Горад, дзе ёсць шчасце
- Подробности
-
Опубликовано 14.06.2013 06:58
-
Автор: Ігар Пракаповіч
Шчаслівы той, хто бачыў Паставы... Прыблізна так напісала ў сваіх мемуарах вядомая польская пісьменніца ХІХ ст. Габрыэля Пузына. Час толькі ўзмацніў шчаслівыя эманацыі горада, які магічна прываблівае да сябе як тых, хто адчуў у сябе пакліканне яго наведаць, так і тых, хто ўжо блукаў па ягоных вуліцах. Між іншым, Паставы чакаюць і Цябе, каб упэўніць у тым, што шчасце на свеце ёсць.
Паставы – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі, ляжыць абапал невялікай маляўнічай рачулкі Мядзелка на паўночна-заходнім ускрайку краіны. Ён знаходзіцца ў баку ад вялікіх і шумных дарог, як бы ўтоены ад чужых вачэй, і таму здолеў захаваць сваё своеасаблівае аблічча.
Паставы – адзін з самых азёрных гарадоў Беларусі. У межах горада налічваецца 6 азёр; на адлегласці 10 км. – 38 вадаёмаў. Усяго ў Пастаўскім раёне 115 азёр.
Паставы – адзін з самых старажытных населеных пунктаў Беларусі. Першае згадванне ў крыніцах вёскі Пасаднік, з якой выраслі Паставы, адносіцца да 996 г.
Паставы – самы аддалены раённы цэнтр Віцебскай вобласці. Адлегласць ад Віцебска 250 кіламетраў, ад Мінска – 190 км.
Паставы – горад, які ляжыць амаль на мяжы Беларусі з Літвой. Адлегласць да дзяржаўнай граніцы складае ўсяго каля 11 км.
Паставы – горад, якім раней валодалі магнацкія роды Зяновічаў, Радзівілаў, Пацаў, Бяганскіх, Тызенгаўзаў, Пшаздзецкіх.
Паставы – горад, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя дзейнічала практычная афіцэрская кавалерыйская школа парфорснага палявання, якую наведвалі вялікі князь Мікалай Мікалаевіч Раманаў, генерал Аляксей Брусілаў, казацкі атаман Пётр Красноў, генерал Аляксей Ігнацьеў, прэзідент і маршал Фінляндыі Густаў Манергейм і іншыя вышэйшыя асобы.
Паставы – горад праз які амаль тры гады праходзіла лінія фронту Першай сусветнай вайны.
Паставы – горад з вялікай беларускай, польскай і яўрэйскай спадчынай.
Паставы – сталіца Міжнароднага фестывалю народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", які адбываецца тут з 1992 г.
Паставы – у недалёкім мінулым самы мілітарызаваны горад Беларусі. Тут размяшчаліся 2 ваенныя гарадкі, аэрадром; знаходзіліся танкавыя і авіяцыйныя падраздзяленні, войскі стратэгічнага прызначэння. У раёне ёсць шахты, дзе раней на пастаянным баявым дзяжурстве стаялі балістычныя ракеты.
Паставы – горад, які мае пабрацімаў у Італіі і Іспаніі. Гэта гарады Сант Орэстэ і Бегес, з якімі падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве.
Паставы – адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, дзе захаваўся архітэктурны ансамбль забудовы мястэчка канца ХVІІІ ст.
Паставы – горад, дзе шмат цікавых мясцін і творчых людзей, знаёмства з якімі дадасць кожнаму падарожніку безліч станоўчых эмоцый і ўспамінаў.
Паставы – горад, дзе ёсць шчасце...
Касцёл св. Антонія Падуанскага на гарадзішчы Востраў
altУ цэнтральнай частцы горада на ўзвышанай паўвыспе правага берага ракі Мядзелка высока ўзнімаецца прыгожы чырвоны неагатычны касцёл святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага зачацця найсвяцейшай Марыі Панны. Ён пабудаваны на Гарадзішчы Востраў у 1898 – 1904 гг. з фундацыі сястры К. Тызенгаўза Марыі Пшаздзецкай архітэктарам Артурам Гойбелем.
Пастаўскі касцёл названы ў гонар аднаго з найбольш шанаваных святых прапаведнікаў – Антонія Падуанскага, які выступае заступнікам пры пошуку згубленых рэчаў, дапамагае знайсці людзям не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае: любоў, надзею, сумленне, Бога.
Храм уяўляе сабой аднавежавую базіліку з пяціграннай апсідай і бакавымі закрысціямі. Асноўны аб'ём пакрыты высокім двухсхільным дахам, а апсіда – гранёным. Велічнасць храму надае шмат'ярусная шатровая вежа. Уваход у храм прадстаўлены трыма стрэльчатымі парталамі. Унутраная прастора касцёла шасцю гранёнымі слупамі падзелена на тры высокія падоўжаныя нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Галоўны алтар прысвечаны Антонію Падуанскаму, два бакавыя – Панне Марыі і Сэрцу Езуса.
Побач з касцёлам з такой жа чырвонай цэглы была ўзведзена плябанія.
У пасляваенны час касцёл быў адабраны ў вернікаў і выкарыстоўваўся як корпус заводу радыёкампанентаў. Зараз ён адрэстаўрыраваны і лічыцца адным з самых прыгожых храмаў Беларусі.
Пры касцёле створаны невялікі, але цікавы музейчык.
Архітэктурны ансамбль былой Рынкавай плошчы
altАрхітэктурны ансамбль былой Рынкавай плошчы (пазнейшая назва – плошча Свабоды; сучасная – плошча Леніна) – гэта адна з яскравых гістарычных адметнасцяў Паставаў. Ён сфармаваўся на высокім плоскім узвышшы левага берага ракі Мядзелкі, плаціна на якой утварыла два маляўнічыя ставы. У 1760 – 80-я гг. быў узведзены будынак крытага рынку, пабудавана дзевяць дамоў рамеснікаў, будынак канцылярыі і суда, кавярня, аўстэрыя, тры дамы заездаў (гатэлі), школа, дом урача (лячэбніца). Ад старой забудовы ў кампазіцыю ўвайшлі драўляныя храмы ХVІ – ХVІІ стст.
Ансамбль узнік на месцы адзінай у мястэчку гандлёвай плошчы – Рынка, праз якую праходзіў шлях з Мядзела на Друю і на Глыбокае. Да кожнага вугла амаль прамавугольнай плошчы падыходзіла па адной вуліцы так, што адна вуліца ішла перпендыкулярна другой. Гэтыя вуліцы і па сённяшні дзень з'яўляюцца асноўнымі артэрыямі горада. У часы Тызенгаўза яны называліся: паўночная – Браслаўская (суч. Ленінская), паўднёвая – Віленская (суч. Савецкая), заходняя – Задзеўская (суч. 17 Верасня), усходняя – Зарэчная (суч. Чырвонаармейская). Зарэчная вуліца перасякала дарогу ад старога пастаўскага маёнтка да францысканскага кляштара з касцёлам, пабудаваным у 1617 г., і злучала цэнтральную частку мястэчка з зарэчнай кляштарна - сядзібнай.
У аснову рэгулярнай планіроўкі цэнтра мястэчка была пакладзена прамавугольная гандлёвая плошча памерамі 295 на 93 метры з будынкамі гандлёвых радоў па цэнтры, мураванымі дамамі рамеснікаў і гандляроў па перыметры. Большая частка старажытнай забудовы захавалася.
Царква Свяціцеля Мікалая-Цудатворцы
altЦарква Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, размешчаная на цэнтральнай плошчы горада, упершыню згадваецца ў гістарычных дакументах у інвентары маёнтка Паставы за 1628 г. Апісваецца яна так: "...на вуліцы, што ідзе да Зарэчча, царква пад тытулам святога Мікалая з усім начыннем...". У 1713 г. на яе месцы быў узведзены ўніяцкі храм, які згарэў ў 1815 г.
Сучасная праваслаўная царква пабудавана ў 1894 годзе з цэглы, атынкавана. Асноўны прамавугольны ў плане аб'ём храма выцягнуты па папярочнай восі. Да яго прымыкаюць закругленая апсіда, дадатковы аб'ём і бабінец з ганкам. Па баках і апсідах размешчаны дапаможныя памяшканні. Асноўны аб'ём завершаны традыцыйным пяцігалоўем, бабінец – шатровай званіцай з галоўкай. У дэкоры фасадаў выкарастаны какошнікі, арнаментальныя паяскі, ліштвы, паўцыркульныя нішы. Царква - помнік архітэктуры псеўдарускага стылю.
Стары млын
Першыя згадкі пра млын на рацэ сягаюць у 30-я гг. ХVІІ ст, калі Ян Юры Зяновіч узвёў будынак і паставіў на рэчышчы два вадзяныя колы.
Верагодна, першапачаткова млын выкарыстоўваўся для перамолу збожжа, аднак пазней, у 1728 г., Бенядзіктам Тызенгаўзам на супрацьлеглым беразе у Зарэччы была пастаўлена паперня. У 1766 (або 1767) г. Антоні Тызенгаўз яе індустрыялізаваў. На фабрыцы выраблялася шэсць сартоў паперы і картон. Дзейнічала да пачатку ХІХ ст. У часы Тызенгаўза (80-я гг. ХVІІІ ст.) давала даходу да 3000 злотых. Працавала на фабрыцы пяць чалавек: майстар і чатыры памагатыя.
З 1994 па 1998 гг. праводзілася актыўная рэстаўрацыя млына. У 1998 г. у адноўленым будынку адкрыўся Дом рамёстваў "Стары млын". У ім абсталявана чатыры залы для выставаў, шэсць пакояў для правядзення гуртковых заняткаў, метадычны кабінет і архівы. У выставачных залах экспануюцца прадметы народнай творчасці, праводзяцца жанравыя выставы, вернісажы мастакоў, аформлена зала-музей музычнай культуры Пастаўшчыны, вядзецца праца над залам-музеем "Млынарства і хлеб".
Палац Тызенгаўза ў Паставах
altПалац Тызенгаўза у Паставах пачаў будавацца ў другой палове ХVІІІ ст. Антоніем Тызенгаўзам, а завершаны яго пляменнікам Канстанцінам. К. Тызенгаўз, які атрымаў палац у спадчыну ад бацькі і пасяліўся тут настала, правёў значную рэканструкцыю сядзібы.
Паўночная частка палаца была прысвечана навуцы і мастацтву. У правай палове паўночнага флігелю знаходзіўся арніталагічны музей, у калекцыях якога налічвалася звыш 3000 відаў птушак і птушыных яек, як мясцовых, так і з іншых краёў.
У левай палове знаходзілася некалькі памяшканняў з плафонамі, якія былі ўпрыгожаны ляпнінай, мармуровымі камінамі. На сценах віселі карціны выдатных еўрапейскіх мастакоў. Усяго налічвалася звыш 60 твораў прадстаўнікоў італьянскай, галандскай, французскай і нямецкай мастацкіх школ. Меліся арыгіналы Леанарда да Вінчы, Рубенса, Дзюрэра, Снэйдэрса і іншых вядомых мастакоў. У паўднёвай частцы палаца размяшчаліся гасцінныя і гаспадарчыя пакоі, а ў цэнтральнай, двухпавярховай, жылі гаспадары.
Палац на працягу сваёй гісторыі адыгрываў ролю адметнага не толькі ў наваколлі, але і за яго межамі цэнтра навукі і мастацтваў. Акрамя згаданага арніталагічнага музея і карціннай галерэі гаспадары мелі багатую бібліятэку, у якой знаходзілася шмат кніг навуковага зместу, асабліва па арніталогіі. Кніжны збор не саступаў па багаццю матэрыялаў буйнейшым навуковым цэнтрам.
У розны часы ў палацы дзейнічаў тэатр, балетная і музычная школы, ў якіх навучаліся і выступалі дзеці з мястэчка і навакольных вёсак. Некаторыя з іх дасягнулі вялікіх поспехаў, як напрыклад, танцоўшчыкі Апалонія Дарэўская, Адам Бжазінскі, Андрэй Кухальскі.
На поўнач і ўсход ад палаца мясціўся пейзажны парк плошчай каля 10 га. Ён падзяляўся на дзве часткі: старую і новую. Першая мела правільную форму ў выглядзе прамавугольніка і займала тэрыторыю на поўнач ад сядзбы, працягваючыся ліпавымі алеямі ўздоўж каналаў, якія злучалі возера Круглае з ракой Мядзелкай. Другая займала плошчы вакол палаца і была прадстаўлена пераважна маладымі групамі ліп. Зараз палац адрэстаўрыраваны і прымае шматлікіх турыстаў. Ёсць невялікі музей і кавярня "У Антонія".