Дзятлава набыло ведамасць у ВкЛ. У пачатку XVII ст. мястэчка перайшло ва ўласнасць Сапегаў, пры якіх на рынкавай плошчы быў пабудаваны велічны касцёл Успення Багародзіцы, які і сёння ўпрыгожвае горад. Незадоўга да сваёй смерці Казімір Сапега запісаў Дзятлава пісару ВкЛ Аляксандру Палубінскаму, дачка якога ў 1672 г. узяла шлюб з князем Дамінікам М. Радзівілам. У 1751 г. Радзівілы пабудавалі на месцы разбуранай шведамі пад час Паўночнай вайны крэпасці К. Астрожскага мураваны палац, які захаваўся да сённяшняга дня. З канца XVIII ст. Дзятлавам валодаў буйны магнацкі род Солтанаў. Яны пабудавалі ў Дзятлаве невялікую папяровую фабрыку, цагельны завод, паштовую станцыю. За ўдзел Станіслава Солтана ў паўстанні 1830-1831 гг. мястэчка канфіскавалі на карысць дзяржавы. У канцы ХІХ ст. у Дзятлаве налічваліся каля 4 тысяч насельніцтва, 479 будынкаў, царква, касцёл, 2 сінагогі, 4 малітоўныя дамы, царкоўна-прыходская школа, народнае вучылішча, шпіталь, пошта, 2 медаварні, 2 цісавыя фабрыкі, больш 40 майстэрняў, паўсотні дробных крамаў. У 1939 г. мястэчка насяляла амаль 11 тысяч чалавек. Пасля Другой сусветнай вайны жыхароў засталося толькі 2,5 тысяч чалавек. Да сённяшняга дня колькасць насельніцтва не дасягнула гэтай лічбы, хоць плошча горада павялічылася амаль у 10 разоў.
Узор віленскага барока
Касцёл Успення Багародзіцы, пабудаваны ў 1646 г. і на сённяшні дзень з'яўляецца яркай дамінантай Дзятлава. Касцёл быў пабудаваны на фундацыю Казіміра Сапегі. Род Сапегаў валодаў горадам цягам XVII ст. Будова доўжылася 20 гадоў. Храм вызначаецца пластычнасцю, маляўнічасцю сілуэта, утворанага стромкімі вежамі і фігурным атынкаваным франтонам. Дагэтуль невядома, хто быў аўтарам праекта, але даследчыкі не выключаюць, што стромкія вежы былі дабудаваны ў першай трэці XVIII ст. не без удзелу мэтра віленскага барока Яна К. Глаўбіца.
Касцёл Успення Багародзіцы пабудаваны ў стылі барока, які характэрны для еўрапейскага мастацтва з канца XVI да сярэдзіны XVIII стст. Для беларускага мастацтва ў стылі барока характэрна ўзаемадзеянне заходнееўрапейскіх уплываў з візантыйскімі і мясцовымі традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Позняе барока ў манументальнай культавай архітэктуры на Беларусі атрымала назву "віленскага барока". У Вільні і ВКЛ ў першай палове XVIII ст. у гэтым стылі пабудаваны дзесяткі велічных храмаў.
Да алтарнай часткі прымыкаюць невялікія закрысціі. Паўцыркулярная апсіда займае каля 1/3 аб'ёму. Дах двухсхільны, над апсідай конусападобны. Галоўны фасад фланкіраваны дзвюма трохяруснымі вежамі і завершаны фігурным шчытом, што прыкрывае тарэц даху. Плоскасць фасаду падзелена на 3 часткі пілястрамі, у сярэдняй – галоўны ўваход. Вокны і нішы абрамлены ліштвамі. У нішах скульптуры святых, галоўкі анёлаў і херувімаў. Сцены будынка умацаваны контрфорсамі, плоскасці паміж імі прарэзаны высокімі аконнымі праёмамі з паўцыркулярнымі завяршэннямі. Па перыметры будынку праходзіць шырокі карніз.
У інтэр'еры сцены падзелены шырокімі неглыбокімі пілястрамі і магутным карнізам. Алтарная частка аддзелена ад залы высокім арачным праёмам. Скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі, у апсідзе – крыжовыя. Хоры агароджаны парапетам складанай канфігурацыі і падзелены на 3 часткі пілястрамі. У заходняй вежы 2 вітыя лесвіцы: адна на хоры, другая на верхнія ярусы. Галоўны алтар двух'ярусны, расчлянёны пілястрамі і калонамі карынфскага ордэра, завершаны раскрапаваным антаблементам. Асноўны дэкор сканцэнтраваны на сярэдняй частцы алтара, дзе размешчаны 6 скульптур святых (дрэва, таніроўка). Карнізны пояс упрыгожваюць дэкаратыўныя вазы і картушы. Завяршае алтар ляпны картуш. У стылі ракако вырашаны амбон. Сярод арнаментальных матываў – акантавы ліст, геральдычныя знакі, ракавіны. На хорах устаноўлены арган, упрыгожаны накладной разьбой па дрэве з пазалотай.
Касцёл быў агароджаны магутным мураваным плотам, да якога з боку плошчы прымыкалі крамы. У пачатку 70-х гг. ХХ ст. агароджа была знесена тагачаснымі ўладамі на камуністычным суботніку. Касцёл гадоў 20 стаяў як бы асірацелы. Ініцыятары таго суботніка хутка адзін за адным пайшлі на той свет. У камуністаў выспявала ідэя пра закрыццё касцёлу, а ў найбольш ярых нават пра яго ліквідацыю. Дзякуй Богу гэтага не здарылася. І сёння мы, дзятлаўчане, найперш ганарымся гэтым старажытным будынкам. Ён – візітная картка Дзятлава.
Мястэчка, Рынкавая плошча, радыяльная забудова...
Дзятлава як паселішча ўтварылася на разгалінаванні дарогі са Слоніма на Вільню і Наваградак каля дзейснай тут заставы. Скрыжаванне гэтых буйных шляхоў, існыя тут пераправа праз балоты і застава, а таксама даравальны акт ад 1498 г. вялікага князя Аляксандра, па якім воласць Здзенцел пераходзіла ў пажыццёвую спадчыну гетману літоўскаму К. Астрожскаму з правам заснавання мястэчка і абумовіла вельмі хуткае яго з'яўленне.
Мястэчка – гэта нешта сярэдняе паміж горадам і вёскай. У мястэчку менш насельніцтва чым у горадзе, адсутнічаюць абарончыя збудаванні вакол населенага пункту. Местачкоўцы актыўна займаліся рамяством, хоць многія не цураліся і сельскагаспадарчых работ.
Для рэалізацыі тавараў, вырабленых рамеснікамі, стваралася сістэма гандлю. Ён праводзіўся на Рынкавай плошчы. Месца для яе адводзілася, як правіла, на скрыжаванні галоўных вуліц (дарог). Тут размяшчаліся адміністрацыйныя, культавыя і гандлёвыя будынкі. Дамы-крамы, майстэрні рамеснікаў ставіліся па перыметры плошчы і на асноўных вуліцах вельмі шчыльна, дах да даху. У XVII–XVIII стст. у панёманскіх мястэчках, на рынкавых плошчах, месцы для забудовы выкупляліся самымі багатымі рамеснікамі. Амаль кожны з іх імкнуўся пабудаваць свой дом-краму больш прыгожымі і арыгінальнымі, чым яго сусед. Дамы будаваліся драўляныя ці каменныя і найчасцей двухпавярховыя. У іх спалучалася і жытло, і крама, і майстэрня.
Плошча 17 верасня ў Дзятлаве, былая Рынкавая, нягледзячы на шматлікія пажары і страты, нанесеныя падчас войнаў, бяздумных пасляваенных "новабудоўляў" і перапланіровак, усё ж захавала сваё аблічча. У Дзятлаве фрагментальна захаваліся асобныя элементы радыяльнай планіроўкі сярэднявечнага мястэчка, што складаліся цягам стагоддзяў.
Плошча мястэчка ўзнікла ў першай палове XVI ст. адначасна з пабудовай тут касцёл. Усе будынкі былі драўлянымі і неаднаразова знішчаліся пажарамі. У 1624 г., пасля аднаго з пажараў, Леў Сапега пастанавіў пабудаваць на плошчы мураваны касцёл. Але шчыльнасць забудоў і прыватныя ўладанні зямлёй не дазволілі размясціць яго згодна рэлігійных канонаў – з усходу на захад. Таму апсіду і алтар з'арыентавалі на поўнач-поўдзень. З завяршэннем будаўніцтва касцёлу ў 1646 г. набыла канчатковыя абрысы і Рынкавая плошча
Дамы рамеснікаў на Рынкавай плошчы
Усходні бок Рынкавай плошчы ўпрыгожваюць часткова адрэстаўраваныя мураваныя двухпавярховыя дамы-крамы рамеснікаў. У тых, хто ўпершыню бывае ў Дзятлаве, і ў нас мясцовых жыхароў, міжволі ўзнікае пытанне: "А што было раней у гэтых ацалелых будынках? Калі і кім яны пабудаваны, што помняць сцены гэтых дамоў? У якім з іх бываў Ігнат Дамейка, Адам Міцкевіч, Вікенці Дмахоўскі?"
Дом №4 – цяпер тут размешчаны прыватныя магазіны і раённае ўпраўленне статыстыкі. Да пажару 1874 г. на гэтым месцы стаяў драўляны дом на каменным падмурку з невялікім падвалам, які належаў гандляру Гіршу Дварэцкаму. Падчас пажару 1874 г. дом згарэў, тады ж гродзенскія губернскія ўлады забаранілі будоўлю вакол плошчы драўляных пабудоў. У 30-я гг. мінулага стагоддзя ў доме мясціўся гатэль прамыслоўца Рабіновіча. У 1939–1941 гг. тут знаходзіліся райкамы Камуністычнай партыі і камсамолу. Падчас вайны 1941–1945 гг. размяшчалася грамадзянская ўлада – управа бургамістра Васіля Рагулі. Пасля вайны – на першым паверсе – райкамы партыі і камсамолу, на другім – пошта.
Паводле архіўных дакументаў на ўсходнім баку Рынкавай плошчы да вядомага пажару размяшчаўся толькі адзін каменны будынак – паміж цяперашнімі дамамі №4 і №6. Ён не збярогся. Але ў пачатку ХХI стагоддзя быў пабудаваны новы будынак гатэлю і бару "Дядя Ваня", які гарманічна ўпісаўся ў дызайн старых пабудоў.
Дом №6 –цяпер выкарыстоўваецца пад жыллё. Да пажару 1881 г. тут стаяў драўляны дом на каменным падмурку з паўпадвалам, які належаў Еўну Канцавіцкаму. Паводле плану забудовы ад 1882 г., на месцы згарэлага, была спраектавана новая двухпавярховая мураванка таго ж уладальніка. Мураванку адбудавалі да 1894 г.
Дом №7. На яго месцы да пажару 1874 г. быў драўляны дом са склепам і крамай. Участак і дом належаў Абраму Наліоту. Пабудова згарэла падчас пажару і была нанова спраектавана і адноўлена да 1894 г. як мураваны двухпавярховы дом. У 1950-60-я гг. ХХ ст. у будынку мясціўся банк. У 80-х гг. часова знаходзілася аддзяленне раённай бальніцы – зубапратэзны кабінет.
Дом №8 цяпер пустуе. У 1874 г. на яго месцы стаяў двухпавярховы драўляны дом з мансардай на каменным падмурку з невялікім склепам, які належаў Найрыму Дварэцкаму. У пажарах 1874, 1881, 1882 гг. дом не пацярпеў, але быў прызначаны на знос як драўляны, бо прамежак паміж ім і суседнімі дамамі быў меншы, чым 1,5 сажня. Да 1894 г. дом быў спраектаваны і адбудаваны, як двухпавярховая мураванка. У 40-50-я гг. XX ст. на першым паверсе мясціўся аддзел ЗАГС, на другім – райвыканкам. У 70-80-я гады тут знаходзілі прытулак, вячэрняя і спартыўная школы, добраахвотныя таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ), "Ураджай" і іншыя ўстановы і арганізацыі.
Дом №9 належаў Мордуху Каўфману. Дом згарэў падчас пажару 1881 г. Да 1896 г. быў адбудаваны як двухпавярховы каменны дом таго ж уладальніка. У 30-я гг. тут знаходзілася аптэка Дварэцкага, у 60-я – "Чайная". Трэба заўважыць, што ва ўстановах тыпу "Чайная", чай ужо не падавалі. Гандлявалі півам, віном, гарэлкаю на разліў і, адпаведна, закускай. Сёння на першым паверсе знаходзіцца закусачная "Ветерок", а на другім – кантора прадпрыемства грамадскага харчавання.
Дом №10 цяпер крама. Да пажару 1874 г. на яго месцы стаяў аднапавярховы драўляны дом на каменным падмурку Мордуха Ціткавіцкага. Да 1894 г. дом быў адбудаваны як двухпавярховая мураванка таго ж уладальніка. У 30-я гады ХХ ст. у гэтым будынку знаходзілася пякарня. Унізе, у падвальным памяшканні, пяклі булкі, а на верхнім паверсе была чайная, дзе частавалі гарбатай з хлебабулачнымі вырабамі. Сёння тут таксама пякуць булкі.
У 1970-ыя гады плошча з яе непаўторнымі будынкамі была амаль знішчана. Новая забудова ўварвалася ў яе ландшафт з паўднёвага і паўднёва-заходняга бакоў. Рыхтаваўся план зруйнавання пад будынак Дома Саветаў і вышэй апісаных камяніц. Але, дзякуй Богу, абышлося. Сёння гэтыя дамы ўпрыгожваюць плошчу не менш чым касцёл.
Перла сядзібнай архітэктуры Беларусі
Палац Радзівілаў у Дзятлаве – адзін з лепшых сярод уцалелых помнікаў сядзібнай архітэктуры Беларусі. Пабудаваны ў XVIII ст. на месцы старажытнай крэпасці на левым высокім беразе ракі Дзятлаўка палац уяўляе сабой двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак на высокім цокалі. Першапачаткова ён быў завершаны высокім вальмавым дахам і фланкіраваны па баках дзвюма трох'яруснымі вежамі.
Цэнтральны галоўны фасад палаца вылучаны трохчасткавым рызалітам з крапавым лучковым франтонам. У тымпане франтона – гербавы картуш Радзівілаў. Па перыметры будынка праходзяць прафіляваныя міжпавярховы і завяршальны карнізы. Фасады раскрапаваны плоскімі пілястрамі. Прамавугольныя аконныя праёмы дэкараваны паўцыркулярнымі аркамі сандрыкамі хвалістых і ламаных абрысаў. У дэкоры галоўнага фасаду выкарыстаны ракавіны, завіткі, лісты аканта, гірлянды драпіроўкі, медальёны, геральдычныя знакі. Арнаментальныя матывы бакавых і дваровага фасадаў тыя ж, але больш сціплыя. Вуглы будынка ўмацаваны контрфорсамі. Хутчэй за ўсё, асноўны аб'ём дзятлаўскага палаца быў перабудаваны ў стыле ракако ў 1751 г.. Аўтар праекту палаца невядомы. Верагодна, гэта Дамінік Фантана, магчыма, пры ўдзеле Караля Петэрсана.
Бераг ракі Дзятлаўка, на якім пабудаваны палац Радзівілаў, быў здаўна аблюбаваны людзьмі. Па выніках праведзеных на гэтым месцы археалагічных раскопак, даследчыкамі зроблена выснова, што на гэтым месцы існавала драўлянае ўмацаванне яшчэ у ХІІ – ХІІІ стст. Пазней тут, на вялікім тракце з Вільні да Слоніма, існаваў драўляны замак магнатаў Кежгайлаў, якія перанеслі сваю рэзідэнцыю з недалёкіх Гезгалаў пасля разбурэння яе крыжакамі. Наваградская галіна Кежгайлаў у XVI ст. згасла і іх уладанні перайшлі да Сапегаў. Верагодна яшчэ Леў Сапега перабудаваў дзятлаўскі замак. Няма звесткаў пра першапачатковы выгляд палаца Сапегаў: ці быў ён драўляны ці мураваны, але пераважае гіпотэза, што хутчэй, мураваны. Справа ў тым, што дзятлаўскі палац меў свайго «брата-блізнюка» ў Гродне, дакладней у прадмесці Гродна – Гнойніцы-Румлёва. З малюнка плана г. Гродна за 1706 г. ён паказаны як загарадны палац Радзівілаў і амаль нічым не адрозніваецца ад палаца ў Дзятлаве. У час Паўночнай вайны 1700-1721 гг. у Дзятлаве на зімовых кватэрах размяшчаліся галоўныя сілы рускай арміі на чале з Александрам Меньшыкавым. У студзені 1708 г. у дзятлаўскім палацы кватараваў расейскі цар Пётр І. У віленскім архіве ёсць дакумантальныя сведчанні пра тое, як прымалі ў Дзятлаве расейскага цара, чым частавалі, як ён бавіў вольны час і другія, нават інтымныя падрабязнасці.
У 1831 г., пасля касацыі ўласнасці Солтанаў, палац выкарыстоўваўся пад казармы расейскіх войск. Апошнія рысы палацавага інтэр'еру былі страчаны пры перабудове яго падчас паўстання 1863 г. пад шпіталь.
У пачатку ХХ ст. у будынку палаца дзейнічала настаўніцкая школа. У ёй з 1909 па 1912 гг. вучыўся Ігнат Дварчанін – будучы асветнік, доктар філасофіі, грамадскі і палітычны дзеяч Заходняй Беларусі. Бронзавы бюст Ігната Дварчаніна стаіць у цэнтры горада.
Пры палацы быў і цудоўны парк. Яго пабудову ініцыявала княгіня Караліна (з Пацэяў) Радзівіл. Яна амальусё сваё жыццё пражыла ў Дзятлаве і хацела «пераплюнуць» сваю сваячку Алену (з Пшэздэцкіх) Радзівіл, якая зрабіла вядомы на ўсю Рэч Паспалітую парк «Аркадыю» у Лазенках (Варшава). Павільёны ў парку пры Дзятлаўскім палацы называліся сціпла "хаткамі", а праектаваў іх нібыта Ян Норблін. Але ўжо ў пачатку ХХ ст. ад парку мала што захавалася. Да нашага часу засталася толькі сажалка перад палацам. Астатнюю тэрыторыю "праглынулі" кварталы горада.
Доўгі час палац выкарыстоўваўся медыцынскай установай. Сучаснымі ўладамі прынята рашэнне аб перадачы будынка Дзятлаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею. Рыхтуецца каштарыс на правядзенне рэстаўрацыі гэтага архітэктурнага шэдэўра. Патрэбны вялікія сродкі, але пройдзе пэўны час і турысты змогуць не толькі любавацца гэтым будынкам звонку, але прайсці па залах музея, наяву заглянуць у мінулае, паглыбіць веды па гісторыі, пасілкавацца і наталіць смагу ў кафэ цокальнага паверха будынка.
Веравызнанне рознае – Бог адзін
Драўляная Свята-Прэабражэнская царква ў Дзятлаве пабудавана Канстанцінам Астрожскім у 1508 г. на левым беразе ракі Дзятлаўка, паміж тагачасным замкам-заставай і Рынкавай плошчай. Першапачатковы будынак струхнеў, другі пацярпеў ад пажару. У канцы ХІХ ст. пабудаваны часовы драўляны будынак, які стаіць і да сённяшняга дня.
Але паколькі ў мястэчку і акрузе было шмат праваслаўных вернікаў, то тагачасныя святары са згоды расейскіх уладаў пачалі рыхтаваць праектна-каштарысную дакумантацыю на вялікую мураваную царкву, такую, каб сваімі памерамі і велічнасцю пераўзыходзіла сярэднявечны касцёл. Чарцяжы задуманай царквы ёсць у фондах Дзятлаўскага музея. Але справу давесці да канца не ўдалося. Спачатку доўга рыхтаваўся праект, пасля пачалася Першая сусветная вайна, затым мяняліся ўлады. І толькі ў 1938 г., пад кіраўніцтвам інжынера Маціеўскага, пачалі заліваць падмурак. На гэты раз будаўніцтву перашкодзіла Другая сусветная вайна.
Цікава пра будаўніцтва падмурка ўспамінае жыхар Дзятлава Іосіф Белавус, які працаваў у той час рабочым. Калі капалі катлаван, а глыбіня яго была не менш 4 м., то наткнуліся на нешта цвёрдае. Удалося прабіць – далей пустэча. Інжынер Маціеўскі вызначыў па карце, што гэта падземны ход з касцёла ў палац Радзівілаў. Сцены падземкі былі зроблены з вапны, але былі вельмі цвёрдымі. Гавораць, што старажытныя майстры дабаўлялі ў раствор жаўткі яек. Інжынер загадаў дзірку заліць бетонам. А для ўмацавання падмурку прывезлі са станцыі Наваельня чыгуначныя рэйкі.
У 90-х гадах падмурак расчысцілі і прадоўжылі будоўлю храма. Праўда, праект перапрацавалі – у будынку значна зменшылася вышыня. Сёння ён ужо паўстаў. Даволі прыгожы і велічны, з купаламі і крыжамі, але да завяршэння будаўніцтва такімі тэмпамі пройдзе не адно дзесяцігоддзе. І няведама, які храм будзе прыгажэйшы – касцёл ці царква, але безумоўна царква папоўніць архітэктурную скарбонку Дзятлава. А малітвы прыхаджан і ў касцёле і ў царкве будуць прыняты Богам, бо ён адзіны.
Калі ласка – ў музей
Вядомы беларускі даследчык прафесар Адам Мальдзіс некалі адзначыў, што ў раённых музеях адна праблема: чым запоўніць залы, бо акрамя ксера- і фотакопій паказаць у экспазіцыі няма чаго. І толькі ў двух, Дзятлаўскім і Гудзевіцкім, праблема іншая: катастрафічна не хапае плошчаў, каб экспанаты, а гэта соткі ўнікальных, падчас адзінкавых экзэмпляраў на ўсю Беларусь, не трымаць у запасных фондах, а экспаніраваць наведнікам.
Экспазіцыя Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея адкрыта 5 траўня 1968 г. За рэкордна кароткі тэрмін – 1 год і 3 месяцы краязнаўцам-энтузіастам Міхаілам Петрыкевічам, пры падтрымцы тагачасных мясцовых улад, было сабрана, сістэматызавана і выстаўлена ў экспазіцыі звыш 5 тысяч экспанатаў. Пазней, з 1984 году, яго справу прафесійна прадоўжыў Фёдар Красюк.
У музеі адлюстравана гісторыя Дзятлава і раёна з часу з'яўлення тут першабытных людзей і да нашых дзён. Экспанаты знаёмяць з гісторыяй узнікнення першых пасяленняў, з жыццём у сярэдневеччы, падзеямі Другой сусветнай вайны, нацыянальна-вызвольным рухам у Заходняй Беларусі ў 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя, пасляваенным жыццём. Тут можна ўбачыць 600-гадовы човен і прылады працы першабытных людзей, прадметы побыту сялян і памешчыкаў, народнае адзенне, узоры мастацтва, лістоўкі, брашуры, газеты, выдадзеныя КПЗБ, падпольшчыкамі і партызанамі, асабістыя рэчы Сяргея Прытыцкага, Максіма Танка, Ігната Дварчаніна і многіх іншых знакамітых землякоў.
У музеі пастаянна дзеюць выставы мастацкіх твораў.
Адпачні і папраў здароўе ў Дзятлаве
У канцы 50-х гг. пры геафізічных здымках мясцовасці, паблізу вёсак Баравікі і Рыбакі на Дзятлаўшчыне, прыборы самалётаў давалі незразумелы збой. Пазней за справу ўзяліся геолагі, якія прабурылі некалькі свідравінаў. Ва ўсіх былі выяўлены вялікія запасы радонавых вод.
Прырода не абдзяліла гэтыя мясціны прыгажосцю. Хваёвыя бары, чыстыя крынічныя воды ракі Моўчадзь і яе прытока Паніквы, багатыя рыбай, у тым ліку харыўсам і стронгай, водар заліўных лугоў, мноства птушак і дзічыны, ягад і грыбоў, а ў дадатак радонавыя воды – чым не месца для санаторыя? Пасля праведзеных аналізаў высветлілася, што нашы радонавыя воды не саступаюць, а па многіх паказчыках нават і лепшыя за воды вядомых санаторыяў "Цхалтуба", "Хмельнік", "Мацэста". Прайшло шмат часу пакуль спраектавалі і пабудавалі першы з задуманага шэрагу карпусоў санаторыя "Радон". Адбылося гэта 15 кастрычніка 1993 г. Сучасны шматпавярховы комплекс першых адпачываючых прыняў 22 кастрычніка 1993 г.
Лячэбна-аздараўленчы комплекс працэдур складаецца з кантрастных радонавых ваннаў, іголкарэфлексатэрапіі, падводнай і сухой выцяжкі пазваночніка, сапрапелевых гразевых ваннаў (сапрапель здабываюць непадалёку ад санаторыя) і інш. Да паслуг адпачываючых ёсць таксама басейн, падводны душ, масаж і саўна. За гэты час у нашым санаторыі прайшлі курс аздараўлення дзесяткі тысяч людзей.
Санаторый набыў добрую славу і паза межамі Беларусі. Тут падмацоўваюць сваё здароўе і турысты з Польшы, Нямеччыны, Ізраіля, Літвы і Расіі. І амаль усе, хто пабываў тут аднойчы, прыязджаюць сюды зноў, таму што радонавыя воды Дзятлаўшчыны сапраўды гаючыя. Калі вы будзеце ў Дзятлаве праездам, то не пашкадуйце гадзіны-другой часу. Завітайце ў нашу курортную зону. Гэта ўсяго 9 км. па добрай асфальтаванай шашы. Там цудоўныя штучныя азёры з вадаспадамі, добра абсталяваны пляж, цяністыя лясныя сцежкі, альпійскія горкі, кветнікі, кавярня і бар.

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить