Гульня-вандроўка “Крэўскі кірмаш”
- Подробности
-
Опубликовано 14.06.2013 07:10
-
Автор: Аляксандр Камінскі
Вы любіце падарожнічаць у мінулае, але Вам надакучылі традыцыйныя экскурсіі з экскурсаводамі? Тады запрашаем Вас прыняць удзел у гульні-вандроўцы "Крэўскі кірмаш"! Вашымі спадарожнікамі будуць гістарычныя персанажы і героі мясцовых легендаў. Разам з імі, забаўляючыся і зарабляючы спецыяльныя кірмашовыя грошы, Вы здзейсніце захапляльнае падарожжа ў прасторы і часе.
Крэва – гэта не толькі замак і Крэўская унія. Гэта яшчэ і таямніцы часоў паганства, і адзін з першых каталіцкіх касцёлаў на Беларусі, і сляды Першай сусветнай вайны, і безліч мясцовых паданняў... З усім, што застаецца па-за ўвагай звычайных турыстаў, можна пазнаёміцца падчас незвычайнай гульні-вандроўкі "Крэўскі кірмаш". Яе ўдзельнікі ў складзе групы наведваюць "гандлёвыя пляцоўкі" (гістарычныя і іншыя адметныя мясціны) і набываюць ад спецыяльна падрыхтаваных аніматараў з мясцовых жыхароў веды па гісторыі мястэчка. Разам з гэтым, сваёй актыўнасцю, эрудыцыяй і знаходлівасцю, кожны з удзельнікаў групы зарабляе падчас "кірмашу" асабіста для сябе спецыяльныя грошы – талеры. За іх у канцы гульні можна наведаць выставу, набыць кніжкі, сувеніры і розныя пачастункі. "Барацьба за талеры" разгараецца на наступных пляцоўках: "Рынкавы плац", "Гарадзішча", "Касцёл", "Нямецкі бліндаж", "Царква", "Яўрэйскія могілкі", "Юрава гара", "Замак".
Гульня-вандроўка праходзіць наступным чынам. На кожнай пляцоўцы гасцей сустракаюць персанажы крэўскай гісторыі і розныя міфічныя істоты – паганскі святар Крэва-Крэвейтэ, манах-пустэльнік, удзельніцы жаночага батальёну смерці часоў Першай сусветнай вайны, гаспадар Юравай гары, духі Крэўскага замка і іншыя. Яны дзеляцца сваімі ведамі пра Крэва, дапамагаюць разгадаць яго таямніцы і прапануюць разнастайныя гульні, забавы і конкурсы. Госці "штурмуюць" гарадзішча, шукаюць нямецкі бліндаж з вартавым і сакрэтнымі матэрыяламі, разблытваюць розныя галаваломкі... Пры гэтым самыя кемлівыя, спрытныя і актыўныя з гасцей атрымоўваюць талеры. Зарабіць іх можна і падчас фінальнай гульні "Шанец для кожнага", адказаўшы на пытанні па тым, што было пачута, убачана і адчута падчас "Крэўскага кірмашу".
У канцы гульні застаецца патраціць заробленыя талеры ў імправізаванай карчме, на выставе і ў сувенірнай лаўцы.
Працягласць гульні-вандроўкі – да 3 гадзін.
Гульневы сезон: 1 траўня – 31 кастрычніка.
Пры жаданні:
Пры наяўнасці часу і жадання арганізуюцца дадатковыя экскурсіі да больш аддаленых прыцягальных аб'ектаў мясцовасці (вадасховішча, лінія нямецкіх умацаванняў часоў Першай сусветнай вайны, рэшткі вадзянога млына на радзіме мастака Крачкоўскага,"сад валуноў"...)