ДЗЯТЛАЎШЧЫНА НА СКРЫЖАВАННІ ЧАСОЎ

  • Печать

На адносна невялікім, але насычаным гістарычнымі месцамі маршруце Вы пазнаёміцеся з гісторыяй мястэчка Дзятлава і архітэктурнымі асаблівасцямі яго забудовы, наведаеце сядзібы вядомых у Беларусі дзеячоў навукі і культуры ХІХ–ХХ стст., пабываеце на магіле французскіх салдат вайны 1812 г., убачыце возера Дзікае з яго прыроднымі і біялагічнымі асаблівасцямі, якое з'яўляецца крыніцаю лекавай сапрапелевай гразі для сусветна вядомага санаторыя "Радон".

 

Дзятлава – раённы цэнтр на рацэ Дзятлаўка. Назва горада дакладна не вызначана (раней мястэчка называлася: Здзечоло, Здзецел, Дзенцел, Зецела). Некаторыя даследчыкі лічаць паходжанне назвы горада ад назвы возера Зьята, якое некалі знаходзілася каля Дзятлава. Другія сцвярджаюць, што наадварот, і возера, і рэчка свае ўласныя назвы атрымалі ад імя паселішча. Людзі сяліліся каля рэчкі, а ў выніку шэрагу лінгвістычных пераўтварэнняў атрымалася назва Зецела. Назву Дзятлава мястэчка атрымала пасля падзелу Рэчы Паспалітай.

У пісьмовых крыніцах Дзятлава ўпершыню ўзгадваецца ў 1440-1450-х гг. пад назвай Здзецел, хаця стратэгічная роля паселішча ўзрастае яшчэ ў раннім сярэднявеччы. У ХІІІ ст. пачало набіраць моц Наваградскае княства, калі вялася жорсткая барацьба з Галіцка-Валынскім княствам за землі і за палітычны ўплыў. Мабыць у гэты час "Двор Здзечоло" (Zdziecziolo) набыў статус ваеннай заставы (стар. "сторож" – "ахова, баявы дазор"). Яна абараняла шлях з паўднёвага захаду да сталіцы княства Наваградка. Менавіта тут адбылася бітва ў 1253 г. паміж літоўскім і галіцка-валынскім войскамі.
Але ўжо ў XV ст. Дзятлава страчвае сваё ваеннае значэнне. Вялікае княства Літоўскае стала магутнай дзяржавай "ад мора да мора". Застава апынулася амаль у цэнтры, ды і сталіца была перанесена з Наваградка ў Вільню. У 1498 г. вялікі князь Аляксандр падараваў двор Здзечоло свайму гетману князю Канстанціну Астрожскаму з правам заснаваць тут мястэчка.
За час гісторыі свайго існавання Дзятлавам валодалі такія вядомыя магнацкія роды ВкЛ, як Астрожскія, Сапегі, Палубінскія, Радзівілы, Солтаны. За актыўны ўдзел апошніх у паўстанні 1830-1831 гг. Дзятлава перайшло у дзяржаўную казну.
Кожны ўладар унёс свой уклад у развіццё Дзятлава. Канстанцін Астрожскі пабудаваў драўляна-земляную крэпасць, якая праіснавала больш 200 гадоў. Яна адыграла значную ролю ў гістарычным жыцці мястэчка, і ў 2004 г. яе сімвал быў прыняты за аснову герба нашага горада. Наступны ўладар Казімір Леў Сапега ў 1646 г. пабудаваў на плошчы мураваны касцёл Успення Багародзіцы. Радзівілы на месцы спаленай шведамі крэпасці ў 1751 г. пабудавалі палац у стыле ракако з паркам у англійскім стыле. Апошні ўладальнік Дзятлава граф Адам Солтан адкрыў папяровую фабрыку, цагляны завод і пошту.
Як і ва ўсіх мястэчках, у Дзятлаве рэгулярна праводзіліся таргі і кірмашы. Сюды на продаж везлі хлеб, хатнія вырабы, палатно, посуд, жывёлу.
У Першую сусветную вайну Дзятлава было акупавана войскамі кайзераўскай Германіі. Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору 1921 г. мястэчка апынулася пад уладай Польшчы да ўз'яднанння з БССР у 1939 г. У канцы ліпеня 1941 г. ўвесь Дзятлаўскі раён быў акупаваны нямецкімі войскамі, вызвалены Савецкай арміяй 9 ліпеня 1944 г. За час акупацыі ў Дзятлаве з 9 тысяч чалавек засталося крыху больш дзве. Было знішчана ўсё яўрэйскае насельніцтва.
Рынкавая плошча
Нашае падарожжа пачынаецца з цэнтра Дзятлава – Плошчы 17 верасня, былой Рынкавай. Менавіта тут знаходзіцца скрыжаванне дарог да старажытных гарадоў Беларусі Слоніма, Наваградка, Ліды.
У цэнтры плошчы стаіць касцёл Успення Багародзіцы. Пабудаваны слонімскім старастам Львом Сапегам і яго сынам Казімірам у 1646 годзе, пра што сведчыць шыльда над уваходам. Храм належыць да самабытных помнікаў архітэктуры першай паловы ХVІІ ст., у якіх спалучаюцца рысы рэнесансу, ранняга барока з рэшткамі готыкі. Фасад храма перабудаваны ў 1751 г. пасля пажару ў стылі "віленскага барока": надбудаваны высокія ажурныя трох'ярусныя вежы, завершаныя маленькімі купаламі з каванымі крыжамі: паміж вежамі стромы фігурны франтон (калісьці ў ім змяшчаўся гадзіннік). Цяперашні выгляд касцёл атрымаў пасля рэстаўрацыі ў 1751 г. архітэктарам А. Асікевічам за кошт ваяводы наваградскага Фаўстына Радзівіла і яго жонкі Барбары (родам з Завішаў). Мастацкае аздабленне касцёла нагадвае ляпніну касцёлаў Вільні і Слоніма і пэўна выканана майстрамі віленскай школы. Па нядзелях і святах у храме грае арган.
Кожны дом з гісторыяй
З усходняга боку Рынкавай плошчы зберагліся дамы рамеснікаў-гандляроў ХVIII-XIX стст. Незвычайныя, своеасаблівыя 1-2-х павярховыя дамкі з мансарднымі дахамі, прыгожымі вокнамі і акенцамі, якія стаяць сценка да сценкі, утвараюць цэласную, прыгожую і вельмі маляўнічую забудову, якая знітавала заходне- і ўсходнееўрапейскія культурныя рысы. Дамы ў большасці сваёй сканцэнтраваны на плошчы, але і вуліцы, якія прымыкаюць да плошчы, таксама на пэўную даўжыню забудаваны шчыльнымі акуратнымі местачковымі дамамі.
Дом №4 цяпер тут размешчаны прыватныя магазіны і раённае ўпраўленне статыстыкі. Да пажару 1874 г. на гэтым месцы стаяў драўляны дом на каменным падмурку з невялікім падвалам. Належаў ён гандляру Гіршу Дварэцкаму. Пасля спусташальнага пажару 1874 г. гродзенскія губернскія ўлады забаранілі будоўлю вакол плошчы драўляных пабудоў. У 30-я гг. мінулага стагоддзя ў доме мясціўся гатэль прамыслоўца Рабіновіча. У 1939-1941 гг. – знаходзіліся райкамы Камуністычнай партыі і камсамолу. Падчас вайны 1941-1945 гг. размяшчалася грамадзянская ўлада – управа бургамістра Васіля Рагулі. Пасля вайны – на першым паверсе – райкамы партыі і камсамолу, на другім – пошта.
Паводле архіўных дакумантаў, на ўсходнім баку Рынкавай плошчы да пажару 1874 г. размяшчаўся толькі адзін каменны будынак – паміж цяперашнімі дамамі №4 і №6. Ён не збярогся. Але ў пачатку ХХI ст. быў пабудаваны новы будынак гатэля і бара "Дядя Ваня", які гарманічна ўпісаўся ў дызайн старых пабудоў.
Дом №6 – цяпер выкарыстоўваецца пад жыллё. Да пажару 1881 г. тут стаяў драўляны дом на каменным падмурку з паўпадвалам, які належаў Еўну Канцавіцкаму. Паводле плану забудовы ад 1882 г., на месцы згарэлага, была спраектавана новая двухпавярховая мураванка таго ж уладальніка. Мураванку адбудавалі да 1894 г. Дом
№7. На яго месцы да пажару 1874 г. быў драўляны дом са склепам і крамай. Участак і дом належаў Абраму Наліоту. Пабудова згарэла падчас пажару і была нанова спраектавана і адноўлена да 1894 г. як мураваны двухпавярховы дом. У 1950-60-я гг. ХХ ст. у будынку мясціўся банк. У 80-х гг. часова знаходзілася аддзяленне раённай бальніцы – зубапратэзны кабінет.
Дом №8 цяпер пустуе. У 1874 г. на яго месцы стаяў двухпавярховы драўляны дом з мансардай на каменным падмурку з невялікім склепам, які належаў Найрыму Дварэцкаму. У пажарах 1874, 1881, 1882 гг. дом не пацярпеў, але быў прызначаны на знос як драўляны, бо прамежак паміж ім і суседнімі дамамі быў меншы, чым 1,5 сажня. Да 1894 г. дом быў спраектаваны і адбудаваны, як двухпавярховая мураванка. У 40-50-я гг. XX ст. на першым паверсе мясціўся аддзел ЗАГС, на другім – райвыканкам. У 70-80-я гг. тут знаходзілі прытулак, вячэрняя і спартыўная школы, добраахвотныя таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ), "Ураджай" і іншыя ўстановы і арганізацыі.
Дом №9 належаў Мордуху Каўфману. Дом згарэў падчас пажару 1881 г. Да 1896 г. быў адбудаваны як двухпавярховы каменны дом таго ж уладальніка. У 30-я гг. тут знаходзілася аптэка Дварэцкага, у 60-я – "Чайная". Трэба заўважыць, што ва ўстановах тыпу "Чайная", чай ужо не падавалі. Гандлявалі півам, віном, гарэлкаю на разліў і, адпаведна, закускай. Сёння на першым паверсе знаходзіцца закусачная "Ветерок", а на другім – кантора прадпрыемства грамадскага харчавання
Дом №10 сёння крама. Да пажару 1874 г. на яго месцы стаяў аднапавярховы драўляны дом на каменным падмурку Мордуха Ціткавіцкага. Дом быў пашкоджаны пад час пажараў 1874 і 1881 гг. Да 1894 г. быў адбудаваны як двухпавярховая мураванка таго ж уладанніка. У 30-я гады ХХ ст. у гэтым будынку была пякарня. Унізе, у падвальным памяшканні, пяклі булкі, а на верхнім паверсе была чайная, дзе частавалі гарбатай з печывам. Сёння тут таксама пякуць булкі.
На плошчы стаіць бюст Ігнату Дварчаніну, радзіму якога Вы таксама наведаеце ў межах дадзенага маршрута.
Запрашаем наведаць музей

Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей быў створаны ў 1966 г. Экспазіцыя размяшчаецца ў 8 залах. У апошнія гады вядзецца работа па пашырэнні тэматыкі экспазіцыі, у якой прадстаўлена больш за 3,5 тысячы адзінкі асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў. Яны знаёмяць наведнікаў з гісторыяй Дзятлаўшчыны ад старажытных часоў да 50-х гг. мінулага стагоддзя.
Першая зала расказвае пра гісторыю краю з часоў каменнага веку да ХХ ст. Экспануюцца каменныя прылады працы і палявання першабытных людзей, паказаны рэшткі жывёл, на якіх палявалі першабытныя людзі. Сярэднявечны перыяд прадстаўлены матэрыяламі археалагічных раскопак Дзятлава, партрэтамі яго ўладароў, дыярамай мястэчка, прадметамі розных рэлігійных канфесій, якія дзейнічалі ў ВкЛ. Вайна 1812 г. прадстаўлена цікавай калекцыяй ваеннага рыштунку таго часу. Асобны стэнд прысвечаны вучоным-землякам: Ігнату Дамейку, Вінцэнту Дмахоўскаму, Тамашу Жаброўскаму.
У другой зале наведнікі знаёмяцца з матэрыяльнай культурай жыхароў нашага краю ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст.
Адна зала прысвечана нацыянальна-вызвольнаму руху 20-30-х гг. ХХ ст. у Заходняй Беларусі. Музей валодае ўнікальнымі калекцыямі экспанатаў, якія можна ўбачыць толькі ў музеях калішняй Заходняй Беларусі: транспаранты, падпольныя выданні: газеты, лістоўкі, брашуры, якія выдаваліся КПЗБ, фота, дакуманты, асабістыя рэчы членаў КПЗБ і КСМЗБ.
Шырока раскрыта дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, беларускага пасольскага клуба "Змаганне", у арганізацыі і рабоце якога браў удзел нараджэнец Дзятлаўскага раёну Ігнат Дварчанін. Багаты матэрыял раскрывае дзейнасць легальнай арганізацыі "Таварыства Беларускай Школы" (ТБШ). Асобны стэнд прысвечаны пісьменнікам Заходняй Беларусі – удзельнікам змагання за вызваленне. Завяршае экспазіцыю цікавы куток школьных прыладаў таго часу.
Экспазіцыя, прысвечаная тэме Другой сусветнай вайне, размешчана ў трох залах з 1200 экспанатамі асноўнага фонду. Тут прадстаўлены фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы ўдзельнікаў абарончых баёў на рэчцы Шчара, 14 савецкіх воінаў, якія загінулі пры абароне Дзятлава, землякоў-абаронцаў Масквы, Ленінграда, Сталінграда. Паказаны фатаздымкі, зброя, узнагароды, прадметы побыту, асабістыя рэчы партызан. Макет помніка і карціна "Подзвіг І.Ю. Філідовіча", прысвечаны селяніну-патрыёту І.Ю. Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І. Сусаніна. Экспануюцца матэрыялы пра разгортванне падполля і дыскрымінацыю нямецкімі ўладамі мясцовага насельніцтва. Шырока раскрыта тэма вызвалення Дзятлава. Фатаграфіі, дакументы і іншыя матэрыялы экспазіцыі раскрываюць перыяд аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі.
Стала працуе выстава мастацкай керамікі члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Мікалая Несцярэўскага. Разнастайны густ, неардынарныя прыёмы і формы работы з глінай дазволілі стварыць майстру непаўторныя керамічныя кампазіцыі. На выставе можна ўбачыць фігуры людзей, жывёл, вазы розных форм і аб'ёмаў. Несцярэўскі – адзін з аўтараў дэкаратыўных керамічных пластоў, якія ўпрыгожваюць станцыю метро "Плошча Якуба Коласа" ў Мінску. На выставе паказаны першыя вырабы гэтых пластоў.
Адна з залаў экспазіцыі адведзена для правядзення часовых выстаў
Акно ў мінулае – дзятлаўская сядзіба

На беразе ракі Дзятлаўка, перад возерам, стаіць мураваны палац былога маёнтку Радзівілаў. Палац – рэдкі помнік архітэктуры барока і ракако XVIII ст. Каменны будынак пабудаваны на фундацыю Дамініка і Мікалая Фаўстына Радзівілаў у 1751 г. на месцы разбуранай шведамі драўляна-земляной крэпасці Канстанціна Астрожскага архітэктарам Д. Фантана. Сядзібны комплекс уключаў палац, гаспадарчыя пабудовы і парк.
Палац прадстаўляў сабой двухпавярховы прамавугольны будынак на высокім цокалі. Спачатку быў завершаны высокім вальмавым дахам і фланкіраваны па баках дзвюма трох'яруснымі вежамі з шатровымі завяршэннямі.
На франтоне галоўнага фасаду збераглася арнаментальна-геральдычная пластыка: ляпны гербавы картуш князёў Радзівілаў, партрэтныя гарэльефныя медальёны, звівы лісця, гірляндаў, драпіровак і г.д. Па перыметры будынак апярэзаны міжпавярховым і завершаным карнізамі. Яшчэ ў пасляваенны час у нішах знаходзіліся скульптуры. Воблік палаца значна сказіўся стварэннем сучасных прамавугольных вокнаў. Раней яны мелі ўрачыстую арачную форму, сляды якой яшчэ можна заўважыць на будынку. Вуглы будынка ўмацаваны контрфорсамі – верагодна рудыментамі старажытнага замка.
Планіроўка палаца традыцыйна была анфіладная. Цэнтральнае месца займала двухмаршавая лесвіца, якая вяла да параднай двухсветлавай залы. Пад будынкам размяшчаліся падвалы, перакрытыя цыліндрычным скляпеннем, і кацельня, якая ацяпляла палац унутрысценнымі дымаходамі.
У канцы ХVIII ст. вакол палаца быў разбіты англійскі парк, упрыгожаны архітэктурай малых форм: масткамі, альтанкамі, павільёнамі і г.д.
Пасля ўдзелу апошняга ўладальніка Дзятлава Адама Солтана ў паўстанні 1831 г., палац перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. Спачатку быў прыстасаваны пад шпіталь, потым пад кавалерыйскую казарму. На пачатку ХХ ст. у палацы размяшчалася двухкласная школа, у 30-я гг. – сіроцкі дом для дзяўчынак. У пасляваенны перыяд і да апошняга часу быў прыстасаваны пад медыцынскую ўстанову. Помнік архітэктуры 2-й катэгорыі.
Шляхам да Ігната Дамейкі
Далей шлях групы ляжыць да мясцін, якія звязаны з жыццём і дзёнасцю Ігната Дамейкі, сусветна вядомага вучонага-геолага, этнографа, нацыянальнага героя Чылі. Паслухаць апавяданне пра жыццё і дзейнасць вучонага можна каля каменя ў падмурку дома з напісам "1819 R Ignacy Domeyko", аглядзець яго скляпенні.
Сядзіба роду Дамейкаў месціцца ў 2-х км. на захад ад Дзятлава. Упершыню ўпамінаецца ў 1784 г. У 1812 г. яе ўладаннікам стаў Ігнат Казіміравіч Дамейка, рэгент галоўнага Трыбуналу ВкЛ, маршалак шляхты Гродзенскага павету. У 1819 г. ім быў пабудаваны новы будынак – каменны аднапавярховы прамавугольны ў плане дом, пакрыты двухскатным дахам.
Будучы вучоны часта бываў у Жыбартаўшчыне, меў тут сваю бібліятэку і двух дваровых людзей. Пасля паразы паўстання 1831 г. Ігнат быў вымушаны эміграваць за мяжу. У 1884 г. ганаровы грамадзянін Чылі Ігнат Дамейка ва ўзросце 82 гадоў наведаў родныя мясціны – Нядведку, Заполье, Жыбартаўшчыну. Менавіта тут, у доме свайго зяця-пляменніка і дачкі, ён планаваў пражыць рэшту свайго жыцця. Аднак у 1888 г. быў вымушаны выехаць у Чылі, а па дарозе захварэў і неўзабаве памёр.
На былой сядзібе роду Дамейкаў зберагліся дом, парк і азёры. Сядзіба прадстаўляла сабою складаны гаспадарчы комплекс з вялікай колькасцю пабудоў, пашамі, лугамі, садамі, агародамі, сажалкамі і корчмамі. У канцы ХVIII – пач. XIX ст. у сядзібах землеўладаннікаў рабілі паркі новага пейзажнага тыпу. Пейзажны парк закладаў сузіральніцтва прыроды. Гэтаму служылі доўгія звілістыя дарожкі пасярод сажалак і дрэў. Вялікае значанне надавалася размяшчэнню вадаёмаў. У Жыбартаўшчыне створана сістэма штучных вадаёмаў, якія мелі дэкаратыўнае і гаспадарчае значанне. На маленькай рэчцы былі выкапаныя тры сажалкі, якія напаўняліся вадой з выкарыстаннем плацін. Першапачаткова сажалкі мелі толькі гаспадарчае прызначэнне: у іх разводзілі рыбу да стала. Парк, які размяшчаўся сярод сажалак, меў выцягнутую канфігурацыю і быў арганічна з імі звязаны. Уся гэта сістэма стварала маляўнічыя куточкі, якія дапаўняліся малымі архітэктурнымі формамі.
Па слядах гісторыі
Вайна 1812 г. Французскі імператар Напалеон напаў на Расію. Праз Дзятлаўшчыну адступаюць войскі другой арміі Баграціёна. Паміж імі вядуцца частыя дробныя сутычкі. 30-я гады ХХ ст. Беларусь падзелена на дзве часткі. Мара аб' яднанні народа падштурхоўвала людзей да актыўнай дзейнасці за сваю свабоду і незалежнасць.
22 Чэрвеня 1812 г. ў Гродна ўступіла французскае войска. Неўзабаве французы з'явіліся каля Слоніма. Вершнікі генерала Платава амаль бесперапынна стрымлівалі непрыяцеля. Праз 2 км. ад Жыбартаўшчыны, за вёскай Засецце, каля шашы ў полі, расце "Грабаў куст". Тут ёсць магіла французскіх салдат вайны 1812 г.
Далей шаша ідзе праз вёску Погіры, месца нараджэння Ігната Дварчаніна, доктара філасофіі, літаратуразнаўцы, вядомага дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху за незалежнасць і ўз'яднанне Беларусі ў 30-я гады ХХ ст. Прырода шчодра надзяліла Ігната Дварчаніна талентамі. Ён быў здольным педагогам, паэтам, публіцыстам. Ігнат Дварчанін быў паслом у польскім Сойме, дзе разам з другімі пасламі-беларусамі бараніў інтарэсы беларускага народу. Яго дысертацыя была першым у беларускім літаратуразнаўстве даследаваннем жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны. ўствелентамі. лі . На доме ўсталявана мемарыяльная дошка.
Страчаная спадчына

У 2-х км. крыху ў бок ад Погіраў месціцца вёска Жукоўшчына, дзе знаходзіцца сядзіба роду Корсакаў. Тут жылі і працавалі Юльян і Раймонд Корсакі, паэты і перакладнікі канца ХVIII - першай паловы XIX ст. Зберагліся рэшткі парка, азёры, гаспадарчыя пабудовы, стромкая і высокая труба ад вінакуранага заводу.
Першая згадка пра Жукоўшчыну датуецца 1449 г. Належала яна Корсакам. Корсакі – гэта адзін са старажытных родаў у ВкЛ. Яны мелі пячатку і герб. У Жукоўшчыне нарадзіўся Раймонд Корсак, паэт, перакладнік, палкоўнік, сябра аднаго з кіраўнікоў касцюшкоўскага паўстання Якуба Ясінскага. Юльян Корсак, таксама паэт і перакладнік, хоць і пісаў на польскай мове, але ў сваей творчасці выкарыстоўваў беларускія фальклорныя матывы, быў пад уплывам рамантычнай паэзіі Адама Міцкевіча.
Калісьці жукоўшчынская сядзіба была вялікім комплексам: двухпавярховы палац з вялікім склепам і чатырохпавярховай квадратнай вежай, лядоўня, млын, капліца, вінакураны завод, сажалкі і г.д. Палац меў асаблівую сістэму ацяплення: унутры сцен былі хады, куды з печак, што меліся ў кожным пакоі, ішло цёплае паветра. Вінакураны завод меў паравую машыну магутнасцю 10 конскіх сіл, саладоўню, памяшканне пад захоўванне бульбы і розныя іншыя прыбудовы. У 1903 г. тут працавалі 6 чалавек, завод даваў прыбытку 5000 руб. Парк фармаваўся як залежны элемент маёнтка ад завода і сажалак. Амаль усё гэта з часам знікла: палац, пасля Другой сусветнай вайны ўзарвалі, цэглу расцягнулі сяляне з навакольных вёсак, ад заводу застаўся толькі комін, які ў добрае надвор'е можна ўбачыць ажно з Дзятлава. Яшчэ засталіся сажалкі, гаспадарчыя пабудовы і рэшткі парка.
На ўскраіне вёскі б'е крынічка з гаючай вадой. Месца добраўпарадкаванае, можна зрабіць прыпынак, адпачыць.
У 1 км. на поўнач ад Жукоўшчыны вёска Краглі. Тут можна аглядзець доты Першай сусветнай вайны.
Лекавая кладоўка Дзятлаўшчыны

Па дарозе назад да шашы знаходзіцца возера Дзікае. Тут здабываюць лекавыя гразі для санаторыя "Радон". Можна паглядзець на баржу, якая здабывае сапрапель, і пазнаёміцца з абсталяваннем і тэхналогіяй яго перапрацоўкі.
У 1 км. ад вёскі Нагародавічы ёсць возера. Яно мае круглую форму, без прытокаў, не зарастае, вельмі глыбокае. Мяркуецца, што возера метэарытнага паходжання. Плошча яго складае 7,5 га., запасы сапрапелю ацэньваюцца ў 300 тысяч кубічных метраў. Берагі нізкія, забалочаныя, з паўночнага боку лясны масіў хвойных парод. Даследаванні сапрапелю выявілі, што яно складаецца са значнай колькасці арганічнага рэчыва расліннага і жывёльнага паходжання. Сапрапель добра лечыць захворванні суставаў канечнасцяў і хрыбетніку, хранічныя захворванні цягліца-звязкавага апарату і некаторых унутранных органаў, трапічныя язвы, хваробы цэнтральнай і асабліва перыферыйнай нервовай сістэмы. Лячыцца ім можна не толькі ў санаторыі "Радон", але і дома. Сапрапель прадаецца ва ўпакоўках у аптэках і аздараўляльных медыцынскіх установах.
Здабыча адкладаў ажыццяўляецца з дапамогай экскаватара, які ўстаноўлены на баржы. Арыгінальны гразезаборны механізм забяспечвае экалагічна чысты забор сапрапелю з вызначанага месца і глыбіні. Баржа перамяшчаецца па возеры з дапамогай чатырох лябёдак з якарам. Сапрапель грузіцца на баржу і транспартуецца да прычалу. Адтуль вывозіцца па прызначэнні.
Побач – вёска Нагародавічы, дзе ў XIX ст. жыў і працаваў мастак Вікенці Дмахоўскі. Удзельнік паўстання 1831 г., ён, як і Ігнат Дамейка, быў вымушаны эміграваць за мяжу. Пасля амністыі 1837 г. ён вярнуўся на радзіму і жыў у Вільні. Тут ён цалкам аддаўся творчасці. Працаваў натхнёна, з захапленнем. Мастак часта наведваў свой небагаты маёнтак Нагародавічы. Родныя краявіды хвалявалі чуллівае сэрца мастака. Так з'явілася карціна "Радзіма" (Двор у Нагародавічах). Мастак з захапленнем ствараў рамантычныя пейзажы, пісаў карціны на гістарычныя тэмы, афармляў спектаклі ў Віленскім гарадскім тэатры.