На мяжы Еўрасаюзу
- Подробности
-
Опубликовано 14.06.2013 07:03
-
Автор: Вольга Ахрук
Мяжа Еўрасаюзу на яе польска-беларускім участку – гэта не толькі мяжа сучаснай еўрапейскай звышдзяржавы, гэта таксама месца сутыкнення розных нацыянальнасцяў, культур і рэлігій. Месца, праз якое ад вякоў праходзілі шляхі спачатку Вялікіх князёў літоўскіх, пазней польскіх каралёў ды расейскіх цароў. Месца, якое ўвабрала ў сябе і сакральную архітэктуру сярэднявечча, і помнікі архітэктуры часоў савецкага гаспадарання.
Беларусы і палякі, летувісы і ўкраінцы, габрэі і татары – ўсе знайшлі сабе тут месца для жыцця, развіцця сваёй культуры і будавання сваёй гісторыі.
Турыстычны маршрут, які мы Вам прапануем, праходзіць уздоўж беларуска-польскай мяжы з яе польскага боку: невыпадкова з польскага боку, бо менавіта з гэтага боку можна непасрэдна дакрануцца да памежных слупкоў; у беларускай частцы – гэта закрытая для звычайных наведнікаў памежная зона. Вы праедзеце ад Крынак, якія ўзніклі і існавалі 500 гадоў як габрэйскае мястэчка, праз Крушыняны – традыцыйнае месца пражывання татар, далей праз беларускія Мастаўляны да Ялоўкі, Семяноўкі і Белавежы, тэрыторыі якіх засялялі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Адолець маршрут можна двума спосабамі: або на машыне, або на ровары. У прыкладзеных лінках можна знайсці мапы з сеткай аўтадарог і турыстычных шляхоў, у тым ліку роварных, а таксама ўсю неабходную інфармацыю, датычную начлегаў, харчавання, турыстычнай прапановы і г.д.
Калі вы плануеце выправіцца ў падарожжа на ровары, то прапануем у Крынкі даехаць з Беластоку аўтобусам. Па дарозе варта зазірнуць у Супрасль з унікальным манастырскім комплексам, школай іконапісання і музеем ікон. У адным з пунктаў пракату ровараў трэба дамовіцца, каб ровары былі дастаўлены ў патрэбнае вам месца.
Напрыканцы маршрута вяртаемся праз Гайнаўку ці Бельск Падляскі назад у Беласток, пры гэтым ровары здаем у Белавежы. Ёсць таксама магчымасць праз пешаходна-роварны памежны пераход у Белавежы накіравацца ў Беларусь.
Габрэйскія Крынкі
altКрынкі – мястэчка, якое бярэ пачатак з далёкага XV ст. – калісьці цяжка было ўявіць без габрэяў. Амаль 550 гадоў яны жылі тут, хадзілі гэтымі вулачкамі, будавалі сваю гісторыю. Цяпер Крынкі – гэта амаль звычайная вёска, якая аднак здолела захаваць у візуальнай памяці і яшчэ ва ўспамінах старэйшых жыхароў сваё габрэйскае мінулае.
Мястэчка Крынкі ўражвае сваім настроем, што ўвабраў у сабе рысы габрэйскага мінулага і жыцця ў памежным рэгіёне. Сама назва мястэчка паходзіць, верагодна, з таго факту, што ў ваколіцах Крынак ёсць многа малых крынічак. Таму, як кажуць, жывецца тут "бессаромна" доўга і многа тут тых, хто перакрочыў ужо векавы парог.
Ад XV ст., часу свайго ўзнікнення па волі прадстаўнікоў княскага роду, Крынкі фактычна паўстагоддзя існавалі як габрэйскае мястэчка аж да Другой сусветнай вайны. З таго часу ў Крынках захаваліся толькі сляды габрэяў, а гэта найперш дзве сінагогі: "Kaukaski Beth Midrasz" (з Каўказу прывозілі скуры для мясцовай гарбарні) 1850 года і "Бажніца Слонімскіх хасідаў" "Jentes Beth Midrasz" другой паловы XIX ст. У першай цяпер месціцца гмінны асяродак культуры і спорту, у другой – склад (прыватнае памяшканне). Ад Вялікай сінагогі "Beth Ha Kneseth" захаваліся толькі падмуркі, яна была разбурана ў час Другой сусветнай вайны. У ёй немцы рамантавалі танкі. Яшчэ ад двух сінагог не засталося нічога.
Каштоўным здабыткам ёсць габрэйскія могілкі (кіркут) ў Крынках, якія складаюцца са старой XVII–XVIII стст. і новай XIX–XX стст. частак, аточаныя каменным мурам.
Таксама цікавы вялікі парк сям'і Вірыён, у якім праглядаюцца яшчэ дзве алеі і стары дрэвастой. На пачатку XVI ст. у гэтым месцы была каралеўская сядзіба, у якой спыняліся прадстаўнікі каралеўскага двара падчас падарожжа з Кракава ў Гародню. Да нашага часу захаваўся толькі адзін гаспадарчы будынак.
Знаходзячыся на памежжы, Крынкі ўвабралі ў сябе рысы іншых культур і рэлігій, што ўвасоблена ў касцёле Святой Ганны ў неагатычным стылі з барокавым інтэр'ерам (адбудаваным на пачатку XX ст. на месцы драўлянага касцёлу), і царкве Нараджэння Багародзіцы ў эклектычным стылі (адбудаванай ў XIX ст. на месцы драўлянай царквы).
Сярод галоўных здабыткаў варта адзначыць і званіцу XIX ст. у стылі барока, і захаваную часткова габрэйскую забудову мястэчка. Адметна, што ў фармаванні знешняга аблічча Крынак у ХVIII ст. прымаў удзел знакаміты гродзенскі стараста, падскарбій літоўскі Антоні Тызенгаўз.
Шляхам татараў
altКрушыняны – гэта невялікая вёска, якая аднак шырока вядомая сваёй татарскай гісторыяй. Татары тут жывуць фактычна ад часоў заснавання, гэта значыць з XVI ст. У ранейшыя часы Крушыняны былі буйным мусульманскім цэнтрам. Менавіта тут пісаліся Аль-Кітабы – мусульманскія тэксты на беларускай мове, напісаныя арабскай вяззю. З іншага боку, размешчаныя ў памежным рэгіёне, Крушыняны сталі месцам жыцця не толькі польскіх татараў, але беларусаў і палякаў.
Крушыняны размешчаны ў 10-ці кіламетрах ад трасы, якая вядзе з памежнага пераходу "Бераставіца-Баброўнікі", сярод часткова аблесеных узгоркаў, з вышыні якіх бачная даліна Свіслачы. Сёння іх нельга назваць вялікім татарскім цэнтрам, аднак татары, якія з'яўляюцца нашчадкамі тых татараў, што ў XVI ст. служылі ў каралеўскім войску, захавалі тут і сваю прысутнасць, і сваю культуру.
Візітоўкай Крушынянаў ёсць драўляны мячэт XVIII ст. і мусульманскія могілкі – мізар, найстарэйшыя надмагільныя пліты якіх маюць ужо 200 гадоў. Акрамя таго, тут можна знайсці сляды вясковай архітэктуры пачатку мінулага стагоддзя, характэрнай для дадзенага рэгіёну.
Ёсць у Крушынянах і татарская карчма, і агратурыстычныя сядзібы "Дворыкі пад ліпамі" і "Татарская юрта". Апошняя адметная тым, што тут можна пакаштаваць сапраўдныя татарскія стравы і наведаць традыцыйную татарскую юрту.
Мясцовыя татары самі сабе называюць ужо польскімі татарамі. Размаўляюць таксама па-польску, арабская мова захавалася толькі ў рэлігійных тэкстах. Аднак тут прытрымліваюцца татарскіх традыцый, калі ідзе пра вяселле, паховіны, вялікія святы і г.д. Адметна, што мясцовыя татары пераважна ўступаюць у шлюбы з асобамі са сваёй супольнасці, але пры гэтым да супольнасці можа далучыцца кожны, хто прыме яе культуру і традыцыі і пяройдзе ў мусульманства.
Безумоўна, знайшоў сабе месца ў Крушынянах і праваслаўны прыход: царква Святой Ганны, асвечаная ў 1985 г. і пабудаваная на месцы спаленага храма.
На памежжы
altВёска Мастаўляны месціцца на самай мяжы з Беларуссю, на левым беразе ракі Свіслач. Калі вы стаіце на адным беразе і кранаеце рукой польскі памежны слупок, то на другім беразе бачны ўжо слупок беларускі, праўда, да яго дайсці магчымасці няма, бо з беларускага боку мяжы – гэта закрытая зона. Адметна, што сама рэчка – тэрыторыя нейтральная: уваходзіць у яе забаронена, а вось рыбу вудзіць на мяжы цывілізацый – калі ласка.
Самі Мастаўляны не маюць прапановы начлегаў ці гастраноміі, бо гэта маленькая вёска. Але варта сюды заехаць па дарозе з некалькіх прычынаў. Па-першае, пабачыць мяжу: не проста польска-беларускую, але на цяперашні час мяжу Еўрасаюза. Другая прычына – і найважнейшая для беларусаў – наведаць месца нараджэння змагара за незалежнасць краіны, кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-64 гг. Кастуся Каліноўскага. Тут можна пабачыць рэшткі падмуркаў дому Каліноўскіх, у якім у фальварку Мастаўляны і нарадзіўся беларускі нацыянальны герой.
І трэцяя прычына – аб'екты сакральнай забудовы. Іх два: праваслаўная царква Святога Яна Тэолага (1862 г., разбудаваная ў 1908-1909 гг.) і грэцка-каталіцкая капліца – цяпер праваслаўная могілкавая царква Святых Кузьмы і Дзям'яна (канец XVIII ст).
Ад каралеўскага месца да памежнай вёскі
Ялоўка ўзнікла як каралеўскі двор на скрыжаванні гандлёвых трактаў з Мазоўша на Русь і з Берасця на Вільню напрыканцы alt15 ст. Але сёння – гэта вёска ўсяго ў 2 кіламетрах ад польска-беларускай мяжы і апошняя мясцовасць перад польскай дзяржаўнай мяжой у кірунку да беларускай Свіслачы. Вёска, наведаўшы якую вы адчуеце даўні подых каралеўскіх шляхоў.
Ялоўка ад пачатку свайго існавання ляжала на каралеўскіх шляхах. У 1545 г. ад польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста яна атрымала магдэбургскае права. Пасля яго смерці ў 1572 г. перайшла ва ўласнасць дзяржавы, тут узніклі стараства, а ў іх акрузе – невялікія фальваркі. У Ялоўцы, як у сядзібе стараства, два разы гасцяваў сам кароль Стэфан Баторы, які падарожнічаў з Варшавы ў Гародню і назад у Варшаву ў 1580-х гг. У 1863 годзе Ялоўку наведалі паўстанцы на чале з Валерыем Урублеўскім. 100 жыхараў мястэчка вырашылі да іх далучыцца.
Сляды гэтага гістарычнага мінулага прасочваюцца ў планіроўцы забудовы Ялоўкі і руінах яе замка, ва ўзгорках, на якіх калісьці стаялі млыны або фальваркі, у могілках, цэрквах і касцёлах. Сярод сакральных здабыткаў Ялоўкі – касцёл Перамянення Пана ХІХ ст., а таксама царква Ўзвышэння Святога Крыжа ХХ ст. Ад неагатычнага касцёлу Святога Антонія Падуанскага пачатку ХХ ст. засталіся толькі руіны. Ён быў знішчаны ў 1944 годзе немцамі. Захаваліся таксама падмуркі старога будынка школы (1892-1895 гг.), цяпер на іх адбудаваны гатэль.
Месціцца Ялоўка недалёка ад Белавежскай пушчы (каля 60 км.) на абшарах, якія ад вякоў былі заселеныя прадстаўнікамі розных культур і нацыянальнасцяў: палякаў, беларусаў, летувісаў, расейцаў, украінцаў, габрэяў і татараў. У самой Ялоўцы яшчэ да Другой сусветнай вайны было шмат габрэяў і беларусаў. Ад габрэйскіх могілак захаваліся толькі тры мацэвы (надмагілля). Калі вы захочаце распытаць жыхароў пра іх мястэчка, яны абавязкова параяць вам пачытаць кнігу "Запіскі свету, які гіне", у якой распавядаецца ўся гісторыя Ялоўкі.
Семяноўскае водасховішча
altНедалёка ад Ялоўкі ёсць Семяноўскае вадасховішча – адно з самых любімых месцаў летняга адпачынку жыхароў Падляшша, а найперш Беласточчыны. Гэта штучны вадаём, які з'явіўся ў 1970-1980 гг., яго паверхня – больш за 30 квадратных кіламетраў. Семяноўскае вадасховішча – трэці па велічыні штучны вадаём у Польшчы, яго глыбіня сягае сямі метраў.
Улетку Семяноўскае вадасховішча – гэта свайго роду мясцовы курорт. Тут можна пазагараць на залатым пясочку, паплаваць на водным ровары альбо накіравацца ў падарожжа па возеры на прагулачным судне.
У 1950-60-х гг. мінулага стагоддзя ў даліне верхняй Нарвы канстатавалі дэфіцыт водных рэсурсаў. У звязку з гэтым у рэгіянальным плане развіцця мясцовай воднай гаспадаркі і з'явіўся такі пункт, як узнікненне вадасховішча. Разглядася і некалькі магчымых месцаў яго з'яўлення, але ў канчатковым варыянце спыніліся на раёне ў ваколіцах вёскі Семяноўка.
Калі будавалі вадасховішча, прыйшлося высяліць некалькі вёсак і хутароў: Рудня, Гарбары, Болтрыкі, Лука і Буды зніклі пад вадой. Дарэчы, вёску Лука называюць семяноўскай Атлантыдай. Ходзяць нават чуткі, што калі апусціцца на дно возера, то можна ўбачыць дамы, каміны, платы падводных вёсак. Ці гэта праўда – сказаць цяжка. Цікава, што ў 2005 г. на берагах Семяноўскага вадасховішча здымалі сцэны да аднаго з фільмаў з цыклу "Хронікі Нарніі".
А вось жыхары вёскі Рудня "пахавалі" сваю вёску. На адным з берагоў вадасховішча можна знайсці магілу з гадамі жыцця вёскі – ад ХVІ ст. і да 1992 года. Непадалёк ад гэтага месца яшчэ адно цікавае відовішча – гідраэлектрастанцыя (каля вёскі Бандары). Каля яе – камень з напісам, што ГЭС ёсць помнікам савецкага гаспадарання.
Праз вадасховішча пракладзена грэбля, на ёй – чыгуначны шлях, які вядзе ў Ваўкавыск. Дарэчы, побач з еўрапейскай шырынёй чыгункі ляжыць усходнееўрапейская. Паводле гісторыкаў, у выпадку вайны з Захадам па чыгунцы ішлі б эшалоны з савецкімі войскамі.
І, безумоўна, цяпер Семяноўскае вадасховішча – гэта найперш месца для адпачынку: невялікія пляжы, агратурыстычныя сядзібы, пракат лодак ды водных ровараў ды іншыя прывабныя для турыста забавы. Улетку на сцэне амфітэатру адбываюцца канцэрты або конкурсы. Варта адзначыць і спаборніцтвы па віндсерфінгу на Кубак Зубра, якія тут праходзяць. Безумоўна, Семяноўка – гэта "рай" для рыбакоў. Аматараў назіранняў за птушкамі запрашаюць наведаць рэзерват птушак "Семяноўка".
У самой вёсцы Семяноўка можна ўбачыць драўляную архітэктуру, царкву Святога Юрыя Пераможцы з XVII ст. і царкву Святога Мікалая. Адметна, што вёска ляжыць ніжэй роўню вады ў вадасховішчы, таму ахоўваецца вялікім валам. Пры жаданні тут можна спыніцца ў гаспадарцы "Бабровая плаціна" (Bobrowа Zagrodа). Акрамя жылля і харчавання, тут прапануюць пазнаёміцца з ткацтвам, ганчарствам, можна паплаваць лодкай або праехацца ў адмысловай брычцы "bonanzą po okolicy". Увечары – вогнішча або грыль.
Белавежа
altБелавежа – гэта вялікая вёска з местачковым характарам. Месціцца яна непасрэдна ў Белавежскім Нацыянальным парку, польскай яго частцы. Гэтая мясціна захавала сваю даўнюю гісторыю, якае сягае ў XIV ст., а таксама сляды прысутнасці яшчэ Вялікіх князёў літоўскіх, польскіх каралёў ды расейскіх цароў.
Усяго ў чатырох кіламетрах ад Белавежы, у Грудках, ёсць пешаходна-роварны памежны пераход. У 80-х гадах мінулага стагоддзя Белавежу хацелі злучыць чыгункай з беларускімі Пружанамі і далей з Берасцем і Мінскам. Аднак планы гэтыя не ўжыццявіліся.
Наведаўшы Белавежу, адначасна вы наведваеце і саму Белавежскую пушчу – перлу еўрапейскіх і сусветных нізінных лясоў, адзіную захаваную ў такой натуральнай форме.
На мяжы XIV і XV стст. на месцы сучаснай Белавежы быў паляўнічы двор Вялікага князя Літоўскага Вітаўта і яго стрыечнага брата Ягайлы. З тых часоў і ведамыя першыя звесткі пра гэтую мясцовасць. Пазней – гэта паляўнічы дом Жыгімонта І Старога. У часы Стэфана Баторыя пабудавалі чарговы паляўнічы замак, дзе цяпер знаходзіцца так званае Замчышча.
У XVIII ст. Аўгуст ІІІ Сас узвёў тут новы паляўнічы палац. Менавіта Аўгуст ІІІ ужыццявіў адно з найвялікшых паляванняў у гісторыі пушчы. У памяць пра гэта паўстаў абеліск, на якім на нямецкай і польскай мовах выбітыя прозвішчы світы і колькасць забітай дзічыны. Пазней тут кіраваў Антоні Тызенгаўз, які падзяліў пушчу на 13 ахоўваемых частак. А ўжо ў 1795 г. і Белавежа, і сама пушча апынуліся пад расейскай царскай уладай.
Напрыканцы XIX ст. па жаданні Аляксандра ІІІ пачалося будаўніцтва шыкоўнага царскага палаца на месцы паляўнічых двароў польскіх каралёў. У ваколіцах узнік і шэраг іншых збудаванняў: паляўнічы дом, тэлефонная станцыя, электрычны млын, стайня і іншыя. З'явілася вялікая сажалка. З Гайнаўкі да Белавежы правялі чыгунку, а першы цягнік прывёз цара Мікалая ІІ з сям'ёй і гасцямі.
Захавалася да нашых дзён і царква Святога Мікалая Цудатворцы з чырвонай цэглы, асвячэнне якой адбылося ў 1895 г. У 1913 г. пачалося ўзвядзенне прыродазнаўчага музея.
Нажаль, усе замкі і амаль усе дамы былі знішчаныя. Большыя пабудовы пад канец ХІХ ст. выкарысталі пры будаўніцтве царскага палаца. З меншых ужо за савецкай уладай рабілі брук. Сам царскі палац быў знішчаны падчас Другой сусветнай вайны.
Сёння Белавежа – адно з сама папулярных месцаў для адпачынку з добра развітай інфрастуктурай. Начлегі – ад шматлікіх аграсядзібаў да шыкоўных гатэляў. Забавы – гэта і катанне на конях летам або санях узімку, гулянні пры вогнішчы, а галоўнае – чыстае пушчанскае паветра і магчымасць адпачынку ў сэрцы буйнейшага еўрапейскага лесу.
У самую каштоўную прыродную частку Белавежскай пушчы можна трапіць толькі з ліцэнзаваным правадніком. У самой Белавежы ад часоў царскага панавання захаваліся палацавы парк у ангельскім стылі і іншыя забудовы царска-паляўнічай рэзідэнцыі, а таксама комплекс будынкаў чыгуначнага вакзала "Белавежа таварная". Цяпер тут рэстаран "Царскі".
Можна наведаць Касцёл Святой Тарэсы (1926 г.) і капліцу Святога Губерта, царкву Святога Мікалая Цудатворцы (1894-1895 гг.) з унікальным парцалянавым іканастасам.
У Белавежы працуе прыродазнаўча-лясны музей з унікальнай калекцыяй экспанатаў і аглядальнай вежай, адзін з самых сучасных у Польшчы, скансен драўлянай архітэктуры рускай народнасці Падляшша. Паблізу, па дарозе з Белавежы да Гайнаўкі – рэзерват жывёл, дзе можна пабачыць буйных млекакормячых.
Добавить комментарий