У пошуках слонімскіх скарбаў
- Подробности
-
Опубликовано 13.06.2013 15:35
-
Автор: Сяргей Чыгрын
Краязнаўчы шлях пройдзе па наступным культурна-турыстычным маршруце: Слонім — Альбярцін — Жыровічы — Кракотка — Сынковічы — Парэчча — Слонім.
Кожны горад ці мястэчка ў Беларусі маюць свае духоўныя і матэрыяльныя скарбы. Але, лічу, што самым багатым на ўсе скарбы з'яўляецца спрадвечны горад над Шчарай — Слонім.
Ён паўстаў на рацэ Шчара і з даўніх часоў адыгрываў істотную ролю ў гісторыі Беларусі. Ён захаваў старажытную планіроўку і шматлікія помнікі архітэктуры XVІІ-XVІІІ стст.: мужчынскі і жаночы бернардзінскія кляштары, ратушу, аўстэрыю, сінагогу, касцёл Святога Андрэя.... У гісторыі Слоніма пакінулі яркі след канцлер ВкЛ Леў Сапега і гетман ВкЛ Міхал Казімір Агінскі, пры якім Слонім здабыў славу "Паўночных Афін".
Побач са Слонімам Жыровічы таксама не менш гістарычнае месца. Жыровіцкі кляштар, якому больш за 500 гадоў, мае цудатворны абраз Божай Маці Жыровіцкай, адрозніваецца выразнай архітэктурай і славіцца сваім багатым гістарычным мінулым.
А ў суседніх Сынковічах знаходзіцца неацэнны дыямент беларускага дойлідства — царква-крэпасць, якая фігуруе ў самых прэстыжных каталогах помнікаў сусветнай архітэктуры. Царква з першага погляду зачароўвае захапляльнай цэльнасцю, лагічнай завершанасцю і пявучай гармоніяй свайго аблічча. І ў той жа час яна агорнутая таямніцай — таямніцай свайго паходжання...
Гэтыя і іншыя скарбы слонімскай зямлі прыцягваюць сюды тысячы турыстаў з усяго свету. Бо дзе лепшыя скарбы можна адшукаць, калі не тут.
Помнікі хрысціянства і не толькі
За адзін дзень турысты, якія наведаюць Слонім, азнаёмяцца з праваслаўнымі, каталіцкімі, мусульманскім храмамі, паглядзяць самы стары помнік Слоніма – сінагогу 1642 г.
У самым цэнтры Слоніма да нябёс узвышаецца Спаса-Прэабражэнскі сабор, які існаваў яшчэ з XVI стагоддзя. Але ў 1963 г. храм быў цалкам разбураны. І толькі, дзякуючы святару айцу Віктару яго адбудавалі наноў. Гэта сама вялікі праваслаўны храм на Гродзеншчыне. Адначасна ў ім могуць маліцца каля 5 тысяч вернікаў.
Недалёка ад Спаса-Прэабражэнскага сабора знаходзіцца праваслаўная Свята-Троіцкая царква, а ў Альбярціне (мікрараён Слоніма) вернікаў прымае і храм Афанасія Брэсцкага.
Між дзвюма праваслаўнымі святынямі ў цэнтры Слоніма ўзвышаецца кляштар і касцёл бернардзінак. Пабудаваныя яны ў стылі барока паміж 1664-1670 гг. У ансамблі кляштара бернардзінак пануе трох'ярусная квадратная ў сячэнні вежа-званіца, вылучаная ў самастойны масіўны аб'ём. Абарончы характар будынку вызначаецца канструкцыйным рашэннем. Манументальная паўкруглая апсіда ўпрыгожана стукавай фігурнай рамай.
Двухпавярховы корпус кляштару, які ўтварае прамавугольнае замкнутае карэ, быў прыбудаваны да касцёлу ў 1764 г. Фасады будынка, рытмічна расчлянёныя пілястрамі, дэкараваным карнізам з выкружкамі. Кляштарны корпус мае характэрную для пабудоў гэтага тыпу галерэйную планіроўку з размяшчэннем ячэек-келляў па ўнутраным перыметры будынку. Будынак ацяпляўся кафлянымі печамі.
Архітэктура ансамблю кляштара бернардзінак вызначаецца суровай манументальнасцю, складанасцю. За векавую гісторыю будаўніцтва архітэктурны дэкор кляштара ўвабраў у сабе характэрныя рысы позняга барока.
На скрыжаванні вуліц Пушкіна і Міцкевіча ў Слоніме ў стылі позняга барока ў 1745 г. з цэглы была пабудавана капліца Святога Дамініка.
Адным з найпрыгажэйшых помнікаў позняга барока ў Слоніме ёсць касцёл Святога Андрэя на плошчы Льва Сапегі. Пабудаваны ён быў у 1775 г. Гэта аднанефавы, прамавугольны ў плане манументальны храм, накрыты трохсхільным чарапічным дахам. У яго кампазіцыі пануюць дзве ярусныя вежы з фігурнымі шатрамі і высокім фігурным шчытом, які плаўна пераходзіць каля асновы ў бакавыя валюты.
На самым беразе канала Агінскага турыстаў прыцягвае і мусульманская мячэць. Яе настаяцель Сулейман Байрашэўскі з вялікай ахвотай распавядае ўсім, хто там пабывае, пра гісторыю мусульманаў на Слонімшчыне.
Турыстам надарыцца магчымасць пабываць там, дзе стаяў славуты на ўсю Еўропу тэатр Агінскага, прайсціся па Опернай вуліцы, па якой спяшаліся артысты ў свой тэатр, паглядзець славуты Малы канал Агінскага, а таксама плошчу Льва Сапегі.
Помнік клысіцызму, Альбярцін
Цяпер Альбярцін – мікрараён Слоніма. Там захаваўся сядзібна-паркавы ансамбль Войцэха Пуслоўскага – шыкоўны помнік класіцызму. Ён узнік у першай палове ХІХ ст. Турысты змогуць паглядзець сядзібны дом, жылы флігель, службовы флігель, стайню, браму, сажалку, парк. У парку растуць некалькі дзесяткаў відаў дрэў, сярод якіх — ліпа каралінская і ліпа канадская з'яўляюцца помнікамі прыроды. Побач знаходзіцца возера з невялікім вадаспадам, далей пачынаецца лес.
Кіламетраў чатыры ад маёнтку Пуслоўскіх у лесе можна ўбачыць яшчэ адзін помнік прыроды – расколаты камень-валун. Ён больш за тры метры ў вышыню, тры з паловай метры ў шырыню і ў даўжыню. Сярод слонімцаў жыве легенда, што неяк вяртаўся пан Пуслоўскі з лецішча ў свой маёнтак у Альбярцін. У дарозе яго заспела навальніца. Фаэтон Пуслоўскага спыніўся каля самага каменя-валуна. У гэты момант моцна ляснула маланка і трапіла проста ў камень, які ад удару раскалоўся на дзве часткі. Два тыдні ў маёнтку Пуслоўскіх гарэлі свечкі ў знак таго, што камень выратаваў пана. Спадар Пуслоўскі пасля загадаў паставіць на камені крыж.
Сам Войцэх Пуслоўскі (1762-1833) нарадзіўся ў Песках на поўдні былога Слонімскага павету (цяпер Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці). Скончыў павятовую школу камісіі народнай адукацыі ў Слоніме. Быў дэпутатам Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, маршалкам Слонімскага павету. Валодаў маёнткамі Пескі, Шылавічы, Альбярцін, Сынковічы, Шулякі, Косава, Міхалін Слонімскага павета і іншымі. У Слоніме меў двор, а ў Вільні – Антокаль і палац.
Дзякуючы яму, у першай палове XIX стагоддзя ў маёнтку Альбярцін былі пабудаваныя палац, флігель, стайня, закладзены парк, адчынілася некалькі прадпрыемстваў і г.д.
Праз 18 гадоў Войцэх Пуслоўскі разам з сваімі сынамі і ўнукамі актыўна падтрымае шляхецкае паўстанне на Беларусі і Літве ў працяг паўстання ў Польшчы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. Сын Войцэха Пуслоўскага – Цітус Пуслоўскі створыць паўстанцкі атрад колькасцю каля 1000 чалавек. У атрадзе Цітуса было нямала рабочых і тэхнікаў з бацькавай суконнай фабрыкі. У атрадзе Міхала Валовіча найбольш было сялянаў. Сродкі для паўстанцаў давалі Войцэх Пуслоўскі і бацька Міхала Валовіча — Казімір Валовіч. Валовіч старэйшы нават заклаў свой маёнтак з землямі ў Пецярбургскай захоўнай казне за 30150 рублёў.
На Беларусь для задушэння паўстання было сцягнута 125-тысячнае расейскае войска. Паўстанне было задушана. Цітусу Пуслоўскаму пашанцавала. Яго ў адміністрацыйным парадку выслалі ў Уфу, скуль праз пэўны час яму ўдалося ўцячы ў Прусію, а потым у Францыю. Вярнуўся Цітус у Альбярцін напрыканцы свайго жыцця, дзе ў 1854 г. памёр у Песках.
У 1863-1864 гг. на Беларусі ўспыхнула новае паўстанне, якое таксама падтрымлівалі Пуслоўскія.
Пасля смерці В. Пуслоўскага ўласнікамі Альбярціна сталі яго сыны і ўнукі. Але галоўны гаспадар яшчэ пры жыцці пачаў актыўна наладжваць дзейнасць прамысловых прадпрыемстваў. Ён паспеў закласці ў Альбярціне дывановую мануфактуру ў 1832 годзе, якая вырабляла 1065 метраў дываноў у год. На ёй працавалі 70 рабочых.
У 1913 г. у Альбярціне быў пабудаваны электралямпавы завод – першае на Беларусі прадпрыемства такога профілю. На ім працавалі 86 рабочых.
У 1813 г. граф Замойскі адкрыў суконную фабрыку, якую ў 1823 г. выкупіў В. Пуслоўскі. Пазней з Хомску (цяпер вёска ў Драгічынскім раёне, там таксама быў маёнтак Пуслоўскіх), пасля пажару гаспадары перавязлі ў Альбярцін і сваю суконную фабрыку. У 1843 г. на ёй у Альбярціне налічвалася 75 ткацкіх, 35 прадзільных, 7 пастрыгальных, 10 варсавальных і больш за 60 іншых станкоў, якія прыводзіліся ў рух вадой, коньмі і людзьмі.
На прадпрыемствах Пуслоўскіх у Альбярціне працавалі пераважна сяляне з тутэйшых вёсак, былі гараджане, а таксама замежныя вольнанаёмныя майстры. У розны час фабрыка вырабляла сукно, коўдры, корт, трыко, фланель, драп. У 1870-1880-я гг. на фабрыцы дзеілі 134 ручныя ткацкія станкі, 22 часальныя і 15 прадзільных машын, слясарня і іншыя. Былі ўстаноўленыя дзве новыя паравыя машыны, два паравыя катлы. У 1879 годзе на фабрыцы працавала ўжо 475 наёмных рабочых. Для іх пабудавалі сталоўку, потым шпіталь, аптэку і нават адкрылі вучылішча, кіраўніком якога быў педагог Язэп Петрашкевіч. На Варшаўскай (1875 г.) і Усерасейскай у Маскве (1882 г.) прамысловых выставах прадукцыя фабрыкі Пуслоўскіх за высокую якасць была адзначана сярэбранымі медалямі.
Пазней унук Войцэха Пуслоўскага – Уладзіслаў Пуслоўскі, які быў уласнікам Альбярціна да 1939 г., адкрыў у Альбярціне лесапільна-сталярную фабрыку, шоўкакруцільную фабрыку, чыгуналіцейны завод, млын, запалкавую фабрыку "Шчара", цвіковы завод, драцяное прадпрыемства. На чыгуналіцейным заводзе плавілі чыгун, выраблялі сячкарні, млынавыя машыны, веялкі, посуд для вінакурняў і піваварняў, вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак і г.д.
У 1880 годзе праз Альбярцін была пракладзена шаша Баранавічы-Альбярцін-Слонім-Варшава. У 1886 г. праз Альбярцін прайшла лінія чыгункі Баранавічы-Беласток, побач у Слоніме пачала дзеіць чыгуначная станцыя. На рацэ Ісе ў Альбярціне У. Пуслоўскі пабудаваў першую ў Заходняй Беларусі гідраэлектрастанцыю. А Беластоцкі камерцыйны банк адкрыў тут сваё аддзяленне, пачало дзеіць таварыства ўзаемнага крэдыту.
У сядзібным доме падчас Другой сусветнай вайны мясціўся Саюз Беларускай Моладзі.
Недалёка ад сядзібы Пуслоўскіх знаходзіцца касцёл пачатку ХХ стагоддзя. Побач з касцёлам мемарыяльны знак, прысвечаны грэцка-каталіцка-езуіцкай місіі ў Альбярціне ў 1927-1942 гг. Тут у тыя гады працавалі, служылі і жылі святары Антон Неманцэвіч, Уладзімір Пянткевіч, Вальтар Цішэк і іншыя. Побач на альбярцінскіх могілкіх знаходзяцца магілы ўніятаў. Захаваліся пабудовы, дзе яны жылі.
Святыня Беларусі
Мястэчка Жыровічы знаходзяцца ў 10 км. ад Слоніма. Жыровічы ведамыя ажно з XV ст., калі вялікі князь ВкЛ Казімір Ягелончык аддаў іх падскарбію літоўскаму Аляксандру Солтану. Затым Жыровічы належалі Мялешкам, Сапегам і іншым вялікім людзям ВКЛ.
У Жыровічах месціцца славуты Свята-Успенскі манастыр, які сфармаваўся ў 1672-1828 гг. Тысячы турыстаў з усяго свету штогод наведваюць Жыровічы. Там ёсць што паглядзець. Гэта Успенскі сабор, Богаяўленская царква, Крыжаўзвіжанская царква і іншыя. З пачатку XVII ст. ў Жыровічах быў створаны комплекс каменных будынкаў. У канцы XVII ст. Жыровіцкі манастыр лічыўся сама багатым у Беларусі. Ён быў вельмі ведамы сярод уніятаў. Манастыр быў заснаваны ў другой палове XV стагоддзя першапачаткова як праваслаўны. У 1613 г. ён быў перададзены базыльянскаму ордэну. У гэты час у Жыровічах быў закладзены Свята-Успенскі сабор. Пазней сабор быў перабудаваны і ў першай палове XIX стагоддзя ён атрымаў сучасны выгляд. Інтэр'ер вызначаецца асаблівай параднасцю. Фасад сабору аздоблены дэкорам, які сумяшчае ў сабе класічныя элементы і матывы візантыйскай архітэктуры. Найбольш цікавую частку ўяўляе купал.
На тэрыторыі манастыра паміж саборам і кельямі знаходзіцца Богаяўленская царква. Багатай пластыцы галоўнага фасаду супрацьпастаўлены аскетычная бакавыя паверхні сценаў.
На пагорку, за Богаяўленскай царквой, размешчана Свята-Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 г. Царква ўяўляе сабой так званую Кальварыю. Для веруючых, якія прыходзілі да манастыра, Кальварыя здавалася Галгофай – месцам пакарання Хрыста. Увайшоўшы ў храм, наведнік трапіць на працяглую парадную лесвіцу.
У Жыровічах яшчэ можна пабываць у духоўнай акадэміі і семінарыі. А таксама наведаць жыровіцкую святую крыніцу, акунуцца ў купелі. Ёсць у Жыровічах і цікавы музей старых абразоў.
У краіне валуноў, Кракотка
Пасля Жыровічаў (каля 20 км) наш маршрут можа працягнуцца ў вёску Кракотка, якую Уладзімір Караткевіч назваў, сама прыгожай вёскай на свеце. У Кракотцы была ў 1927 г. адкрыта беларуская бібліятэка імя Янкі Купалы – першая ўстанова культуры ў Беларусі, якой было надана імя народнага песняра. Бібліятэка праіснавала 80 гадоў. Захаваўся будынак, дзе яна месцілася, жывуць яшчэ людзі, якія там працавалі.
Турысты ў Кракотцы змогуць наведаць храм Прасвятой Багародзіцы і храм святога прарока Іаана Прадцечы. А калі ехаць па шашы з вёскі Сялявічы на Кракотку, то на спуску, злева на ўскрайку лесу можна ўбачыць вялізны валун, парослы мохам. Гэта – камлыга Кракоцкая. Слова «камлыга» у беларускай мове азначае «глыба». Даўжыня гэтага валуна 3,5 метры, шырыня – 3,4 метры, вышыня – 1,76 метры. Уяўляе ён сабой чырванаваты граніт. Увогуле, гранітныя валуны – сама распаўсюджаныя на Беларусі.
Камлыга Кракоцкая патроху разбураецца, бо кавалачкі граніту ад яе лёгка адломваюцца. Ды й узрост гэтага валуна вучоныя ацэньваюць у 150–220 тысяч гадоў. Кіламетры з два далей, уніз на Кракотку, ляжыць яшчэ адзін двухсоттысячагадовы волат шэрага колеру – Камень з ямкамі Кракоцкі, помнік прыроды рэспубліканскага значання. Яго даўжыня каля трох с паловай метраў, вышыня – паўтары метры. На паверхні гэтага валуна захаваліся пяць штучных адтулін, якія маюць культавае значанне. Чым быў гэты волат для нашых прашчураў, застаецца толькі здагадвацца. І ніякіх паданняў пра гэтыя камяні, на жаль, не захавалася
Побач з вёскай знаходзіцца кракоцкая святая крыніца, якая лечыць вочы ад усіх хваробаў.
Помнік абарончага дойлідства, Сынковічы
Ад Слоніма да Сынковічаў 12 км. У Сынковічах турыстам даспадобы будзе храм абарончага тыпу – Сынковіцкая крэпасць-царква XV ст. Вёска Сынковічы ўпамінаецца ў гістарычных крыніцах з канца ХV – пачатку ХVІ ст., калі была пабудаваная тут царква-крэпасьць.
З падання ведама, што заклаў царкву вялікі князь Вітаўт. Магчыма, яна з'явілася і раней. Так лічыць сённяшні настаяцель Сынковіцкай царквы Арханёла Міхаіла айцец Арсені, які сам раскажа пра гісторыю Сынковічаў.
Айцец Арсені працуе настаяцелем царквы ў Сынковічах нядаўна, усяго каля чатырох гадоў. Але за гэты час ён упарадкаваў храм, капліцу, тэрыторыю вакол храма, а таксама добра вывучыў яго гісторыю.
Айцец Арсені сцвярджае, што найбольш даследаваў Сынковіцкую царкву
святар Яўстафі Міхайлоўскі, які быў тут настаяцелем з 1871 да 1898 г. Ён зрабіў царкоўную агароджу, званіцу, сам рамантаваў дах. На сценах храма ён знайшоў напісы, датаваныя ХІІ, ХІІІ і ХІV стагоддзямі, а таксама два званы. На адным з іх было напісана: "Anno Domini 1460". Між іншым ніколі званы не замаўляліся задоўга да будаўніцтва храма. Напрошваецца думка: храм у Сынковічах у час вылівання звону ўжо мусіў існаваць і, можа, не адзін дзясятак гадоў. Царква ў Сынковічах унікальная тым, што яна захавалася такою, якою была пабудаваная, спалучаючы візантыйскую і заходнееўрапейскую традыцыі дойлідства.
У 1566 г. вёска Сынковічы належала багатаму чалавеку Зельвеншчыны – Івану Есьману. А ўжо ў канцы ХVІІІ ст. і да 1939 г. гэта была ўласнасць Пуслоўскіх.
Абсалютную бальшыню жыхароў Сынковічаў складалі сяляне. Перад рэформай 1861 г. і ў другой палове ХІХ ст. таварны характар у Сынковічах набыло садаводства і агародніцтва. У гэты час у вёсцы з'явілася першая крама. У пачатку ХХ стагоддзя (1905-1913 гг.) тут дзеіла вінакурня, а ў 1908 г. картуна займела нават паравы рухавік. І калі ў 1890 г. Сынковіцкі прыход, налічваў 1555 жанчынаў і столькі ж мужчынаў, то ў 1921 г. ў вёсцы было ўжо толькі 145 жыхароў. Шмат хто не вярнуўся з бежанства, загінуў у Першай сусветнай вайне і падчас савецка-польскае вайны. А што да Пуслоўскіх, дык яны ў 1939 г., за два тыдні да прыходу на Слонімшчыну Чырвонае Арміі, выехалі ў Англію. Пра гэта і пра ўсё іншае настаяцель храма айцец Арсень шмат цікавага распавядае турыстам.
Наведнікі Сынковічаў пабываюць яшчэ ў купелі, скупнуцца там, адведаюць вады са святой сынковіцкай крыніцы. Адтуль іх шлях пройдзе да фермера Міхаіла Макея. Вельмі цікава і ўтульна ўсім будзе ў яго агратурыстычным комплексе